Баі за Запароскую АЭС. Расею заклікаюць спыніць баявыя дзеяньні, якія могуць прывесьці да экалягічнай катастрофы

Пачатак пажару на Запароскай АЭС

Да раніцы 4 сакавіка баі каля АЭС спыніліся, але існуе небясьпека іх аднаўленьня.

Вялікая Брытанія на 4 сакавіка склікае экстранае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН з прычыны падзей на Запароскай АЭС. Пасяджэньне павінна пачацца ў неўзабаве. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, які ўначы размаўляў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, які знаходзіцца ў Кіеве, што абстрэльваюць расейскія войскі.

Неадкладна прыпыніць баі каля Энэргадару, дзе знаходзіцца Запароская АЭС, Расею заклікалі ў Белым доме. Там паведамілі, што прэзыдэнт ЗША працягвае атрымліваць інфармацыю аб сытуацыі на ЗАЭС, і ён абмеркаваў гэтае пытаньне з намесьнікам міністра па ядзернай бясьпецы Міністэрства энэргетыкі ЗША і кіраўніком Нацыянальнага ўпраўленьня ядзернай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

У ноч на 4 сьнежня ў выніку абстрэлу расейскай арміі на Запароскай АЭС здарыўся пажар. Зафіксавана пападаньне ў першы энэргаблёк, паведаміў прэс-сакратар Запароскай АЭС Андрэй Туз.

Украінская кампанія «Енергоатом» папярэдзіла сусьветную супольнасьць, што гэтыя атакі зьяўляюцца парушэньнем ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі найбуйнейшага ў Эўропе ядзернага аб’екта, што можа мець сур’ёзныя і трагічныя наступствы для сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ: пажар на Запароскай АЭС не закрануў асноўнага абсталяваньня

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка зазначыў, што, акрамя шасьці энэргаблёкаў АЭС на станцыі ёсьць яшчэ і сховішча для адпрацаванага ядзернага паліва, якое зьмяшчае каля 150 кантэйнэраў.

Пад кантролем расейцаў ужо знаходзіцца Чарнобыльская АЭС, яе пэрсанал у закладніках акупацыйных войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляцоўку Запароскай АЭС захапілі расейскія войскі