У Расеі спынілі продаж замежнай валюты насельніцтву і абмежавалі яе зьняцьце ў банкаматах

Амэрыканскія даляры і расейскія рублі

Цэнтрабанк Расеі ўвёў новыя правілы абыходжаньня з валютай ва ўмовах беспрэцэдэнтных санкцый, уведзеных краінамі Захаду супраць Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну.

Банкам з 9 сакавіка да 9 верасьня забаранілі прадаваць грамадзянам наяўную валюту, а з валютных рахункаў можна будзе зьняць ня болей за 10 тысяч даляраў, астатнія сродкі — у рублях паводле курсу на дзень выдачы.

У паведамленьні Цэнтрабанку РФ гаворыцца, што ўсе сродкі кліентаў на валютных рахунках захаваюцца, аднак доступ да іх будзе абмежаваны сумай у 10 тысяч даляраў, прычым, калі ўклад намінаваны ў іншай валюце, кліенту ўсё роўна выдадуць даляры.

«Банкі ня будуць на працягу тэрміну дзеяньня часовага парадку прадаваць наяўную валюту грамадзянам» — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад замарожвае рэзэрвы Банку Расеі і ФНБ. Расказваем, да чаго гэта прывядзе

Памяняць наяўную валюту на расейскія рублі можна будзе ў любы момант і ў любым аб’ёме.

Напярэдадні, 8 сакавіка, ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі, у прыватнасьці забаранілі імпарт нафты. У гэты ж дзень шэраг буйных карпарацый аб’явіў аб прыпыненьні працы ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь напэўна «нырне» у крызіс разам з Расеяй — меркаваньне эканаміста
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў запрацаваў сайт prokopovich.net, які дазваляе абменьвацца кантактамі, каб прадаць ці купіць валюту