Сокі, соўсы, шакаляд. Адсутнасьць якіх украінскіх тавараў дакладна заўважаць беларусы

Украінскія прадукты на вулічным рынку ў Гомелі

Гэтыя звыклыя для беларусаў прадукты могуць зьнікнуць з паліц беларускіх крамаў у выніку вайны ва Ўкраіне.

Украіна была адным з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі. Шмат гадоў Беларусь пастаўляла ва Ўкраіну нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, электрычнасьць. А Ўкраіна прадавала ў Беларусь шмат прадуктаў харчаваньня. Летась Беларусь закупіла ва Ўкраіне тавараў на 1,4 мільярда даляраў. Цяпер многія ўкраінскія прадукты могуць зьнікнуць з паліц беларускіх крамаў. Вось якія зьвесткі дае Белстат.

Украінская бульба

Летась Украіна прадала ў Беларусь бульбы на 4,9 мільёна даляраў. Гэта 42% ад агульнай колькасьці бульбы, якую Беларусь закупіла за мяжой. У Расеі летась Беларусь закупіла бульбы ўдвая меней.

Сьвежыя ягады

Украіна — адзін з асноўных пастаўшчыкоў сьвежых ягад у Беларусь. Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне сьвежых ягад на 2,3 мільёна даляраў. Гэта 34% агульнага абʼёму паставак гэтага тавару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах

Жыта

Летась Беларусь закупіла жыта на 3,6 мільёна даляраў. 38% ад гэтага — ва Ўкраіне. Менавіта з жыта робяць муку, якая ідзе на вытворчасьць хлеба.

Кукуруза

Украіна ў мінулым годзе прадала Беларусі кукурузы на 10,4 мільёна даляраў. Гэта 17% ад агульнай колькасьці прывезенай у Беларусь летась кукурузы.

Соевыя бабы

Украіна — асноўны пастаўшчык соевых бабоў у Беларусь. Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне 70% ад агульнай колькасьці імпарту гэтага прадукту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі скупляюць соль і цукар. Як на беларускім гандлі адбіліся вайна ва Ўкраіне, санкцыі і закрыцьцё межаў

Кансэрваваныя малюскі

Украіна пастаўляла ў Беларусь кансэрваваныя крэвэткі, мідыі, кансэрвы зь іншых ракападобных і малюскаў. Летась Беларусь закупіла гэтых тавараў на 18,5 мільёна даляраў, траціну — ва Ўкраіне.

Шакаляд

Кандытарскія вырабы з Украіны — таксама раней часта можна было заўважыць на паліцах беларускіх крамаў. Летась Беларусь закупіла шакаляду на 129,7 мільёна даляраў. 7% з гэтага — ва Ўкраіне.

Макарона

Украіна пастаўляла ў Беларусь макарону. Летась 17% ад агульнай колькасьці макароны, завезенай у Беларусь, прывезьлі з Украіны.

Хлеб ды іншыя кандытарскія вырабы

І нават хлеб Беларусь закупляла ва Ўкраіне. Так, летась на долю Ўкраіны прыпала 12% беларускага імпарту хлеба і кандытарскіх вырабаў. Апроч хлеба — гэта печыва, вафлі ды іншыя кандытарскія вырабы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым захоўваць грошы і як выжыць у крызіс. Раяць эканамісты

Сокі

Частка сокаў, якія прадаваліся ў беларускіх крамах, — таксама ўкраінскай вытворчасьці. Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне сокаў на 5,8 мільёна даляраў. Гэта 18% ад агульнай колькасьці імпартаваных сокаў у мінулым годзе. Напрыклад, асноўным пастаўшчыком яблычнага соку летась была Ўкраіна — 61,9% ад агульнага імпарту гэтага прадукту.

Соўсы

Украінскія маркі соўсаў добра знаёмыя беларусам. Летась 13,8% завезеных у Беларусь соўсаў і кетчупаў былі вырабленыя ва Ўкраіне.

Піва

Украінскае піва часта можна было пабачыць на паліцах беларускіх крамаў. Летась 10% завезенага ў Беларусь імпартнага піва было з Украіны.

Сланечнікавы алей

Украіна — адзін з асноўных пастаўшчыкоў сланечнікавага алею ў сьвеце. Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне сланечнікавага алею на 10,4 мільёна даляраў. Але ўсё ж асноўным яго пастаўшчыком у Беларусь застаецца Расея — летась гэтага прадукту там набылі на 115 мільёнаў даляраў.