Арабскі тэлеканал Al Jazeera апублікаваў матэрыял, у якім аналізуюцца сцэнары разьвіцьця вайны Расеі супраць Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны ўступіла ў чацьвёрты тыдзень, усё больш жорсткая рыторыка заходніх дзяржаваў на адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ня можа спыніць напады. Паводле ААН, больш за 600 цывільных украінцаў загінулі — але рэальная лічба, выглядае, большая. Загінулі тысячы вайскоўцаў з абодвух бакоў. Як далей можа разьвівацца сытуацыя?
Ваенная дрыгва
Украінскія сілы па-ранейшаму супраціўляюцца ўварваньню Расеі, наносячы ёй вялікія страты. Важна тое, што яны адбілі спробу дэсантнікаў захапіць сталіцу Кіеў у першыя дні канфлікту і з тых часоў адышлі на абарончыя пазыцыі, якія дазволілі ім захаваць кантроль над усімі стратэгічнымі гарадамі.
Нягледзячы на тое, што Расея доўгі час сьцьвярджала, што мае перавагу ў паветры, супрацьпаветраная абарона Ўкраіны, здаецца, усё яшчэ працуе, у той час як заходнія краіны пастаўляюць Украіне супрацьтанкавыя і зэнітныя ракеты.
«Расейскае ўварваньне ў асноўным прыпынілася на ўсіх франтах», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў чацьвер.
Але ў інтэрвію Al Jazeera Фрэнк Лэвідж, старшы выкладчык стратэгіі ва Ўнівэрсытэце Портсмуту, сказаў: «Расейскі наступ, з вайсковага пункту гледжаньня, дасягнуў кульмінацыі. Яны дайшлі да таго, да чаго маглі дайсьці з тым матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем і зброяй, якую яны прывезьлі ў краіну — гэта не абавязкова азначае, што яны спыніліся», — сказаў ён.
«Тое, што мы бачым цяпер, — гэта апэрацыйная паўза», — патлумачыў экспэрт.
«Таму яны будуць ліхаманкава працаваць, каб завезьці туды больш зброі і войскаў, разабрацца са сваім плянаваньнем і зразумець, што далей. Зразумела, што і ўкраінцы скарыстаюцца гэтай паўзай, таму мы пачынаем назіраць контратакі ўкраінскіх Узброеных сіл, якія, здаецца, маюць пэўны эфэкт», — адзначыў Фрэнк Лэвідж.
Паводле ацэнак выведкі Злучаных Штатаў, 7000 расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне загінулі, паведамляе The New York Times, хоць экспэрты кажуць, што да ўсіх такіх заяваў трэба ставіцца з асьцярогай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі ўлады адрэгавалі на чэргі і заклікалі грамадзян не скупляць цукар, грэчку, туалетную паперуЗаключэньне мірнай дамовы
Перамовы абодвух бакоў пачаліся празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны, спачатку на беларуска-ўкраінскай мяжы, потым у Турэччыне, а пазьней празь відэасувязь. Нарастаючыя страты на полі бою і жорсткія санкцыі Захаду могуць падштурхнуць Пуціна да пошуку выратавальнага спосабу спыніць канфлікт.
«Украіна, магчыма, зможа прымусіць расейцаў зрабіць выбар: працягваць і несьці непапраўныя страты, або адмовіцца і дасягнуць пэўнага кампраміснага міру», — цытуе агенцтва AFP Роба Джонсана, вайсковага экспэрта з Оксфардзкага ўнівэрсытэту.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у сераду, што абодва бакі «блізкія да пагадненьня», паводле якога Ўкраіна прыме нэўтралітэт на ўзор статусу Швэцыі ці Аўстрыі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўжо публічна прызнаў, што яго краіна ня будзе ўступаць у NATO, што зьяўляецца ключавым патрабаваньнем Крамля.
Але хоць шанцы на пагадненьне значна вырасьлі ў апошнія дні, няма ніякіх прыкметаў спыненьня агню. Украіна хоча поўнага вываду расейскіх войскаў і гарантыяў бясьпекі адносна сваёй будучыні. Некаторыя крытыкі Пуціна падазраюць, што дыпляматыя — гэта дымавая заслона. «Нагадаю, што для Пуціна «спыненьне агню» азначае проста «перазарадку», — адзначае расейскі палітык, былы чэмпіён па шахматах Гары Каспараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Расея акрэсьлілі плян спыненьня вайны, — Financial TimesЗрынаньне Пуціна
Пуцін узмацняе ўладу над расейскім грамадзтвам. Рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і замежных мэдыя замацавалі дамінаваньне ультраляяльных расейскіх дзяржаўных СМІ.
Тысячы антываенных дэманстрантаў былі арыштаваныя, а новы закон пагражае 15 гадамі пазбаўленьня волі за распаўсюд «фэйкавых навінаў» пра расейскую армію.
Ёсьць прыкметы расколу ў кіроўнай эліце. Некаторыя алігархі, дэпутаты і нават прыватная нафтавая група «Лукойл» адкрыта заклікаюць спыніць агонь і баявыя дзеяньні.
Нельга выключаць імавернасьць таго, што Пуцін будзе зрынуты ў выніку народнай рэакцыі або нават палацавага перавароту, хоць гэта і ня лічыцца вельмі імаверным на дадзеным этапе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Foreign Policy: Тры сцэнары заканчэньня вайны ва ЎкраінеРасейскі ваенны посьпех
На думку заходніх экспэртаў, Расея пры дапамозе сучаснага ўзбраеньня і перавагі ў авіяцыі можа дасягнуць і посьпеху.
Высокапастаўлены эўрапейскі вайсковы чыноўнік перасьцярог ад недаацэнкі здольнасьці Расеі папаўняць свае запасы зброі і адаптаваць сваю тактыку.
У іх, здаецца, ёсьць праблемы з матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем і маральным духам, з дэфіцытам дызэльнага паліва і нават маторных змазачных матэрыялаў, сказаў чыноўнік.
«Але ўсё гэта не адмяняе перавагі расейскіх вайскоўцаў», — сказаў ён.
Масква адкрыта вярбуе наймітаў у Сырыі для папаўненьня сваіх сілаў, а таксама выкарыстоўвае прыватную вайсковую кампанію Вагнэра.
Але нават калі б яны захапілі такія стратэгічныя гарады, як Кіеў ці Адэса, Пуцін сутыкнуўся б з праблемай іх акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Офісе Зяленскага расказалі, калі чакаюць спыненьня актыўнай фазы вайныРаспаўсюд канфлікту
Расея мяжуе з трыма былымі савецкімі дзяржавамі, якія цяпер зьяўляюцца чальцамі блёку NATO, а гэты блёк лічыць напад на аднаго чальца нападам на ўсіх.
Настальгія Пуціна па Савецкім Саюзе і яго абяцаньне абараняць расейскія меншасьці, якія жывуць у краінах Балтыі, пакінулі адкрытым пытаньне аб яго тэрытарыяльных амбіцыях.
Мала хто чакае, што Пуцін адкрыта нападзе на чальца NATO, што пагражае ядзернай атакай, але аналітыкі папярэджваюць аб правакацыях.
Пуцін загадаў прывесьці ў падвышаную баявую гатоўнасьць расейскія сілы ядзернага стрымліваньня, а міністар замежных спраў Лаўроў таксама папярэдзіў, што «Трэцяя сусьветная вайна можа быць толькі ядзернай вайной».
Заходнія аналітыкі кажуць, што такія папярэджаньні трэба ўспрымаць як перасьцярогу, каб утрымаць ЗША і Эўропу ад разгляду такіх ідэяў, як беспалётная зона над Украінай.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.