«Мусім крычаць пра Марыюпаль». Што вядома пра сытуацыю ў горадзе, які два тыдні жыве ў расейскай блякадзе пад абстрэламі

Блякадны Марыюпаль пад расейскімі абстрэламі. 14 сакавіка 2022

Марыюпаль знаходзіцца ў блякадзе з 2 сакавіка. Гэта найбуйнейшы на ўзьбярэжжы Азоўскага мора ўкраінскі горад, у якім да вайны пражывалі звыш 400 тысяч чалавек. У 2012 годзе ён быў прызнаны найбольш камфортным для пражываньня горадам ва Ўкраіне.

Цяпер гэты горад сыстэмна зьнішчаюць расейскія ракеты і бомбы, на яго ўскраінах ідуць баі. Увечары 15 сакавіка стала вядома, што Марыюпаль пачалі абстрэльваць і з мора.

Гуманітарныя грузы не даходзяць

Цягам гэтых двух тыдняў украінскія ўлады намагаюцца арганізаваць гуманітарны калідор, каб у горад увезьці харчы і лекі, а на зваротным шляху эвакуяваць мясцовых жыхароў, якім патрэбна тэрміновая дапамога.

Але гуманітарны груз, адпраўлены некалькі дзён таму, так і не даехаў — кожны дзень ён выпраўляецца зь Бярдзянску, але потым вяртаецца назад, бо дарогу абстрэльваюць расейскія войскі. Адзінае, што дазволілі расейскія войскі, — выехаць жыхарам на сваім аўтатранспарце. Паводле намесьніка кіраўніка Офісу прэзыдэнта Кірыла Цімашэнкі, за апошнія два дні гэтай магчымасьцю скарысталіся каля 20 тысяч асобаў.

Запароская абласная вайсковая адміністрацыя ўдакладніла, што ў ноч на 16 сакавіка ў Запарожжа з Марыюпалю дабраліся 3207 аўтамабіляў. Больш за 3000 грамадзян, у тым ліку 772 дзіцяці, ужо расьсялілі. Кожны атрымаў дапамогу, калі меў патрэбу ў ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Марыюпалі афіцыйна вядома пра 2357 загінулых у выніку расейскіх абстрэлаў. Мэрыя мяркуе, што ахвяраў нашмат больш

Колькасьць ахвяр падлічыць немагчыма

З 2 сакавіка ў горадзе спынілі працу практычна ўсе мясцовыя сродкі інфармацыі. Навіны пэрыядычна публікуе тэлеграм-канал Марыюпальскай гарадзкой рады, дарадца мэра Пятро Андрушчанка і кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

Афіцыйна прызнана, што колькасьць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва набліжаецца да трох тысяч. Але праўдападобна, што іх істотна больш.

15 сакавіка стала вядома, што расейцы захапілі ў Марыюпалі абласную лякарню інтэнсіўнага лячэньня. Аб гэтым пасьпеў паведаміць уладам адзін з супрацоўнікаў мэдычнай установы.

«Зь лякарні немагчыма выйсьці. Моцна страляюць, сядзім у падвале. Машыны да лякарні ня могуць пад’ехаць ужо двое сутак. Навокал гараць шматпавярховікі... У нашу лякарню расейцы нагналі 400 чалавек з суседніх будынкаў. Выйсьці нам нельга».

Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка паведаміў, што днямі расейскія войскі практычна зруйнавалі гэтую мэдустанову.

«У асноўным корпусе разбурылі пліты перакрыцьця. Але пэрсанал і пацыенты працягвалі там знаходзіцца ў прыстасаваным падвальным памяшканьні — працаваць і лячыцца. Расейскім нелюдзям мала руйнаваньня, цяпер яны зрабілі з людзей закладнікаў», — кажа Паўло Кірыленка.

Улады цяпер спрабуюць удакладніць інфармацыю аб тым, што расейцы захапілі і іншыя лякарні Марыюпалю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыюпаль да і пасьля расейскіх абстрэлаў. ФОТА

«Мы ня хочам быць героямі і пакутнікамі»

Вайсковыя мэдыкі зьвярнуліся па дапамогу, бо ўжо ня маюць мэдыкамэнтаў, каб ратаваць людзей.

«Кожная бомба, „Град“, руйнаваньні — гэта ня проста раненьні. Гэта адарваныя рукі і ногі, выбітыя вочы, разарваныя аскепкамі целы, выпадзеньне вантробаў... Я разумею, гэта балюча слухаць, бо сярод параненых і загінулых, магчыма, вашы сваякі і блізкія. Але слухайце, бо вы мусіце разумець сытуацыю і дзейнічаць. Нагадваць пра Марыюпаль. Крычаць пра яго! Бо мы ня хочам быць героямі і пакутнікамі пасьмяротна», — кажа лекарка.

«Разблякуйце і закрыйце неба!», — заклікала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 мільёны ўцекачоў з Украіны; Пуціна ў ЗША прызналі ваенным злачынцам. 21-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.