Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёляга

Кіеў, 14 сакавіка 2022 г.

Пра што сьведчаць вынікі ўсерасейскага апытаньня «Ці хочуць расейцы вайны»? Якая роля прапаганды ў фармаваньні станоўчага стаўленьня да вайны Расеі з Украінай? Якія эмоцыі сёньня найбольш уласьцівыя расейскай грамадзкай думцы? Якія фактары могуць зьмяніць цяперашняе стаўленьне расейцаў да вайны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітык, былы палітвязень, удзельнік дасьледчага праекту «Ці хочуць расейцы вайны» Аляксей Міняйла.

Аляксей Міняйла

  • Дасьледаваньне праводзілася ў канцы лютага — на пачатку сакавіка, выбарка 1807 рэспандэнтаў, узважаная паводле полу, узросту і тэрытарыяльнага разьмеркаваньня.
  • Мы рады, што вынікі нашага дасьледаваньня супадаюць з вынікамі іншых дасьледчых цэнтраў. Нашае дасьледаваньне ня проста тэлефоннае апытаньне, нашая кампанія-партнэр Tazeros зрабіла дасьледаваньне больш як 2,7 млн запісаў пра вайну ў расейскіх сацыяльных сетках.
  • Тэлефоннае апытаньне ў спалучэньні з дасьледаваньнем выказваньняў у сацсетках дазваляе нам сказаць, што людзі падтрымліваюць не вайну, людзі падтрымліваюць сымулякр, які дзяржава сканструявала ў іх галовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму расейцы ладнай часткай ухваляюць вайну, а беларусы — не? Аналіз палітоляга
  • Больш за 70% тых, хто падтрымлівае вайну, гавораць пра давер да афіцыйных крыніц інфармацыі. Яны бяруць інфармацыю пра вайну з прапаганды. А прапаганда кажа, што вайны ніякай няма, што мы не ваюем з украінскім народам, што няма абстрэлаў цывільных грамадзянаў, а ідзе спэцапэрацыя па ліквідацыі невялікай банды нацыстаў, якая незаконна захапіла ўладу ва Ўкраіне. І гэтая карціна ў галовах у большай часткі тых, хто выказваўся ў падтрымку вайны.
  • Дамінуючая эмоцыя ў сацыяльных сетках ня радасьць з прычыны вайны, не нянавісьць да ўкраінцаў (толькі 2% пастоў у сацсетках зьмяшчаюць варожасьць да ўкраінцаў і Ўкраіны). Дамінуючая эмоцыя — гэта спачуваньне ўкраінцам. І гэтае стаўленьне ўласьцівае як антываенным, так і праваенным пастам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удзел Беларусі ў вайне з Украінай — гэта катастрофа для Беларусі». Вынікі апытаньня Chatham House
  • Людзі, якія за вайну, ладнай часткай спачуваюць украінцам і лічаць, што «мы іх вызваляем от нацыстаў».
  • Зараз мы аналізуем другую хвалю тэлефоннага апытаньня, якую мы правялі на мінулым тыдні. І па гэтых дадзеных мы бачым, што большая частка тых, хто падтрымлівае вайну, ня вельмі ведае, што там адбываецца. Расейцы не падтрымліваюць бамбаваньняў мірных гарадоў; яны падтрымліваюць тое, чаго папраўдзе няма.
  • На стаўленьне да вайны ўплывае камбінацыя фактараў. Самы важкі — гэта ўсё ж прапаганда. Але прысутнічае і фэномэн «кансалідацыі вакол сьцяга», і фэномэн адмаўленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 98% апытаных лічаць катастрофай удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі, — вынікі «Народнага апытаньня»
  • Адна з галоўных расейскіх «скрэпаў» — «абы не было вайны». Адзін з галоўных страхаў расейцаў — гэта страх перад вайной. Год таму «Левада-цэнтар» праводзіў вялікае дасьледаваньне аб страхах. Паводле яго, Трэцяй сусьветнай вайны баяліся больш за 60%.
  • У людзей сутыкненьне супрацьлеглых імпульсаў. Людзям страшна, што іх карціна сьвету можа разбурыцца. Іх выхоўвалі на тым, што вайны не павінна быць. І пры гэтым іхная краіна нападае на іншую краіну. Карціна сьвету можа разбурыцца ўшчэнт. Таму ахоўная рэакцыя — а не, гэта не вайна.
  • Ну і трэці чыньнік, які мы навукова даказалі ў апошняй хвалі апытаньня, — людзі баяцца даваць шчырыя адказы. У дыктатурах сацыялягічныя апытаньні вельмі абмежавана дэманструюць грамадзкую думку. Нават у дэмакратыях на вострыя пытаньні людзі даюць сацыяльна прымальныя адказы. А ў дыктатурах шчырыя адказы часам успрымаюцца і як небясьпечныя. Праўда, невядомыя выпадкі, каб некага прыцягвалі да адказнасьці за непажаданы ўладам адказ. Але людзі ўспрымаюць гэта як небясьпеку. Паводле апытаньняў, больш за палову расейцаў асьцерагаюцца рэпрэсіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія постсавецкія народы лічаць палітыку Расеі стабілізацыйным фактарам у сьвеце. Міжнароднае апытаньне
  • У другой хвалі дасьледаваньня мы далі магчымасьць рэспандэнтам адмовіцца ад адказу. І гэта істотна зьнізіла колькасьць антываенных адказаў.
  • Некаторыя рэспандэнты адказвалі: калі я вам адкажу шчыра, мяне могуць пасадзіць. У Расеі ўведзена ваенная цэнзура, уведзена адказнасьць за заклікі да спыненьня вайны.
  • У стаўленьні да вайны жанчыны настроеныя менш праваенна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доўгае разьвітаньне з Лукашэнкам. Гутарка з расейскім сацыёлягам
  • Самая распаўсюджаная эмоцыя ў сацсетках (30%) — спачуваньне ўкраінцам, на другім месцы — занепакоенасьць станам расейскай эканомікі, на трэцім — зьнявагі ў адрас Уладзіміра Пуціна. Дзьве апошнія эмоцыі — прыкладна па 15%. Відавочна, што тыя, хто зьневажае Пуціна, супраць вайны.
  • Вядомая схема эвалюцыі стаўленьня: адмаўленьне — гнеў — торг — дэпрэсія — прыманьне. І расейцам давядзецца прайсьці гэты шлях. Мы ўжо бачым, што адмаўленьне паступова пераходзіць у гнеў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.