Аказалася, што Ўласік быў у міжнародным вышуку. Крымінальную справу завялі за нясплату падаткаў, але сам Уласік лічыць, што яна зьвязаная зь ягонай актыўнасьцю пасьля выбараў.
9 сакавіка 2022-га беларус выйшаў на волю. Цяпер ён у Варшаве. Сваю гісторыю Валянцін расказаў Свабодзе.
«Бачыш адно, а чуеш іншае»
Валянцін Уласік родам з Салігорску. Менавіта там спрабаваў рабіць бізнэс, ажаніўся.
«У мяне была ўласная фірма, я прадаваў сьвятлодыёднае абсталяваньне, аказваў паслугі ў лягістыцы, крыху займаўся мэталаканструкцыямі. Лукашэнка выбудаваў такую сыстэму, якая не дае грамадзянам спакойна дыхаць. І гэта я зразумеў яшчэ вельмі даўно, мабыць, у 2005 годзе, калі прыйшоў з арміі», — успамінае мужчына.
Сваёй галоўнай прэтэнзіяй да ўлады ён называе адсутнасьць стабільнасьці ў краіне, калі праз інфляцыю і дэвальвацыю многія ці страчвалі бізнэс, ці гублялі вельмі вялікія грошы.
«Калі былі нейкія эканамічныя мітынгі, то я прыходзіў, падтрымліваў людзей. У 2011-м быў моцны крызіс, рос даляр, стварыўся яго дэфіцыт. Было брыдка слухаць у дзяржаўных СМІ, што валюта ў абменьніках ёсьць, але ў рэальнасьці яе нідзе не было. Быў такі ўнутраны дысананс, калі бачыш адно, а чуеш іншае».
Уласік кажа, што праблемы зь сілавымі структурамі ў яго пачаліся пасьля скандальнага закону «аб дармаедах», калі ён адмовіўся прымаць на сваю фірму людзей з раённай біржы працы.
«Праз год адчуў, што дзяржаўныя кампаніі вельмі моцна затрымліваюць грашовыя пераводы за аказаныя паслугі — затрымкі былі па 3–6 месяцаў. А потым сказалі, што мной цікавяцца органы — міліцыя, падатковая. Праводзілі праверку па фірме, давялося ўзяць паўзу ў бізнэсе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вугоршчыны адмовіліся ад экстрадыцыі беларуса, які быў валянтэрам на Акрэсьціна«9 жніўня ўся машына была ў крыві»
Валянцін кажа, што яму вельмі балюча ўзгадваць падзеі 2020 году. Расказвае, што доўга працаваў з псыхолягам.
У ініцыятыўных групах кандыдатаў Уласік ня быў. На той момант ён працаваў у таксі. Вырашыў, што карысным можа быць, развозячы людзей, якія ўцякалі ад затрыманьняў. Рабіў гэта яшчэ да выбараў. Потым у ноч выбараў і ў наступныя дні дзяжурыў пад Акрэсьціна.
«9 жніўня ў мяне ўся машына была ў крыві. Калі сёньня глядзець на падзеі ва Ўкраіне, то я ня бачу вялікай розьніцы з падзеямі 2020 году ў Беларусі. Там разбураюць ракетамі дамы, а ў Беларусі зьдзекаваліся зь людзей — падступна, жорстка, неймаверна. Рабілі гэта расейскія сілавікі, я ўпэўнены ў гэтым. Ведаеце, адчуваецца розьніца ў гаворцы беларуса і расейца, я быў у Расеі шмат разоў, ведаю, пра што кажу».
Валянцін Уласік кажа, што 10 жніўня быў ля «Кароны» на Кальварыйскай. Бачыў, як у людзей стралялі, кідалі сьвятлашумавыя гранаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вугоршчыне затрымалі валянтэра, які дапамагаў каля ІЧУ на Акрэсьціна, яму пагражае экстрадыцыя«Людзі не маглі ўспомніць адрасы»
Суразмоўца кажа, што ў тыя дні спаў па 3–5 гадзін. 2–3 гадзіны сыходзілі на тое, каб папрацаваць, зарабіць на паліва для аўто, а ўвесь астатні час ён развозіў па дамах людзей, якія ці ўцякалі пасьля акцый пратэсту, ці выходзілі на волю з Акрэсьціна.
«Памятаю, як пачалі людзей выпускаць з ізалятара, калі туды прыяжджаў Барсукоў, да мяне людзі садзіліся, яны ня ведалі, куды ехаць. Адзін неяк успомніў мабільны жонкі, а другі нічога ня мог успомніць, мы сядзелі дзьве гадзіны на запраўцы, я паіў яго кавай. Такі моцны шок быў, што ня мог нічога ўспомніць».
«У кішэні было 20 эўра»
Зь Беларусі Ўласік зьехаў 3 верасьня, за некалькі дзён да гэтага да яго дадому прыйшлі зь ператрусам, забралі кампутар. Самога Валянціна дома не было, гэта ўратавала ад затрыманьня.
«Я зьехаў пасьля шэсьця 30 жніўня, на дзень нараджэньня нашага вусатага героя. Калі падыходзілі да Палаца Незалежнасьці, то я быў у першай лініі, ля самай абарончай сьцяны амапаўцаў. Мабыць, там мяне і зазьнялі».
Сябры дапамаглі хутка зрабіць гуманітарную візу, Валянцін не заходзіў дадому па рэчы. Кажа, што на той момант у ягонай кішэні было ўсяго 20 эўра.
«У Польшчы я доўгі час адыходзіў ад усяго гэтага. На 14-дзённым карантыне я проста ляжаў у хостэле, нікуды не выходзіў. Спаў і думаў пра людзей у турмах, было балюча за іх. Калі крыху адаптаваўся, то пачаў займацца адкрыцьцём фірмы па перавозках. Знайшоў інвэстараў, гатовых дапамагчы з купляй аўто ў лізінг. Хацеў ствараць рабочыя месцы для беларусаў», — кажа мужчына.
«Паказаньні судовай выканаўцы не ўлічылі»
Крымінальную справу на Ўласіка завялі за нясплату алімэнтаў.
«У 2013 годзе я разьвёўся з жонкай, яна працуе настаўніцай фізкультуры. Я з 2008 году прыняў рашэньне зарабляць самастойна, а не пры дапамозе дзяржавы. У мяне ёсьць рукі, ногі, галава. А жонка глядзела больш у бок дапамогі дзяржавы — дадуць крэдыт, пабудуюць кватэру. На фоне гэтага ў нас таксама ўзьнік сямейны крызіс, і мы прынялі рашэньне разьвесьціся».
Суразмоўца кажа, што ў яго былі на руках неабходныя дакумэнты па выплаце алімэнтаў, што ўсё гэта ён кантраляваў з судовай выканаўцай, якая казала, што можна выплачваць па меры магчымасьці, калі няма стабільнай крыніцы даходу. Аднак на судзе яе паказаньні ўлічаныя не былі, кажа Ўласік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча за паўтара года прыняла 26 тысяч беларусаў, якія выехалі з краіны ад рэпрэсій«Максымум на 10 сутак затрымаюць»
Сваё рашэньне паехаць у Вугоршчыну Ўласік называе «глупствам праз адсутнасьць досьведу».
«Для Вугоршчыны ў прыярытэце інтарэсы Расеі. Я ўжо ўсьведамляў, што мяне могуць выдаць Беларусі. Гэта страшна казаць, але я выйшаў на волю толькі таму, што Расея напала на Ўкраіну. Інакш бы я сядзеў і далей, або мяне б адправілі ў Беларусь», — перакананы мужчына.
Ён лічыў, што яго затрымаюць максымум на 10 сутак, а пасьля пабачаць, што справа хоць і бытавая, але мае палітычны падтэкст. Але ішлі дні, а затым і месяцы, і нічога не зьмянялася.
У лістападзе Ўласіка ў Беларусі асудзілі на адзін год зьняволеньня. У сьнежні вугорскі суд прыняў рашэньне ўтрымліваць яго ў зьняволеньні да 30 ліпеня 2022 году.
У зьняволеньні Ўласік напісаў прашэньне на атрыманьне палітычнага прытулку ў Польшчы. Польскі бок пайшоў насустрач, прасіў вугорскі МЗС выдаць ім Уласіка, але справа ня зрушвалася зь мёртвага пункту.
«9 сакавіка быў паўторны суд, дзе было сказана, што ў дакумэнтах, дасланых зь Беларусі, няма адказаў на многія пытаньні — дзе я там буду ўтрымлівацца, у якіх умовах, ці будуць супраць мяне ўжывацца катаваньні. І вось цяпер я размаўляю з вамі».
Валянцін кажа, што вельмі яго падтрымаў Алесь Міхалевіч, які аказвае юрыдычную дапамогу беларусам за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі аказваць дапамогу, то лепей сваім, чым ворагам», — каардынатарка Фонду мэдсалідарнасьці пра беларускіх мэдыкаў падчас вайны«Людзі ў беларускіх турмах мне б пазайздросьцілі»
У ізалятары на Акрэсьціна Валянцін Уласік адбываў 15 сутак у 2017 годзе. Кажа, што вугорская турма выйграе па ўсіх паказьніках, але лёгкім выпрабаваньнем яе назваць ня можа.
«Я вельмі далікатна стаўлюся да ежы, пасьля турмы ў мяне моцны гастрыт. Ранкам прыносяць палову батона, а таксама ёгурт ці кефір, можа быць маленькі кавалачак варанай каўбасы. На абед быў суп — вада зь нечым, на другое — макарона зь нечым падобным да фаршу, кавалачак шампіньёна. Выбару не было, даводзілася есьці».
Пры гэтым ён кажа, што правы ягоныя ніяк не прыцясьняліся, ён быў у камэры на трох чалавек. Турма была закрытага тыпу, на ўскрайку Будапэшту.
«Турма нікога не выбірае. У суседняй камэры быў чалавек з аднаго з вугорскіх міністэрстваў. Там былі і алігархі, не было асобнай віп-камэры ні для кога. Толькі ў апошні дзень мяне пасадзілі ў камэру з тымі, хто курыць, а я не куру. Гэта было самае нязручнае і дыскрымінацыйнае. У іх усё працуе, законы выконваюцца, але ўсё марудна. Любы чалавек, які знаходзіцца ў зьняволеньні ў Беларусі, мне б пазайздросьціў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які чакае экстрадыцыі з Расеі за ўдзел у пратэстах 2020 году«Столькі часу прайшло — усё страчана»
Вугорскай мовы за сем месяцаў зьняволеньня Валянцін вывучыць ня змог, затое асвоіў ангельскую.
«Я чалавек сыстэматычны, разумеў: калі мне тут быць надоўга, то трэба вывучыць мову, знаходзіць узаемапаразуменьне зь людзьмі. Я купіў асадку, сшытак. І ўсе словы па-ангельску, якія чуў, запісаў у сшытак, стаў вольна гаварыць ужо праз тры месяцы».
Уласік прызнаецца, што ў Варшаве пакуль пачуваецца трохі разгубленым. Кажа, што нават да канца ня ведае, дзе начаваць, дзе браць грошы.
«Мне было балюча знаходзіцца ў зьняволеньні, я вельмі люблю свайго сына, ён плакаў і перажываў. Мама мая ня ведала, дзе я быў, яна падтрымлівае Лукашэнку.
Столькі часу прайшло — усё страчана. Я толькі пачаў працаваць, адкрываць сваю справу. Я чалавек прадпрымальны, 4–5 дзён трэба прабыць у такой прасадцы, а потым пойдзе рост», — упэўнены Валянцін Уласік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Нямеччыне справа Пуцілы нават не дайшла б да суду». Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі