«Каго ня звольнілі, таго скарацілі ці перавялі на 3-дзённы працоўны тыдзень»
Чытачка Свабоды працавала на ААТ «Элема» ў Менску. «Я была на выпрабавальным тэрміне. На пачатку сакавіка са мной разьвіталіся. Сказалі: складаная сытуацыя, няма продажу, невядома, што будзе далей. Звольнілі ня толькі мяне, але і тых, у каго падыходзіў да канца кантракт, хто трапіў пад скарачэньне. Іншых перавялі на 3-дзённы тыдзень», — кажа беларуска.
«Я працаваў на сумесным беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве дрэваапрацоўкі. Вытворчасьць закрываецца. Кіраўніцтва сказала нам: „Да пабачэньня“. Гэта некалькі соцень чалавек», — расказаў чытач Свабоды.
Засталася бяз працы фрылансэрка, якая займалася апрацоўкай відэа. Замежная кампанія спыніла супрацоўніцтва зь беларусамі. «Працаваць наўпрост з кліентамі немагчыма — не засталося спосабаў адпраўляць аплату на карткі беларускіх банкаў», — удакладніла яна.
Чытач Свабоды працаваў у кампаніі «Шате-М плюс», якая займаецца пастаўкай запчастак для аўто.
«Закрываюцца рэгіянальныя склады, работнікаў вымушаюць звальняцца на ўласнае жаданьне. Каб не плаціць кампэнсацыі, афіцыйна гэта не ліквідацыя складоў. Калі адмаўляесься звальняцца, тады пераводзяць на 0,1 стаўкі да канца кантракту. Пры звальненьні на ўласнае жаданьне абяцаюць кампэнсацыю ў памеры тысячы рублёў», — кажа беларус.
Таксама чытачы паведамляюць, што працу страцілі:
- некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія атрымлівалі аплату ад заказчыкаў праз расейскія карткі;
- уласьнікі дробнага бізнэсу: бо ўзьляцелі цэны на сыравіну, або яе немагчыма купіць (напрыклад, раней яе набывалі ў Эўразьвязе ці ва Ўкраіне);
- таргетолягі, якія працавалі на расейскіх кліентаў у Instagram ці Facebook;
- супрацоўнікі міжнародных кампаній, што займаюцца перавозкамі.
«Гэта міна запаволенага дзеяньня, крызіс будзе толькі нарастаць»
Эканаміст Аляксей Харкевіч суправаджаў у Беларусі розныя інвэстыцыйныя праекты.
«Ніводзін зь іх не меркаваў выкарыстоўваць беларускія ці расейскія тэхналёгіі. Можна ганарыцца беларускай „малочкай“, але яна мадэрнізаваная за кошт эўрапейскіх тэхналёгій. Малако запакоўваецца ў швэдзкі Tetra Pak, для сыроў выкарыстоўваюцца імпартныя бактэрыі і закваскі. У сельскай гаспадарцы ўсё трымаецца на імпартным насеньні. Ці засталося нешта ад свайго фонду насеньня, гэта вялікае пытаньне», — кажа эканаміст.
Ён кажа, што Беларусь за 30 гадоў прайшла вялікі шлях, каб убудавацца ў сусьветную эканоміку. «Цяпер, калі разарваць гэты ланцужок, выйдуць са строю не 1-2 зьвяны, а прыкладна палова ланцужка. Вярнуць як было ні праз год, ні празь дзесяць будзе немагчыма. Расея і Беларусь будуць адкінутыя на паўстагодзьдзя назад — у тыя часы, па якіх так настальгуюць нашы бабулі і дзядулі», — кажа Аляксей.
Ён лічыць, што беларускую эканоміку чакае каляпс, асабліва калі беларускія войскі пойдуць ва Ўкраіну.
«Мы ж мяжуем з Украінай. І пасьля васьмі гадоў канфлікту Расеі і Ўкраіны былі такой своеасаблівай „пракладкай“ у нафтавай сфэры. Было шмат напрацавана схем гандлю палівам празь беларускія НПЗ. Цяпер гэта ўсё бурыцца, гэта вялікія страты для бюджэту, калясальныя сумы. Значыць, пацярпяць і бюджэтнікі, бо ў нашай эканомікі моцны сацыяльны складнік», — кажа эканаміст.
«Непрыемнасьці» чакаюць і міжнародныя перавозкі. «Мы разьвілі лягістыку, станавіліся такім хабам. А што будзе цяпер, калі мы ня можам ехаць ва Ўкраіну, краіны Эўропы? Каму мы патрэбныя? — задаецца пытаньнем эканаміст. — І вялізная фінансавая праблема, калі немагчыма правесьці плацяжы. Гэта тычыцца ўсіх, хто працуе на Эўропу. Сёньня яшчэ, можа, і працуюць, але заўтра эўрапейцы не захочуць мець справы зь беларусамі, у тым ліку праз складанасьці з праводам аплаты».
«Голаду пакуль ня будзе»
Эканаміст прагназуе праблемы і ў будаўнічай сфэры, бо тэхніка (пагрузчыкі, бульдозэры, асфальтаўкладчыкі) і інструмэнт закупляецца ў краінах Захаду, Японіі ці ЗША.
«У нас проста няма такой якаснай тэхнікі. Ну, пакуль тэхніка ёсьць, пакуль працуе. А запчасткі для яе дзе браць? Будзе падаць узровень жыцьця. Гэта пацягне за сабой зьніжэньне попыту на жытло, сацыяльныя аб’екты. А ў нас шмат працуе людзей у сфэры будаўніцтва, і яны мелі для Беларусі адносна добрыя прыбыткі», — зазначае Аляксей Харкевіч.
Кажучы пра прадукты харчаваньня, Аляксей ужывае выраз «адтэрмінаваныя рызыкі» і прагназуе, што пакуль голаду ў Беларусі ня будзе.
«Базавыя прадукты будуць. Але шмат чаго ў Беларусі проста не вырошчваецца, імпартуецца. Напрыклад, тая ж рыба, апэльсіны, дый вялікі пералік іншых тавараў. Ёсьць такая тэорыя, што калі людзі бяднеюць, яны павялічваюць ужываньне базавых прадуктаў. Будзем за кошт сваёй бульбы выжываць. Прыйдзецца перагледзець рацыён харчаваньня. Але сёньня яшчэ сытуацыя не крытычная», — дадаў Аляксей Харкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз двух тапельцаў. Ці выратуе Расея беларускую эканоміку, калі і сама ідзе на дно? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі дэфолт ужо адбыўся, Беларусь — на чарзе. Ацэнка расейскага эканаміста ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь напэўна «нырне» у крызіс разам з Расеяй — меркаваньне эканаміста