«Міграцыйны крызіс быў падрыхтоўкай да вайны». Як ня спраўдзіліся крамлёўскія пляны

Мігранты на беларуска-польскай мяжы

У сувязі з вайной леташні міграцыйны крызіс, справакаваны Лукашэнкам, выглядае як «спэцапэрацыя», учыненая ім і Пуціным, як падрыхтоўка да сёлетняй вайны

Сьцісла

  • У сувязі з вайной леташні міграцыйны крызіс, справакаваны Лукашэнкам, выглядае як «спэцапэрацыя», учыненая ім і Пуціным, як падрыхтоўка да сёлетняй вайны.
  • Мэтамі Масквы ў леташнім міграцыйнымі крызісе былі раскол Эўразьвязу і абвастрэньне антымігранцкіх настрояў там напярэдадні меркаванай хвалі ўцекачоў ад вайны з Украіны.
  • Расколу ЭЗ дасягнуць не ўдалося
  • Эўразьвяз паставіўся да ўкраінскіх уцекачоў ад вайны інакш, чым да ўцекачоў з Азіі, якія летась уцякалі празь Беларусь у Эўропу.
  • Адна прычына — характар крызісу, летась ён быў відавочна штучны.
  • Другая — культурная блізкасьць украінцаў да Эўропы і значная культурная дыстанцыя паміж ёй і ўцекачамі з Азіі.

Сёньня спыніў працу пункт разьмяшчэньня мігрантаў у «Брузгах». Замежнікаў, якія там жылі, часова расьсялілі па гатэлях і санаторыях чакаць вывазных рэйсаў. Праўда, мабыць, ня ўсіх: нелегальна трапіць зь Беларусі ў Польшчу ўчора спрабавала рэкордная сёлета колькасьць мігрантаў — 134 чалавекі.

Аднак наўрад ці гэта пачатак новай хвалі міграцыйнага «наступу» Лукашэнкі на Эўропу, хутчэй — паказьнік завяршэньня гэтай «атакі». І інтэнсіўнасьць патоку мігрантаў, і яго памеры несувымерныя з тым, што было летась.

Цяпер леташні мігранцкі крызіс успрымаецца як падзея сівой даўніны — так шмат зьмяніла ў сьвеце вайна Расеі з Украінай.

Але ў сувязі менавіта зь цяперашняй вайной і той крызіс выглядае ў зусім іншым сьвятле. І тады выказваліся меркаваньні, што міграцыйная «атака» Лукашэнкі на Эўропу была «спэцыяльнай апэрацыяй» ня толькі і нават ня столькі яго, колькі Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея і Беларусь будуць адкінутыя на паўстагодзьдзя назад». Як беларусы ўжо сёньня застаюцца бяз працы і што будзе з эканомікай заўтра

Міграцыйная «спэцапэрацыя» ў Беларусі як падрыхтоўка да вайны

Цяпер, у сьвятле вайны, гэтае тлумачэньне выглядае больш абгрунтаваным.

Па-першае, таму, што дазвол, дадзены сёлета Лукашэнкам на разьмяшчэньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і на нанясеньне імі ўдараў па Ўкраіне, паказвае ступень яго несамастойнасьці. Цяпер расейцы з тэрыторыі Беларусі робяць што хочуць, пасылаючы ва Ўкраіну сваіх салдат і свае ракеты. Праўдападобным выглядае, што і летась Масква рабіла з тэрыторыі Беларусі што хацела, пасылаючы міграцыйны паток на захад.

А па-другое, цяпер, задняй датай, робяцца ясьнейшымі мэты Масквы ў міграцыйнай «спэцапэрацыі» з тэрыторыі Беларусі. Адна мэта была відавочная і тады — раскалоць Эўразьвяз, сутыкнуць ілбамі талерантную Заходнюю Эўропу і значна менш талерантную Ўсходнюю Эўропу.

Другой мэтай было абвастрэньне, актуалізацыя антымігранцкіх настрояў у Эўропе. Але тады гэтая мэта выглядала несфакусаванай, абстрактнай, як проста яшчэ адзін сродак падвышэньня грамадзкай напружанасьці ў краінах Эўропы.

Цяпер гэтая другая мэта леташняй міграцыйнай «спэцапэрацыі» выглядае нашмат больш практычнай — як частка падрыхтоўкі да сёлетняй «спэцапэрацыі», да сёлетняй вайны.

Калі ў Маскве плянавалі напад на Ўкраіну летась ці нават раней, то паток мігрантаў з Украіны на Захад маглі прадбачыць. А там, думалі крамлёўскія стратэгі, іх чакае нянавісьць да мігрантаў, сфармаваная падчас леташняй міграцыйнай «спэцапэрацыі», чакае мяжа на замку — тое самае, што чакала леташніх мігрантаў празь Беларусь з краінаў Азіі.

Калі б гэты разьлік спраўдзіўся, калі б Эўропа не пусьціла да сябе ўкраінскіх уцекачоў ад вайны, то гэта спарадзіла б дадатковы гуманітарны крызіс у Заходняй Украіне, дзе аселі б мігранты, якіх не пусьцілі б у ЭЗ.

Гэта таксама спарадзіла б і велізарную крыўду ва ўкраінцаў на Эўропу — нас кінулі, мы чужыя для Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: Украінцаў выратуе ад новага Гітлера толькі крушэньне новага Рэйха і сьмерць фюрэра, а не дамова зь ім

Як ня спраўдзіліся крамлёўскія пляны

Аднак дасягнуць не ўдалося ані першай, ані другой мэты. Дзеяньні Літвы і Польшчы адносна мігрантаў з Азіі, праўда, выклікалі ў Заходняй Эўропе пэўнае незадавальненьне. Але эўрапейская салідарнасьць аказалася мацнейшаю, да расколу ЭЗ леташняя мігранцкая атака не прывяла.

Яшчэ больш пераканаўчым быў правал па другой мэце. Паводле самых шчодрых ацэнак, празь Беларусь летась на працягу году спрабавалі трапіць у Эўропу і трапілі туды некалькі дзясяткаў тысяч мігрантаў з Азіі. Сёлета за няпоўны месяц у Эўропу выехалі больш за тры мільёны (!) украінскіх уцекачоў.

Таксама для параўнаньня: падчас міграцыйнага крызісу 2015–2016 гадоў у Эўропу трапіла прыкладна паўтара мільёна ўцекачоў з Азіі.

Эўропа павяла сябе інакш, чым адносна леташняга штучнага, рукатворнага міграцыйнага крызісу, памеры якога былі разоў так у сто меншыя, чым сёлетні.

Напэўна, характар крызісу — адно з тлумачэньняў, чаму рэакцыя была іншая. Летась Лукашэнка (і Пуцін, які стаяў за яго сьпінаю) арганізаваў, справакаваў міграцыйную «атаку», скарыстаўся намерамі ўцекачоў у сваіх палітычных мэтах. Менавіта штучнасьць таго крызісу была адной з прычын тагачаснай жорсткай рэакцыі Эўропы і найперш суседзяў Беларусі.

Цяперашні міграцыйны крызіс — натуральны, гэта натуральная рэакцыя ўкраінскага грамадзтва на сёньняшнюю вайну. Украінскія ўлады не заклікаюць іх уцякаць, не падштурхоўваюць да гэтага.

Аднак ня менш важны аспэкт — гэта, кажучы можа і крыху непаліткарэктна, але культурная дыстанцыя паміж жыхарамі Эўропы і мігрантамі з Азіі — і з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 этапаў мігранцкага крызісу, які пачаўся пагрозай Лукашэнкі, а скончыўся сьмерцю польскага дэзэртыра і закрыцьцём лягеру мігрантаў

Свае і чужыя

Аб’ектыўна кажучы, пакуты сырыйца ці сырыйкі, якія ўцякаюць ад грамадзянскай вайны, ня меншыя, чым пакуты ўкраінца ці ўкраінкі, якія ўцякаюць ад замежнага ўварваньня.

Але другія — для Эўропы свае, а першыя — не свае. У пэўным сэнсе, да пэўнай ступені, зразумела, але ў сэнсе і ступені абсалютна відавочных пры параўнаньні.

Вайна ва Ўкраіне — гэта вайна на ганку Эўразьвязу, гэта вайна ў Эўропе.

І ў пэўным сэнсе брама Эўропы, адчыненая для ўкраінскіх уцекачоў, — гэта і пэўнае перапрашэньне з боку Эўропы за тое, што ня можа зрабіць больш для Ўкраіны, што з палітычных меркаваньняў ня можа дапамагчы ёй збройнай сілай, каб ня выклікаць ядзерную вайну.

Ваяваць за Ўкраіну Эўропа не гатовая, ну дык хоць прыме яе ўцекачоў, прыме сваіх, прыме эўрапейцаў.

А калі так, калі мэты міграцыйнай «спэцапэрацыі» дасягнуць не ўдалося, то яе і згарнулі нават сымбалічна, зачыніўшы пункт разьмяшчэньня мігрантаў у «Брузгах».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.