На побытавым узроўні за міралюбнасьцю і талерантнасьцю беларусаў, на жаль, нярэдка хавалася пасіўная агрэсія — так, паводле апытаньня «Тэст на грамадзянскасьць», праведзенага ў 2016 годзе, амаль тры чвэрці беларусаў лічылі для сябе непрымальным жыць побач зь ВІЧ-інфікаванымі і гомасэксуальнымі людзьмі. Каля траціны былі супраць суседзяў-імігрантаў, а кожны пяты не хацеў жыць побач зь людзьмі, якія размаўляюць на іншай мове ці адносяць сябе да іншай рэлігіі. Але ўсё гэта былі «ўнутраныя праблемы» беларусаў і на міжнародны імідж яны асабліва не ўплывалі.
Мы звыклі да таго, што нас усе любяць і шкадуюць, а ў 2020 годзе любіць нас сталі нават тыя, хто раней і ня ведаў пра існаваньне нашай краіны. І калі тысячы людзей сталі ўцякаць зь Беларусі, яны (мы) аказаліся дужа прывілеяванымі ўцекачамі. У шэрагу краін нам вельмі лёгка давалі (і даюць) статус уцекача, людзі па ўсім сьвеце зьбіралі для нас грошы, у нашую падтрымку выходзілі на вуліцы ў шмат якіх краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дапусьціць стыгматызацыі беларусаў у сьвеце». Што робіць штаб Ціханоўскай, каб адказнасьць за вайну не ўскладалі на ўсіх беларусаўКалі ў 2021 годзе дзеля арышту Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі беларускія ўлады вымусілі сесьці ў Менску самалёт, на якім былі грамадзяне розных краін, уся злосьць людзей была накіравана на самі ўлады. Падтрымка беларускіх уцекачоў ад гэтага ня зьменшылася, а, хутчэй, наадварот — інцыдэнт з самалётам стаў яшчэ адным доказам, што рэпрэсіўная беларуская машына ня спыніцца ні перад чым.
А потым пачалася вайна ва Ўкраіне, і ўсё зьмянілася. Цяпер мы ня бедныя-няшчасныя ахвяры рэжыму Лукашэнкі, а прадстаўнікі краіны, якая, разам з Расеяй, удзельнічае ў агрэсіі — зь яе тэрыторыі расейскія самалёты вылятаюць бамбіць Украіну, зь Беларусі запускаюцца расейскія крылатыя ракеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня блытайце беларусаў і рэжым Лукашэнкі», — галоўная тэма візыту Ціханоўскай у ЛёнданЦяпер мы сталі людзьмі, якім у эўрапейскіх (і ня толькі) краінах кажуць, што лепей бы нам вяртацца на радзіму і змагацца з рэжымам Лукашэнкі. Цяпер мы — не ахвяры дыктатуры, а пасобнікі рэжыму, якія мазоляць іншым вочы. Мы сталі людзьмі нявартымі спачуваньня і тым больш павагі. Нас абвінавачваюць у тым, што мы супрацоўнічаем з рэжымам, і ігнаруюць нашы тлумачэньні пра тыранію, катаваньні і двайную акупацыю Беларусі.
Мы так стараліся мець добры імідж і хацелі каб нас любілі, але гэта не дапамагло. І мы спрабуем вярнуць сабе той самы імідж, бо аказацца ў двайной пастцы беларускіх рэпрэсій і сусьветнай нянавісьці — тое яшчэ задавальненьне. Раней мы радаваліся, што нас суседнія краіны прымаюць больш ветліва, чым сырыйцаў і курдаў, а цяпер мы сталі для Эўропы яшчэ горшымі за іх. Бо з нашай краіны могуць пачаць абстрэльваць Латвію, Літву і Польшчу, а мы гэтага не прадухілілі.
На побытавым узроўні на нас цяпер шмат каму пляваць, і гэта абсалютна прадказальна. Ксэнафобія і нянавісьць так і працуюць — ні ў кога няма імунітэту. Учора мы былі прывілеяванымі і сьмелымі героямі, а сёньня мы — памагатыя рэжыму Лукашэнкі, які ўдзельнічае ў вайне на баку агрэсара. І пляваць, як менавіта асобна ўзятыя я або вы супраціўляліся рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзеБо важна ня тое, як мы стараліся, а тое, чаго мы дабіліся. І таму цяперашнія беларускія героі — гэта людзі, якія рэальна замінаюць працаваць расейскаму войску, затрымліваючы падвоз ракет і іншай вайсковай тэхнікі.
А як народ мы за пару тыдняў у вачах сьвету ператварыліся са звышлюдзей у недачалавекаў. Крыўдна? Яшчэ як! Але трэба разумець: сьвет не зьмяніўся. Гэта ўсё той самы сьвет, дзе людзям даюць прывілеі ці адмаўляюць у праве на фізычную бясьпеку проста праз краіну нараджэньня і ігнаруючы дэталі.
Проста мы апынуліся ў іншай частцы матрыцы і вярнуцца ў былую здолеем тады, калі ўсё ж пераможам рэжым. Нас абавязкова зноў палюбяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.