На партале pravo.by зьявілася рашэньне віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, у якім замацоўваецца падняцьце падатку на прыбытак адразу для ўсіх катэгорый платнікаў.
Згодна са 184-м артыкулам Падатковага кодэксу, стаўка падатку на прыбытак складае 18%. Цяпер у Віцебскай вобласьці яна будзе складаць 20% — стаўку павышаюць на 2%. Пры гэтым Віцебская вобласьць у шэрагу эканамічных паказчыкаў адна з найгоршых у краіне. Напрыклад, у сярэднім заробку.
Эканамісты не выключаюць, што гэта распаўсюдзіцца і на іншыя вобласьці Беларусі. У гэтым рашэньні ёсьць пэўная лёгіка, мяркуюць яны.
«Паколькі ў будучыні прыбыткі істотна скароцяцца, то эфэкту ад павышанага збору падаткаў будзе мала, а вось сабраць трохі дадатковых грошай за першы квартал 2022-га можна — нехта нейкі прыбытак за студзень-люты пасьпеў назапасіць», — сказаў «Нашай ніве» эканаміст BEROC Дзьмітры Крук.
«У бізнэс-колах ёсьць сумны жарт, што ў Беларусі дзяржава імгненна прыходзіць на выручку бізнэсу — як толькі выручка паступае на рахунак. Гэта да таго, што звычайна ў цяжкія часы ў краінах з разумнай уладай бізнэс спрабуюць падтрымаць, а не наадварот, выцягнуць зь яго апошняе», — рэзюмаваў Крук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ёсьць пагроза жыцьцю, то ня думаеш пра нізкія падаткі». Былы чыноўнік Яўген Буры расказаў пра беларускі бізнэс за мяжой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфолт Беларусі ў 2022 годзе не пагражае, — эканаміст Раманчук