«Пра беларусаў забыліся». Чаму ўцекачы-беларусы з Украіны не атрымалі такой падтрымкі ў Польшчы, як украінцы

Першы дзень вайны, 24 лютага 2022: уцекачы на пешым пераходзе Шагіні на ўкраінска-польскай мяжы

На мінулым тыдні польскі парлямэнт прыняў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія ўцяклі ў Польшчу пасьля расейскага ўварваньня на тэрыторыю ўкраінскай дзяржавы. Закон, аднак, не датычыць уцекачоў з Украіны, якія ня маюць украінскага грамадзянства, у тым ліку беларусаў.

Сэнат хацеў узяць пад увагу і беларусаў, але Сэйм не пагадзіўся

Закон аб дапамозе ўкраінскім уцекачам легалізуе знаходжаньне грамадзян Украіны (і іх сужэнцаў, якія ня маюць украінскага грамадзянства) у Польшчы на тэрмін 18 месяцаў ды акрэсьлівае рамкі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі ўцекачам з боку польскай дзяржавы ў гэты пэрыяд.

Закон, аднак, не датычыць людзей, якія пакінулі Ўкраіну пасьля 24 лютага, але ня маюць украінскага грамадзянства і не зьяўляюцца сужэнцамі ўцекача з украінскім грамадзянствам. Гэта, у прыватнасьці, значыць, што асобы зь беларускім грамадзянствам, якія раней пакінулі Беларусь і пераехалі ва Ўкраіну, а цяпер перасеклі ўкраінска-польскую мяжу, ня могуць карыстацца правамі, акрэсьленымі ў гэтым заканадаўчым акце. Такую магчымасьць прадугледжвала папраўка ў закон, прапанаваная верхняй палатай польскага парлямэнту, Сэнатам, але ніжняя палата, Сэйм, яе адкінула. Закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны набыў моц 12 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я спадзяюся, што праз два тыдні, максымум празь месяц, вярнуся дадому». Гісторыя ўцякачкі з Украіны

Што закон дае ўцекачам з украінскім грамадзянствам і іхным сужэнцам?

  • права на легальнае знаходжаньне ў Польшчы цягам 18 месяцаў з часу перасячэньня мяжы;
  • права выступіць пасьля 9 месяцаў пражываньня ў Польшчы з просьбай атрымаць дазвол на часовы побыт у краіне, які выдаецца на 3 гады;
  • права на працу ў Польшчы і карыстаньне паслугамі сыстэмы аховы здароўя;
  • права на працяг навучаньня ў польскіх школах і навучальных установах украінскім школьнікам і студэнтам;
  • аднаразовую фінансавую дапамогу 300 злотых ($70) на чалавека;
  • пакрыцьцё расходаў на пражываньне і харчаваньне на пэрыяд 60 дзён;
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: за 17 дзён вайны з Украіны выехалі 2 809 тысяч уцекачоў

У якім статусе ў Польшчы ўцекачы-беларусы з Украіны?

У Польшчы ўвесь час дзейнічае пастанова Кабінэту міністраў пра стан эпідэміі (прынятая ў сакавіку 2020) — яна дазваляе асобам, якія падчас гэтага становішча легальна ўехалі на тэрыторыю краіны (зь візай або і бязь візы, але з рэгістрацыяй на мяжы), знаходзіцца ў Польшчы да заканчэньня гэтага становішча плюс 30 дзён. То бок усе беларускія ўцекачы з Украіны знаходзяцца цяпер у Польшчы на законнай падставе, бо становішча эпідэміі польскія ўлады пакуль не адмянялі.

Кіраўнік фонду дапамогі беларусам BY_help Аляксей Лявончык сказаў у эфіры Эўрарадыё, што, каб легалізаваць свой побыт у Польшчы на даўжэйшы час, беларускія ўцекачы з Украіны могуць і павінны падаваць заяву на атрыманьне міжнароднай абароны.

«Палякі міжнародную абарону вам дадуць. Статус уцекача яны вам не дадуць, бо яны не даюць яго амаль нікому. Гэта прынцыповая пазыцыя польскага ўраду, таму што статус уцекача ў адпаведнасьці з законам аб іншаземцах цягне за сабой куды больш правоў. Але міжнародная абарона дасьць вам магчымасьць працаваць у Польшчы», — адзначыў кіраўнік BY_help.

Аляксей Лявончык таксама прыгадаў, што ў адносінах да грамадзян Украіны, Беларусі, Расейскай Фэдэрацыі, Армэніі, Грузіі і Малдовы, калі толькі яны апынуліся ў Польшчы легальным чынам, увесь час дзейнічае спрошчаная працэдура атрыманьня дазволу на працу (у асноўным па падставе дэклярацыі працадаўцы, што ён мае ахвоту працаўладкаваць канкрэтнага іншаземца). Такая дэклярацыя дае права на працу цягам 2 гадоў, падчас якіх можна запусьціць працэс атрыманьня карты сталага побыту ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі сыпаліся праз калючы дрот, як у фільме пра зомбі». Як беларускі фотажурналіст дапамагаў эвакуаваць з Кіева аўтобус з уцекачамі

Чаму палякі «забыліся» пра беларусаў?

Паводле Аляксея Лявончыка, стаўленьне польскага ўраду ці грамадзтва да беларусаў істотна не зьмянілася пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Тое, што пра беларусаў і іхную долю, пад уплывам падзей ва Ўкраіне, у Польшчы як быццам «забыліся», належыць да нармальнага парадку рэчаў у грамадзка-палітычным жыцьці любой краіны. Гэтаксама, дадаў ён, можа адбыцца ў будучыні і са стаўленьнем да ўкраінцаў.

«Калі гэты канфлікт (ва Ўкраіне. — РС) зацягнецца яшчэ два-тры месяцы, у большай часткі грамадзтва будзе не эўфарыя, а стомленасьць ад таго, што натоўпы людзей ідуць праз польскую тэрыторыю. Я гэта кажу не таму, што я, скажам, добра стаўлюся да беларусаў, а кепска — да ўкраінцаў. Я кажу так, бо я назіраў два міграцыйныя крызісы, адзін тэарэтычна, у Югаславіі ў 1990-х, другі ў 2015 годзе. (…) Тое самае здарылася зь беларусамі. Проста зьмянілася тэма. Зьявілася расейская агрэсія ва Ўкраіне. Пра беларусаў забыліся. Калі расейская агрэсія скончыцца і здарыцца яшчэ нешта, усе забудуць пра расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Такая ўласьцівасьць чалавечай памяці», — лічыць Лявончык.

Паводле афіцыйных польскіх крыніц, у Польшчы на гэты час знаходзяцца каля паўтара мільёна ўцекачоў з Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.