Сьцісла:
- Важна не зьбівацца на агульныя суджэньні, каторы народ больш ахвярны.
- Цяперашнія ўлады Беларусі — натуральныя ідэйныя хаўрусьнікі Расеі.
- У сучаснай Расеі амаль не ўспамінаюць пра страты, затое ўспамінаюць, што заваявалі палову Эўропы, таму «можам паўтарыць».
- Вайна не падстава для стварэньня палітыкі нянавісьці паміж народамі.
- Захаваць чалавечнасьць, годнасьць, ня даць злу распаўсюдзіцца на ўсіх — гэта самае важнае.
— Ужо даволі доўгі час, некалькі месяцаў, вы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пішаце «Хроніку вайны», камэнтуючы беларускія падзеі. Але ці думалі вы, што на беларускіх межах разгорнецца сапраўдная вайна з тысячамі сьмерцяў і разбуранымі гарадамі? Як можа рэагаваць на гэта філёзаф?
— Вядома, калі я пісаў свае развагі, то я апісваў змаганьне паміж беларускім народам і ўладай, падтрыманай Расеяй; змаганьне, якое слушна называюць «унутранай акупацыяй». Але цяпер мы, беларусы, як народ і як інтэлігенцыя, апынуліся ў вельмі цяжкай сытуацыі.
Як трапна было заўважана, мы як у 1939 годзе — напалову немцы, напалову габрэі. З аднаго боку, беларусы ня здольныя паўплываць на дзеяньні нелегітымнай улады, асабліва ў абставінах, калі на тэрыторыі краіны знаходзяцца расейскія войскі. І мы назіраем, як мяняецца стаўленьне да беларусаў у сьвеце: ад вялікай падтрымкі да зьнявагі як тых, каго лічаць прадстаўнікамі краіны – хаўрусьніцы агрэсара. Таму важна працягваць выказваць салідарнасьць з Украінай, расказваць усімі магчымымі спосабамі, што мы супраць вайны.
І пры гэтым важна не зьбівацца на агульныя суджэньні, які народ больш ахвярны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь». У беларускую роту тэрабароны Ўкраіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаў— Гэтая вайна ня толькі паміж вайсковымі злучэньнямі Ўкраіны і Расеі, гэта трошкі больш. Гучаць розныя фармулёўкі — імпэрыя супраць свабоды, цывілізацыя супраць барбарства, мінуўшчына супраць будучыні. Які варыянт вы выбіраеце?
— Я часам ужываю фармулёўкі з твораў Джона Толкіена — фармат змаганьня сілаў зла і дабра.
Зразумела, што Расея — гэта апошняя імпэрыя, няхай ня назвай, але зьместам. Яна лічыць сябе спадкаемцай адначасова і Расейскай імпэрыі, і Савецкага Саюзу. Для яе ня вельмі блізкія каштоўнасьці дэмакратыі, свабоды, грамадзянскай супольнасьці, правоў чалавека. Той кароткі пэрыяд на пачатку 90-х, калі Расея спрабавала далучыцца да гэтых каштоўнасьцяў, не пакінуў вялікага станоўчага сьледу ў грамадзкай думцы і памяці.
Цяпер гэтая апошняя эўрапейская імпэрыя спрабуе зрабіць свой апошні гістарычны рэванш, адрадзіцца ў нейкай форме — бо для імпэрыі важна заваёўваць новыя тэрыторыі. Асноўныя імпэрыі распаліся ў выніку Першай і Другой сусьветных войнаў. Так што цяперашняе змаганьне — гэта змаганьне імпэрскага і рэспубліканскага (назавем яго так), таталітарнага і дэмакратычнага, каштоўнасьцяў сілы супраць свабодаў, правоў і выбару.
Што да беларускай сытуацыі, то наша ўлада ўвесь час дэкляравала сваю прыхільнасьць адраджэньню Савецкага Саюзу. Яны называюць сабе патрыётамі, але яны патрыёты не Беларусі, а іншай дзяржавы, нейкага выдуманага СССР, у якім было ўсё добра. Так што цяперашнія ўлады Беларусі — натуральныя ідэйныя хаўрусьнікі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы ўдарылі суседа нажом у сьпіну». ЗША і Эўразьвяз прызналі Беларусь саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны— Ёсьць людзі разгубленыя, якія ня маюць усёй інфармацыі, але ёсьць сьвядомыя і ідэйныя прыхільнікі вайны. Ім сапраўды падабаецца ваяваць, падабаецца заваёўваць чужыя тэрыторыі, караць зброяй нязгодных людзей і цэлыя народы. Чаму расейскае і беларускае грамадзтва нараджае даволі вялікую колькасьць такіх людзей?
— Улады ўсур’ёз займаюцца гадаваньнем такіх людзей, пачынаючы з сыстэмы адукацыі. У беларускіх школах увесь час мяняюцца падручнікі па гісторыі, праводзяцца так званыя «патрыятычныя мерапрыемствы», якія падаюць пэўную вэрсію гістарычных падзеяў. Гэта ўсё працуе на тое, каб праз выхаваньне стварыць у людзей «правільныя» погляды, каб яны бачылі ў сваім мінулым толькі перамогі.
Другая сусьветная вайна — гэта 28 мільёнаў стратаў для грамадзян Савецкага Саюзу. Але ў сучаснай Расеі амаль ня згадваюць пра гэтыя страты, яны ўспамінаюць, што заваявалі палову Эўропы, таму «можам паўтарыць». А трэба памятаць ахвяры, мільёны забітых, — толькі тады можна гаварыць, што людзі будуць мець нейкі жах перад вайной. Калі ж прапаганда даводзіць, што «Расея выйграе ўсе войны», тады будзе перакананасьць, што любая вайна, якую вядзе Расея, — справядлівая, пераможная, і іншай быць ня можа.
У свой час вялікім ударам пад дых для Расейскай імпэрыі стала параза ў руска-японскай вайне ў 1904–1905 гадах. Да гэтага там таксама моцна напампоўвалі грамадзкую думку, прыгадваючы, як Расея біла туркаў, немцаў і швэдаў, а тут Японія нанесла балючую паразу. І гэта стала штуршком да першай расейскай рэвалюцыі 1905 году, потым сусьветная вайна падштурхнула да рэвалюцыі ў 1917 годзе.
Зь цяперашняй вайны з Украінай Расея таксама ня выйдзе ў ранейшым стане. Я ня веру, што вайна можа скончыцца адназначнай ваеннай перамогай нейкага боку. Але я ўпэўнены, што вайна скончыцца, як толькі людзі ў Расеі ўсьвядомяць, куды іх вядзе гэтая палітыка. І цалкам магчымы нейкі пераварот, які зьменіць гэтую ўладу і змусіць расейцаў задумацца пра цану агрэсіўных войнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дывэрсантаў у тэрарызьме— Вы верыце ў такі варыянт? На сёньня самыя розныя сацыялягічныя апытаньні паказваюць даволі вялікі рэйтынг Пуціна і даволі вялікую падтрымку «апэрацыі» (як яны гэта афіцыйна называюць) Расеі ва Ўкраіне. Гэтыя людзі, прыхільнікі вайны, якіх у Расеі даволі шмат і якія сфармаваліся школай і прапагандай, — яны ж нікуды ня зьнікнуць.
— У мяне, вядома, большы прагноз на тое, што адбудзецца нейкі палацавы пераварот. У Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, ёсьць іншыя сілы, апроч сілавога блёку. Гэта відаць па рэакцыі расейскіх алігархаў, якія відавочна зусім ня ўсе згодныя з гэтай палітыкай.
Што да насельніцтва, то калі ня спраўдзіцца першы варыянт, калі набліжаным да Крамля людзям ня хопіць духу зрабіць пераварот, — то празь нейкі час (можа год ці два) да людзей будзе даходзіць уся трагедыя гэтай вайны, у тым ліку для Расеі. Гэта адбудзецца і дзякуючы вяртаньню да стану, магчыма, горшага, чым у 1990-х, — адсутнасьць прадуктаў, добрай працы, зьніжэньне заробкаў. У змаганьні лядоўні і тэлевізара звычайна ўсё ж выйграе лядоўня. Калі расейцы пабачаць, што нічога ня могуць сабе дазволіць, — гэта будзе моцны ўдар па ўсіх ідэалягічных матрыцах, якія навязвала ўлада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб украінскі прыклад быў для нас арыенцірам на перамогу над злом», — беларуская журналістка ў Кіеве— Вайна пад нейкім новым ракурсам ставіць вечныя філязофскія пытаньні, як трэба адказваць на зло. Усе гэтыя тэмы наконт «непраціўленьня злу гвалтам», «ці варта станавіцца Драконам, каб перамагчы Дракона» у момант вайны адыходзяць убок, людзі проста змагаюцца за сваю зямлю супраць агрэсара. І, дарэчы, ці ня ставіць вайна ва Ўкраіне новыя пытаньні да асэнсаваньня каштоўнасьці мірнага пратэсту ў Беларусі?
— Зразумела, што калі б беларусы пайшлі на ўмоўна казахстанскі варыянт, формы нямірнага змаганьня з рэжымам, — гэта справакавала б сытуацыю раней. Бо Пуцін яшчэ ў жніўні 2020-га абяцаў паслаць нацыянальную гвардыю на абарону беларускай улады. Я думаю, што калі б беларусам тады ўдалося перамагчы гэтую ўладу і змусіць яе ўцякаць, — мы б убачылі расейскія танкі не ва Ўкраіне, а ў Менску. Магчыма, гэтым мы падаравалі б украінцам больш часу.
Што да сёньняшняй сытуацыі, то хацеў бы зрабіць акцэнт на двух момантах. Першы — мы цяпер адначасова адчуваем сябе і нацыяй герояў, і нацыяй здраднікаў. Так, вялікая частка беларусаў дапамагае украінцам, выказвае сваё абурэньне супраць вайны. Але вельмі шмат людзей абыякавыя ці прынамсі досыць пасіўныя — і да таго, што адбываецца ў краіне, і да вайны. Значная частка насельніцтва проста выжывае, адсутнасьць грамадзянскага этасу — гэта чыньнік, зь якім трэба нешта рабіць на нацыянальным узроўні.
Другі момант. На фоне вайны вельмі важна народам Украіны, Беларусі і Расеі разумець, што ўсё тое, што адбываецца, — гэта не падстава для стварэньня палітыкі нянавісьці паміж народамі. Гэта самае страшнае, што можа адбыцца, калі ўкраінцы пачнуць шчыра ненавідзець расейцаў і беларусаў і пачнуць зь імі высьвятляць адносіны незалежна ад таго, хто там пры ўладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі скупляюць соль і цукар. Як на беларускім гандлі адбіліся вайна ва Ўкраіне, санкцыі і закрыцьцё межаў— Пакуль сацыялёгія паказвае, што ўкраінцы асноўную віну ўскладаюць менавіта на расейскую і беларускую ўлады, а не на народы...
— Так, але амаль кожны чацьвёрты лічыць вінаватым ня ўлады, а народ Беларусі. І чым далей будзе ісьці вайна, чым больш будзе ахвяраў, тым болей гэтыя эмоцыі будуць узрастаць. І вельмі важна даводзіць, што так, ва ўсіх грамадзтвах ёсьць людзі, якія падтрымліваюць войны. Але калі мы пойдзем на палітыку ўзаемнай нянавісьці паміж народамі — гэта будзе тая «скрыня Пандоры», якая выбухне заўтра. І можа атрымацца так, што ў такім варыянце, як бы ні скончылася гэтая вайна, — гэтая нянавісьць стане падставай для новай вайны праз 10-20-50 гадоў.
Псыхалягічная крыўда, нянавісьць, азлобленасьць будуць весьці толькі да працягу сьпіралі канфліктаў у рэгіёне. Важна гэтага пазьбегнуць. Захаваць чалавечнасьць, годнасьць, ня даць злу распаўсюдзіцца на ўсіх — гэта самае важнае.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.