Каманда расейскага палітыка Аляксея Навальнага расказала яшчэ пра два асабнякі ў Італіі, зьвязаныя з расейскім тэлевядоўцам і вядомым прапагандыстам палітыкі Крамля Ўладзімірам Салаўёвым. Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што адзін дом належыць самому Салаўёву, другі запісаны на яго маці.
Салаўёў уключаны ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу за варожыя дзеяньні Расеі супраць Украіны. Газэта La Repubblica 4 сакавіка напісала, што ўлады Італіі наклалі арышт на дзьве яго вілы на возеры Кома.
Дасьледчыкі зьвярнуліся з заявай аб арышце гэтай нерухомасьці ў камітэт фінансавай бясьпекі Італіі, які сочыць за выкананьнем краінай санкцыйнага рэжыму ЭЗ. Акрамя таго, яны запатрабавалі адклікаць візы і віды на жыхарства ў сямейнікаў Салаўёва, бо, на думку каманды Навальнага, яны ня ў стане пражываць у Італіі на свае грошы, а павінны карыстацца сродкамі вядоўцы. Салаўёў расьсьледаваньне пакуль не камэнтаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Італіі наклалі арышт на нерухомасьць алігарха Усманава і прапагандыста Салаўёва