Як прымалася рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну? Што Расея зьбіраецца зрабіць з Украінай у выпадку сваёй перамогі? Ці ёсьць у Крамля «плян Б» на выпадак, калі вайна пойдзе ня так, як плянавалася? Ці прадугледжвае плян Масквы анэксію Беларусі? Ці можа нехта ў Маскве прадухіліць ядзерную вайну?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, прафэсар Уладзімір Гельман.
Гельман
- Гледзячы па ўсім, гэтае рашэньне прымалася Пуціным у таямніцы нават ад ягонага атачэньня. Яно было нечаканым для многіх расейскіх кіраўнікоў. Яно было кепска падрыхтаваным.
- Палітычны рэжым у Расеі пэрсаналісцкі. Такія рэжымы не падобныя на аднапартыйныя, які быў у СССР. Там такія рашэньні прымаліся калектыўна, скажам, рашэньне аб уводзе савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Тады гэтаму рашэньню папярэднічалі некалькі пасяджэньняў Палітбюро, нарады з кіраўнікамі іншых краінаў сацыялістычнага лягеру.
- Рашэньне Пуціна не прадугледжвала сур’ёзнай экспэртызы. Расейскія кіраўнікі верылі ў тое, што гаварылі: што ва Ўкраіне ва ўладзе марыянэткі ЗША, Захаду, якія пры першых жа стрэлах разьбягуцца, што ўкраінцы не асобны народ, а тыя ж расейцы, якіх кепскія людзі адарвалі ад Расеі.
- І калі расейскія войскі войдуць ва Ўкраіну, ніякага супраціву ня будзе. Гэтыя чаканьні ня мелі нічога супольнага зь рэальнасьцю. Да таго ж узброеныя сілы Расеі былі не гатовыя да сурʼёзнага супраціву.
- На прыняцьцё такога рашэньня паўплываў досьвед хуткага далучэньня Крыму ў 2014 годзе. Тады, паводле Пуціна, ён таксама прыняў рашэньне аднаасобна. Тады заходнія санкцыі былі ня вельмі моцнымі. Цяпер усё пайшло інакш і ў сэнсе рэакцыі ўкраінцаў, і ў сэнсе рэакцыі Захаду.
- Я не зьдзіўлюся, што рыхтавалася некалькі рашэньняў. І ў пэўны момант было вырашана абʼяднаць элемэнты гэтых рашэньняў. Да маштабнага выкарыстаньня войскаў Расея рыхтавалася загадзя. Мы часам лічым, што ёсьць нейкі прадуманы плян, але часьцей за ўсё гэтага няма і пляны мяняюцца на хаду.
- Хутчэй за ўсё, Крэмль імкнецца зьмяніць ва Ўкраіне палітычны рэжым, каб на чале Ўкраіны быў, скажам, Януковіч ці Медзьвядчук. На мой погляд, гэта нерэалістычны плян. Калі нават такі прамаскоўскі ўрад будзе створаны, яму будзе складана ўтрымлівацца ва ўладзе, ён можа ўтрымлівацца толькі на расейскіх штыхах. Складана трымацца на штыхах нават сваёй арміі, а ўжо на штыхах арміі, якія ўвайшла ў краіну, сеючы сьмерці і разбурэньні, шматкроць складаней.
- Вядомы Пуціну прыклад — гэта Ўсходняя Нямеччына. Яна існавала дзякуючы таму, што там знаходзіліся савецкія войскі, улады ГДР знаходзіліся пад кантролем Крамля. Пэўны час савецкае кіраўніцтва ўтрымлівала пад сваім кантролем частку Нямеччыны. Але гэта аказалася ня вечным і Пуцін таму быў сьведкам. Калі тое самае будзе зроблена адносна Ўкраіны, то і вынік будзе тым жа, што і з ГДР, толькі з большымі выдаткамі і для Ўкраіны, і для Расеі.
- Падчас вайны СССР і Фінляндыі ў савецкага кіраўніцтва ад пачатку ніякага «пляну Б» не было. Меркавалася, што атрымаецца даволі хутка захапіць кантроль над ключавымі гарадамі Фінляндыі і ўсталяваць марыянэткавы ўрад. Але Фінляндыя згуртавалася, дала даволі моцны адпор савецкім войскам. І ў нейкі момант стала зразумела, што захопліваць усю Фінляндыю сабе даражэй. У вынікі Фінляндыя страціла шэраг тэрыторыяў, але здолела захаваць незалежнасьць, хаця яе вайсковы патэнцыял быў несувымерным з савецкім.
- Такі сцэнар не прадугледжваўся Крамлём ад пачатку і толькі адчайны супраціў фінаў прывёў да таго, што адбылося. Я не выключаю, што нешта падобнае можа адбыцца і падчас цяперашняй вайны.
- Першыя дні цяперашняй вайны выклікалі ў Расеі пэўны энтузіязм. Але якой будзе далейшая рэакцыя, мы пакуль ня ведаем. Мы ўжо назіраем паніку на рынках, масавая зьняцьцё банкаўскіх укладаў, масавыя закупкі тавараў доўгатэрміновага спажываньня.
- Я думаю, што прама далучаць Беларусь да Расеі Крэмль ня будзе. Гэта вялікія выдаткі, а карысьці няшмат. Ёсьць зараз больш важныя задачы. Лукашэнка і так робіць усё, што ад яго Масква хоча.
- Што тычыцца пытаньня, ці пагодзяцца расейскія вайскоўцы з рашэньнем аб пачатку ядзернай вайны, то адносна Сяргея Шайгу ня трэба мець вялікіх ілюзіяў.
- Я ня думаю, што ў вайсковай сфэры кіраваньне ў Расеі занадта ўжо эфэктыўнае. Па тым, як расейскае войска дзейнічае ва Ўкраіне, відаць, што там вялікія праблемы з тым, як дасягнуць выкананьня пастаўленых задачаў.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.