Пасьля чарговага выступу Ўладзіміра Зяленскага большая частка маіх суайчыньнікаў зноў пачне абмяркоўваць, на якіх умовах можна скончыць вайну, ці мэтазгодна замяніць пэрспэктыву эўраатлянтычнай інтэграцыі якімі-небудзь іншымі гарантыямі бясьпекі, ці можна ахвяраваць тэрыторыямі, пры чым тут рэфэрэндум і ці можна яго праводзіць падчас вайны...
Піша ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне кампрамісаў з Расеяй будзе вырашацца на рэфэрэндуме — ЗяленскіЯ выдатна разумею ўладу, якая хоча хутчэй скончыць гэтую жахлівую вайну. Я цудоўна разумею кожнага палітыка, які хоча захаваць свае пэрспэктывы на будучыню. Я цудоўна разумею кожнага ўкраінца, які хоча вярнуцца да мірнага жыцьця. Жадае, каб яго дзеці вярнуліся да мірнага жыцьця.
Але я не прадстаўнік улады, не палітык, які задумваецца пра пэрспэктывы, я нават не этнічны ўкраінец. Таму я мушу гаварыць пра рэальнасьць.
Падчас Другой Сусьветнай вайны габрэі таксама думалі, як выжыць пад Гітлерам. Гэта натуральна. Хтосьці спадзяваўся, што гітлераўцы проста пераселяць яго зь сям’ёй у іншае месца — і забудуцца. Хтосьці думаў, што ён увогуле не габрэй, таму што нават яго бацькі ўжо былі не юдэямі, а хрысьціянамі — які ён габрэй! А нехта нават спадзяваўся, што ад сьмерці яго ўратуе супрацоўніцтва з забойцамі: калі ён сам стане ўдзельнікам зьнішчэньня ўласных суайчыньнікаў, яго ня будуць чапаць.
Згарэлі ўсе. Усе, да каго фюрэр мог дацягнуцца. Бо калі прымаецца рашэньне аб канчатковым рашэньні пытаньня, забіваюць кожнага — і таго, хто пярэчыць, і супрацоўнічае, і таго, хто ходзіць у сынагогу, і таго, хто наведвае царкву. Нават тых, каму падабаецца сама ідэалёгія фюрэра — забіваюць таксама. Можа, напрыканцы, але забіваюць.
Цяпер украінцы абсалютна ў такой жа сытуацыі — хоць многія тут і ў сьвеце гэтага не ўсьведамляюць, не жадаюць усьведамляць, як не жадалі ўсьведамляць у цёмныя гады Галакосту. Гаворка ідзе аб канчатковым рашэньні ўкраінскага пытаньня. Зьнішчаць усіх, да каго дацягнуцца. Мне не дапаможа тое, што я габрэй — таго, што я пішу гэтыя радкі на ўкраінскай мове і прызнаю сам факт існаваньня ўкраінскай нацыі, дастаткова для таго, каб я перастаў існаваць. Ніякаму «рускамоўнаму ўкраінцу» не дапаможа тое, што ён хоча і далей размаўляць на адной мове з Пуціным — самога факту таго, што ён лічыць сябе ўкраінцам і прызнае права іншых мець зносіны на ўкраінскай, ужо дастаткова. Заўважце: мабілізаваных з акупаванага Данбасу зараз гоняць перад рускай салдатнёй, выкарыстоўваюць як гарматнае мяса для палягчэньня баявых задач «сапраўдных арыйцаў». І нікога не цікавіць, ці хацелі гэтыя людзі жыць ва Ўкраіне, ці спадзяваліся, што Пуцін забярэ Данбас. А ўкраінскія грамадзяне ў Расеі — тыя, хто сьвядома абраў жыцьцё ў Расеі ўжо пасьля нападу ў 2014 годзе і думаў, што іх будуць лічыць сваімі? Чаму іх зараз арыштоўваюць, падазраюць, даводзяць да самагубства?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: Я ня буду зьневажаць беларусаў, як гэта робяць некаторыя мае суайчыньнікіПадчас канчатковага рашэньня ніякія тактыкі ратаваньня не спрацоўваюць. Апошнім загіне нават не Медзьвядчук. Апошняй загіне Валя Матвіенка са сваім дурным пэрманэнтам — таму што Пуцін такі ўспомніць, што яна з Шапятоўкі.
Дык што рабіць? Вы ўжо ведаеце. Ня жыць у ілюзіях. Ніякіх дамоўленасьцяў з Пуціным ня будзе, а калі будуць — дык будуць часовымі. Габрэяў выратаваў ад Гітлера ня пошук угавораў. Габрэяў выратавала ад Гітлера крушэньне Рэйху і гібель фюрэра. Толькі таму я маю фізычную магчымасьць вам гэта тлумачыць. Толькі таму. Але перад гэтым загінула палова маёй сямʼі, якая сьпіць у страшных ярах па ўсёй Украіне і на палях бітваў. Гэта цана за тое, што я магу гэта пісаць, за тое, што я магу проста дыхаць.
Украінцаў выратуе ад новага Гітлера толькі крушэньне новага Рэйху і сьмерць фюрэра. Украінцы ўжо зрабілі для гэтага больш, чым маглі. І нас падтрымлівае сьвет. Мы не дамовімся, мы не прагаласуем на рэфэрэндуме за невядома што. Мы проста пераможам, хоць і горкім коштам. Салёным коштам. Пераможам разам.
Вось чаму я так шаную падзьвіжніцтва кожнага, хто сёньня абараняе Ўкраіну на фронце і ў тыле. Хто дазваляе мне казаць вам гэтую неабходную ісьціну. Падзьвіжніцтва салдата, чальца тэрабароны, валянтэра. Падзьвіжніцтва кожнай маці, якая ратуе сваіх малых. Падзьвіжніцтва кожнага сына, кожнай дачкі, якая ратуе сваіх бацькоў. І Ўкраіну — гэта самае важнае.
Змагайцеся — пераможаце, вам дапамагае Бог. І беражыце ўкраінскіх дзяцей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.