Пра «сувэрэнны інтэрнэт» у Расеі пачалі гаварыць яшчэ ў 2019 годзе, калі ў РФ прынялі закон «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і абароне інфармацыі». Сярод адмыслоўцаў ён атрымаў назву «Закон аб сувэрэнным інтэрнэце», бо на практыцы ўводзіў абавязак для ўсіх правайдэраў ставіць своеасаблівыя «фільтры» на ўсіх зьнешніх шлюзах — месцах, адкуль замежны трафік трапляе на тэрыторыю Расеі. На мове спэцыялістаў такія «фільтры» называюцца Deep Packet Inspection, альбо скарочана DPI. Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta ў галіне інтэрнэту і забесьпячэньня свабодаў у сеціве расказаў Свабодзе пра спосабы «выключыць» інтэрнэт у Расеі і Беларусі, а таксама пра магчымыя наступствы гэтага рашэньня.
Магчыма, але ня цалкам
«Як мы бачылі ў 2020 годзе, то так, адключыць сеціва магчыма, — кажа экспэрт. — З 9 па практычна 12 жніўня мы бачылі адключэньне інтэрнэту. Але яно было частковае, інтэрнэт у тыя дні цалкам так і не адключылі. Хай на 20% магчымасьцяў, але ён заставаўся. Усе наступствы мы таксама памятаем са жніўня 2020 году — не працавалі банкі, не працаваў Google, глябальныя сэрвісы кшталту Фэйсбука, нешта такое. Замежныя сэрвісы, якія забясьпечваюць воблачную інфраструктуру для кампаній. Гэта ўсё не працавала — альбо працавала, але з абмежаваньнямі».
Праваабаронца перасьцерагае, што ў выпадку новага адключэньня інтэрнэту ў Беларусі ўсе тыя ж наступствы могуць паўтарыцца. І калі для Расеі такое адключэньне ад зьнешняга інтэрнэту можа ня стаць вельмі вялікай праблемай, бо там за шмат гадоў сфармаваўся ўласны сэгмэнт сеціва, так званы «рунэт», то ў Беларусі сетка не настолькі самадастатковая. У Расеі да прыняцьця абмежавальнага заканадаўства існавалі сотні самастойных правайдэраў, кантраляваць якіх складана нават цяпер. У Беларусі правайдэраў, якія кантралююць зьнешнія шлюзы, усяго два. І абодва дзяржаўныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абвясьціў пра забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаўШто можа адфільтраваць DPI, а што не?
Як кажа экспэрт Human Constanta, абсталяваньне DPI прымянялася ў Беларусі ў 2020 годзе. Як тады паказала практыка, яно пасьпяхова спраўлялася з VPN, але не з усімі інструмэнтамі.
«Некаторыя сродкі абыходу фільтраў працуюць і пры ўключаным DPI, — кажа спэцыяліст. — У жніўні 2020 году ў некага быў інтэрнэт, у некага не было. У Расеі цяпер спрабуюць блякаваць той жа Фэйсбук, але, як бачым, усё залежыць у выніку ад індывідуальнай мэдыяграматнасьці карыстальнікаў. Цалкам доступ закрыць нельга. Калі не працуе мабільны інтэрнэт, то працуе стацыянарны. Цалкам альбо часткова. Можа працаваць пэрыядычна. Мы ўсё гэта бачылі ўжо ў жніўні 2020 году».
Ці могуць скарыстаць «рубільнік» і цалкам усё адключыць?
Тэарэтычна так. Праваабаронца Human Constanta кажа, што фізычнае адключэньне краіны ад зьнешняга інтэрнэту магчымае і ўжо адбывалася адносна нядаўна ў Армэніі.
«Хтосьці на мяжы Грузіі і Армэніі штосьці капаў і пашкодзіў кабэль, — расказвае экспэрт. — Кабэль праводзіў міжнародны інтэрнэт-трафік. Палова Армэніі ў выніку засталася без глябальнага інтэрнэту. Гэта акурат называецца „адключыць інтэрнэт на ўзроўні абсталяваньня“. Але, хутчэй за ўсё, нават у Расеі калі і будзе адключэньне інтэрнэту, то праграмнымі сродкамі. А значыць, з мноствам спосабаў неяк абысьці блякаваньне».
Экспэрт кажа, што ўлады хочуць кантраляваць ня ўвесь інтэрнэт, а толькі той яго сэгмэнт, які забясьпечвае свабоду абмену інфармацыяй, у першую чаргу навінамі, фота і відэа. Тая частка інтэрнэту, якая неабходная для працы банкаў, для крытычнай інфраструктуры, дзяржаве вельмі патрэбная, і яе адключаць ня будуць.
«Ці спрацуе гэтая схема, ніхто ня ведае, — кажа праваабаронца. — Я ўпэўнены, што нават у Расеі зараз ніхто ня ведае, як гэта ўсё павінна працаваць дакладна. Што вось гэты напісаны на паперы „сувэрэнны інтэрнэт“ магчымы на практыцы. Прынамсі цяпер, на дадзены момант. Тут, зноў жа, можна ўзгадаць жнівень 2020 году ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ЗША і NATO ня хочуць уводзіць беспалётную зону над Украінай. Тлумачыць амэрыканскі генэрал«Абсталяваньне і спэцыялісты ў жніўні 2020 году ня справіліся»
Па словах экспэрта, для разуменьня магчымасьцяў уладаў па адключэньні інтэрнэту ў Беларусі важна разумець, што адбывалася з 9 па 12 жніўня 2020 году. Ён кажа, што праваабаронцы вывучалі гэтую спробу блякаваньня і прыйшлі да высновы, што тады ўсё пайшло не зусім так, як хацелі ўлады.
«Абсталяваньне і спэцыялісты ў 2020 годзе ня справіліся з блякаваньнем, — кажа экспэрт. — Яны хацелі фільтраваць трафік, але іх абсталяваньне было занадта слабое для гэтага, і ў выніку на зьнешніх шлюзах утвараўся своеасаблівы „корак“, які тармазіў і той трафік, які фільтраваць не зьбіраліся. Нейкі праходзіў, нейкі не праходзіў. У Расеі зараз можа адбывацца тое самае. Бо адна справа — фільтраваць толькі Фэйсбук ці яшчэ нешта, а зусім іншая — фільтраваць увесь трафік».
Па словах спэцыяліста, зараз невядома, ці адбыліся ў Беларусі нейкія зьмены ў падыходах да блякаваньня інтэрнэту і фільтрацыі трафіку пасьля жніўня 2020 году. Таму існуе верагоднасьць, што магутнасьцяў абсталяваньня па фільтрацыі інтэрнэту ў Беларусі зноў ня хопіць. Дагэтуль беларускія ўлады пры блякаваньні інтэрнэту карысталіся абсталяваньнем кітайскай Huawei і амэрыканскай Sandvine. Пасьля падзей лета і восені 2020 году амэрыканцы вырашылі спыніць супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Адпаведна, больш не падтрымліваюць пастаўленае ў Беларусь абсталяваньне. Цяпер яно ня мае абнаўленьняў і ня можа падстройвацца пад новыя спосабы абыходу блякаваньняў.
«Як нам падаецца, беларуская дзяржава з 2020 году ня надта прасунулася ў тэхнічным пляне ў гэтай галіне, — кажа экспэрт. — На нашу думку, блякаваньне інтэрнэту ў Беларусі магчымае падчас сур’ёзных палітычных падзеяў, накшталт пратэстаў жніўня 2020 году. Але наўрад ці гэта будзе прымяняцца пастаянна — дзеля таго каб зрабіць гэта разам з Расеяй, скажам. Калі інтэрнэт пачнуць адключаць у самой Расеі, мы ня ведаем, як гэта адаб’ецца на Беларусі. Адтуль прыходзіць частка міжнароднага трафіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Нямеччыны пачаў расьследаваньне ваенных злачынстваў Расеі ва ЎкраінеШто можа здарыцца з інтэрнэтам у Беларусі падчас канфлікту?
Па словах экспэрта Human Constanta, зараз, акрамя трафіку праз Расею, у Беларусі ёсьць толькі два выхады ў глябальны інтэрнэт. Адзін зь іх кантралюе Белтэлекам, другі — Нацыянальны цэнтар абмену трафікам. Абодва прадпрыемствы дзяржаўныя і абодва, тэарэтычна, могуць адключыць «рубільнікі» на загад зьверху.
«Ня будзе працаваць інфраструктура, міжнародныя плацяжы і гэтак далей, — коратка апісвае наступствы экспэрт. — Я ўпэўнены, што зараз рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгій, якія там яшчэ засталіся, разварочваюць сыстэмы абыходу блякаваньня. Як яны гэта рабілі ў 2020 годзе. А таксама вывозяць сваю крытычную інфраструктуру, каб пазьбегнуць рызыкаў. Мяркую, адключэньне інтэрнэту ў Беларусі з дапамогай „рубільнікаў“ магчымае толькі тады, калі гэта будзе рашэньне не беларускіх уладаў».
Экспэрт таксама кажа, што, акрамя блякаваньня доступу з дапамогай тэхналёгіі DPI і «рубільніка», можна таксама выкарыстоўваць зьмяшаную тактыку. Але як яна ў выніку спрацуе, ніхто ня ведае, і дакладна спрагназаваць гэта немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскія кампаніі Shell і British Petroleum абвясьцілі пра адмову ад расейскіх нафты і газуЯк падрыхтавацца да магчымага адключэньня?
«Шэраг VPN-кліентаў могуць працаваць і пры спробах глыбокай фільтрацыі інтэрнэту, — кажа экспэрт. — Іх наладкі і магчымасьці пастаянна зьмяняюцца. Калі не працуе адзін, можна карыстацца іншым. І наадварот, спрабаваць падлучацца з дапамогай адразу некалькіх кліентаў. Усё гэта мы ўжо бачылі ў жніўні 2020 году. Ставіш сабе 4 ці 5 розных сэрвісаў і перабіраеш кожную раніцу, шукаеш, што зь іх працуе сёньня».
Экспэрт кажа, што VPN-кліент можна выбіраць у залежнасьці ад таго, наколькі глыбокае блякаваньне інтэрнэту ўключана. Большасьць такіх праграм даволі хуткія, асабліва платныя вэрсіі. Тыя, якія могуць абыходзіць вельмі моцнае фільтраваньне, як Psihon, напрыклад, значна замаруджваюць інтэрнэт. Карыстацца імі пастаянна праблематычна і нязручна.
«Я б рэкамэндаваў трымаць на сваіх прыладах адразу некалькі VPN-сэрвісаў, — раіць экспэрт. — Некаторыя можна выкарыстоўваць штодзённа. А як запасны варыянт мець некалькі такіх, якія ўмеюць маскаваць свой трафік. Але ад „рубільніка“, вядома, яны не дапамогуць».
Экспэрт кажа, што Тelegram, хутчэй за ўсё, будзе працаваць пры любых спробах блякаваньня, акрамя выключэньня «рубільніка». Гэты мэсэнджар мае ўбудаваныя альгарытмы шыфраваньня, яго сыстэма абыходу блякаваньняў дынамічная і можа абыходзіць заблякаваныя вузлы сувязі. У жніўні 2020 году ён быў самым устойлівым мэсэнджарам. Калі ж Беларусь адключаць ад інтэрнэту мэтадам «рубільніка», працаваць ня будзе ўвогуле нічога.
«Вынікі адключэньня „рубільніка“ спрагназаваць немагчыма, мы такога ніколі ня бачылі, — кажа экспэрт. — Тады будзе адключана ўсё: АРІП, банкі, дзяржаўны дакумэнтазварот. Тут можна толькі накідваць варыянты. Прагнозы ў такіх выпадках ня могуць быць вельмі дакладнымі. Зноў жа, мы з вамі зыходзім з рацыянальных меркаваньняў, але ня факт, што іншыя людзі карыстаюцца такім жа падыходам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неўзабаве застанёмся бяз сувязі і пітной вады». Беларуская пара захрасла ў вёсцы пад Кіевам, вакол ідуць жорсткія баі