Ва ўрадзе рыхтаваліся да абмежаваных санкцый на выпадак прызнаньня незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР», але не да буйнамаштабнай вайны. Гэтак сьцьвярджае выданьне «Агентство» са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Са слоў аднаго з высокапастаўленых чыноўнікаў вынікае, што ён «ня ведаў» пра тое, што гэта будзе поўнамаштабнае ўварваньне. Частка ягоных калег пасьля навіны аб уварваньні, якое пачалося 24 лютага, былі «шакаваныя». Частка камэнтатараў, словы якіх прыводзіць «Агентство», абмежавалася для апісаньня цяперашняй сытуацыі ненарматыўнай лексыкай.
Увесь апошні час расейскім чыноўнікам самай страшнай мерай здавалася адключэньне ад SWIFT, сказаў суразмоўца «Агентства» ў кіраўніцтве адной зь дзяржкампаній. Да такога сцэнару ва ўрадзе рыхтаваліся, праводзячы стрэс-тэсты, пра што паведамляла, у прыватнасьці, выданьне The Bell. Аднак краіны Захаду пайшлі на больш жорсткія санкцыі, сярод якіх фактычна замарозка валютных актываў Цэнтрабанку. Таксама расейскагаі рынак пачалі пакідаць заходнія кампаніі. Эфэкту такіх санкцый ніхто не пралічваў, гавораць крыніцы выданьня.
Сьцвярджаецца таксама, што ў сакавіку 2014 году, у часы так званай «рускай вясны», калі быў анэксаваны Крым, урад пралічваў рызыкі далучэньня Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцей Украіны да Расеі, і тады на гэты крок не пайшлі ў тым ліку таму, што расейская эканоміка, згодна з разьлікамі, не была да гэтага гатовая, — кажа адзін з суразмоўцаў «Агентства», былы высокапастаўлены чыноўнік. Нягледзячы на стан стрэсу, чыноўнікі Крамля і ўраду пакуль ня думаюць пра звальненьні, лічачы, што гэта будзе расцэнена як здрада.
Журналістка Фарыда Рустамава са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі, урадзе і Дзярждуме таксама піша, што практычна ніхто за межамі самага вузкага кола набліжаных Пуціна ня ведаў аб рашэньні пачаць уварваньне ва Ўкраіну. Нават на паседжаньні Савету бясьпекі 21 лютага, на якім абмяркоўвалася пытаньне аб прызнаньні «ДНР» і «ЛНР», Пуцін «практычна нікому з удзельнікаў» не сказаў аб тым, што будзе далей. Адзін з суразмоўцаў Рустамавай, «добры знаёмы Пуціна», лічыць, што расейскі прэзыдэнт шчыра перакананы, што Захад разбурыў «правілы гульні» з Расеяй. «Гэта параноя, якая дайшла да абсурду», — кажа ён. «І Пуцін цяпер сур’ёзна верыць таму, што (міністар абароны Сяргей) Шайгу з (начальнікам Генштабу Валерыем) Герасімавым яму гавораць пра тое, што яны хутка возьмуць Кіеў».