Пачынаючы ад 2014 году, калі Расея анэксавала Крым і распачала канфлікт на Данбасе, Антось Цялежнікаў зьняў чатыры дакумэнтальныя фільмы пра беларусаў, якія змагаюцца за Ўкраіну ва ўкраінскіх добраахвотніцкіх фармаваньнях, у тым ліку і пра загінулага ў баях Алеся Чаркашына.
Днямі рэжысэр прыехаў у Кіеў, каб здымаць матэрыял для новых фільмаў.
Апошняя ноч і раніца, паводле Цялежнікава, мінулі даволі спакойна.
«Калі я выйшаў на вуліцу, то чуў два моцныя выбухі. Але ня думаю, што гэта было нешта вялікае. Учора быў абстрэл тэлевізійнай вежы, але я яго прапусьціў. Кіеў вялізны горад, некаторыя абстрэлы можна проста не пачуць. Два розныя берагі — гэта два розныя гарады».
На левым беразе, паводле беларускага рэжысэра, амаль нічога ня чуваць, там практычна нічога не адбываецца. Сам ён знаходзіцца на правым беразе, дзе ідуць асноўныя баявыя дзеяньні, асноўны наступ расейскіх войскаў.
«Тут асноўная інфраструктура, дзяржаўныя аб’екты. Іх атакуюць і абстрэльваюць дывэрсійныя групы. Па дарозе я сустрэў расстраляныя цывільныя аўтобусы. Як расказалі, на іх перасоўваліся дывэрсанты. Літаральна праз 100 мэтраў дагараў вайсковы „Ўрал“ і іншая тэхніка. Мо прагучыць дзіўна, але гэта частка ляндшафтнага дызайну Кіева. Ён ператварыўся ў горад, дзе нібыта адносна нармальнае цывільнае жыцьцё з эпізадычнымі сполахамі вайны і абстрэлаў. Ёсьць, натуральна, і чэргі ў крамы, але большасьць прадуктаў ёсьць. Можа на хапаць хлеба і малочкі», — расказвае Антось Цялежнікаў.
У Кіеве курсуе транспарт, хоць яго і няшмат. Таксоўку замовіць вельмі складана, бо мала кіроўцаў. Але горад неяк функцыянуе. Калі не зважаць на людзей у вайсковай форме і барыкады, то гэта магло б нагадваць пачатак локдаўну, — кажа беларускі рэжысэр.
«Што тычыцца Кіева, то рускія абстрэльваюць тут інфраструктуру, зьвязаную або з абароннасьцю, або з інфармацыяй, каб пашкодзіць камунікацыю. Але ўчора пад тэлевізійнай вежай загінулі звыклыя мінакі, якія абвугліліся ад бомбы. Яны страляюць па крытычных, на іхную думку, абʼектах, важных або сымбалічных для Ўкраіны. Але пад абстрэлы трапляюць і мірныя людзі. Рускім гэта не перашкаджае», — кажа Цялежнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не рабіцеся злачынцамі!» — беларускі дабраахвотнік «Курган» зьвяртаецца да беларускіх вайскоўцаўПаміж людзьмі пануе ўзаемадапамога, няма ніякай панікі, цісканіны ці то ў крамах, ці ў аптэках. Пільнасьць у грамадзянаў вельмі высокая. Гэта Цялежнікаў адчуў і на сабе. Калі ён рабіў фатаздымкі на тэлефон, да яго пачалі прыглядацца мінакі, але ён пасьпеў паказаць ім сваё журналісцкае пасьведчаньне.
«Было адчуваньне, што яшчэ трошкі — і або яны мяне самі затрымаюць, або здадуць паліцыі ці вайскоўцаў. Але варожасьці да беларусаў я тут не адчуў. Праўда, я ня так шмат кантактаваў зь мінакамі. Ведаю, што ёсьць такія меркаваньні, але лічу, што гэта беспадстаўна і нам ня трэба сябе бічаваць. Беларусы з 2014 году ваююць за Ўкраіну, аддаюць свае жыцьці і кроў. Адным зь першых загінулых на Майдане быў беларус Міхась Жызьнеўскі Мы ня мусім нічога нікому даказваць. Ва Ўкраіну едуць і цяпер беларускія добраахвотнікі. Мы, на жаль, не ўплываем на рашэньні, якія прымае Лукашэнка. Ён не атрымаў ад нас згоды на тое, што ён чыніць», — гаворыць Цялежнікаў.
Рэжысэр пад вялікім уражаньнем ад таго, як Украіна змагаецца і адбівае агрэсію. За 8 гадоў зьмяніліся і грамадзтва, і войска. У 2014 годзе ўкраінскую тэхніку на Данбасе маглі блякаваць і самі ўкраінцы, кажа Цялежнікаў, а цяпер, магчыма, частка тых жа ўкраінцаў блякуе расейскую тэхніку.
«Шмат хто не зьбіраецца зьяжджаць з Кіева. Людзі ўпэўненыя ў сваёй дзяржаве, Зяленскі мае моцную падтрымку нават сярод тых, хто яго раней не падтрымліваў. Пуцін не ўлічыў фактару ўкраінскага народу. Беларусы павінны браць прыклад з украінцаў. І беларусы ўжо прыбываюць ва Ўкраіну, уступаюць у вайсковыя фармаваньні. Ёсьць вельмі шмат ахвочых, многія яшчэ ў дарозе. Тое, што іх колькасьць вырастае да роты, сьведчыць пра маштаб зьявы. Спадзяюся, што Ўкраіна гэта ацэніць і не пакіне беларусаў без дапамогі. І што ня будзе так, як на пачатку вайны, з 2014 году, калі нашыя добраахвотнікі гінулі і пасьля ня мелі ніякага прызнаньня, анічога. Нам ня варта саромецца. Мы падтрымліваем Украіну, змагаемся за яе. Беларусы са зброяй у руках бароняць Украіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду ваяваць за Ўкраіну, бо нідзе больш не знайду такіх сяброў». Як беларусы дапамагаюць Украіне