— Працэс і вынікі рэфэрэндуму: вайна супраць Украіны, безумоўна, засланіла гэтую тэму. Але ці засланіла яна агульны ўплыў рэфэрэндуму на Беларусь і на гэты новы крызіс бясьпекі ў Эўропе?
— Напад Расеі на Ўкраіну і рэфэрэндум у Беларусі бясспрэчна зьвязаныя між сабою. Рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі ўчыніць напад зь беларускай тэрыторыі. Няма нічога дзіўнага ў тым, што Злучаныя Штаты і многія нашы саюзьнікі і партнэры выказалі глыбокую занепакоенасьць з нагоды рэфэрэндуму, які прадугледжвае скасаваньне канстытуцыйнага абавязаньня Беларусі заставацца нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавай.
Людзі Беларусі маюць права ведаць, хто прымае гэтыя рашэньні аб будучыні Беларусі. Няма ніякіх прыкмет таго, што яны выступалі за спыненьне нэўтральнага статусу або за вяртаньне ядзернай зброі на беларускую зямлю. Яны не праводзілі шырокага нацыянальнага абмеркаваньня ў гэтых пытаньнях. Незалежна ад таго, ці гэтыя рашэньні прымае Лукашэнка, або нехта ў іншым месцы, яны ўяўляюць сабой размываньне сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны.
Зь нічым не справакаваных нападаў на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі мы мелі магчымасьць бачыць — яшчэ да афіцыйнага дня галасаваньня па прапанаваных папраўках у Канстытуцыю — што гэтыя зьмены азначаюць для Беларусі. Яны азначаюць, што народ Беларусі можа быць уцягнуты ў непажаданыя для яго войны з суседняй краінай, зь якой многія беларусы маюць цесныя сувязі. Зразумела, беларусы гэтага ня хочуць.
Злучаныя Штаты заклікаюць рэжым пакончыць з роляй Беларусі ў гэтым пагібельным канфлікце. І мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ і ўступіць у зьмястоўны дыялёг з усімі элемэнтамі беларускага грамадзтва — у тым ліку з дэмакратычнымі сіламі ўнутры і за межамі краіны — аб будучыні Беларусі, у тым ліку аб свабодных і справядлівых выбарах пад міжнародным назіраньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША афіцыйна спынілі працу пасольства ў Беларусі— Рэфэрэндум суправаджаўся пратэстамі супраць вайны Расеі ва Ўкраіне, сотні людзей былі арыштаваныя падчас першых пасьля выбараў у Беларусі масавых акцый пратэсту. Ці, па-вашаму, гэта істотна?
— Я лічу пратэсты ў Беларусі значнай падзеяй. Нягледзячы на тое, што яны не былі такімі маштабнымі, як пратэсты пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году, яны зьявіліся пасьля доўгіх месяцаў, падчас якіх ўлады арыштоўвалі, зьбівалі і катавалі пратэстоўцаў і тых, хто, на іх думку, выказваў нязгоду зь іх дзеяньнямі. Каб публічна пратэставаць у такім асяродзьдзі, патрэбная вялікая адвага. І, як і ў падзеях пасьля жніўня 2020 году, людзі Беларусі прадэманстравалі сваю мужнасьць, адстойваючы тое, у што яны вераць. І, як і пасьля жніўня 2020 году, сотні зь іх заплацілі сваю цану за гэта і былі арыштаваныя рэжымам, які ня можа цярпець нават найменшую праяву нязгоды або іншадумства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ў Менску перастала аказваць візавыя паслугі, бо не хапае пэрсаналу пасьля скарачэньняў пад ціскам уладаў Беларусі— Ці прысутнічалі амэрыканскія дыпляматы на нейкіх брыфінгах у сувязі з рэфэрэндумам, ці назіралі за галасаваньнем?
— Рэжым у Менску ня быў зацікаўлены ў тым, каб незалежныя назіральнікі з дэмакратычных краін назіралі за гэтым рэфэрэндумам. Нашы дыпляматы былі ў Менску ў дзень рэфэрэндуму, аднак яны не заходзілі ні на якія ўчасткі і не назіралі за падлікам бюлетэняў.
Напярэдадні рэфэрэндуму мы спрабавалі задаваць пытаньні ўладам і імкнуліся пагутарыць з службоўцамі, адказнымі за правядзеньне выбараў, але, зноў жа, рэжым ня меў жаданьня гэтага дазволіць. Беларусы — тыя, хто нібыта прапанаваў папраўкі для абмеркаваньня і галасаваў за зьмены, якія могуць істотна зьмяніць іх краіну і іх жыцьцё — атрымалі мала шчырай і карыснай інфармацыі, якая дапамагла б ім зрабіць абгрунтаваны выбар. З самага пачатку працэс рэфэрэндуму меў нізкі крэдыт даверу і недастатковую легітымнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады ў Менску баяцца актыўнага дыпляматычнага корпусу». Джулі Фішэр пра лёс пасольства і вучэньні ў Беларусі— Цяпер, калі амбасада ЗША спыняе ўсё сваю дзейнасьць у Беларусі, што будзе з амэрыканскімі грамадзянамі ў Беларусі? Зь людзьмі, што маюць падвойнае грамадзянства? Як будуць вырашацца гуманітарныя сытуацыі?
— На жаль, мы ня зможам аказваць паслугі на тэрыторыі Беларусі, і таму ўсе консульскія паслугі, звычайныя і экстранныя, прыпыненыя да далейшага паведамленьня. Грамадзяне ЗША, якія застаюцца ў Беларусі і якім патрэбныя консульскія паслугі, павінны паспрабаваць пакінуць краіну як мага хутчэй і бясьпечней і зьвярнуцца ў амбасаду або консульства ЗША ў іншай краіне. Мы настойліва рэкамэндуем усім грамадзянам ЗША, якія выяжджаюць за мяжу, зарэгістравацца на сайце step.state.gov, каб атрымліваць абвесткі і каб іх можна было знайсьці ў выпадку надзвычайнай сытуацыі.
Грамадзяне ЗША ў Беларусі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, таксама могуць патэлефанаваць у Дзяржаўны дэпартамэнт на нумар 1-606-260-4379 з-за межаў Злучаных Штатаў, або зьвязацца праз электронную пошту MinskConsular@state.gov. Для запытаў са Злучаных Штатаў яны павінны патэлефанаваць на нумар 1-833-741-2777.
Яшчэ да гэтага прыпыненьня дзейнасьці амбасада ў Менску аказвала толькі абмежаваныя консульскія паслугі. У выніку крытычнага дэфіцыту кадраў з прычыны прымусовага скарачэньня беларускімі ўладамі колькасьці супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску, консульскі аддзел ужо прыпыніў усе візавыя і іншыя паслугі, акрамя экстраных паслугаў для амэрыканскіх грамадзянаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцпасланьніца ЗША па Беларусі: Мы дапаможам забясьпечыць незалежнасьць Беларусі на пакаленьні наперад— Ці будзе інтарэсы ЗША прадстаўляць нейкая іншая амбасада?
— Застаецца шмат розных аспэктаў прыпыненьня дзейнасьці — якое адбылося вельмі хутка — над імі мы і Дзяржаўны дэпартамэнт усё яшчэ працуем.
— А як наконт амбасады Беларусі ў ЗША?
— Нам нічога не заставалася, як закрыць амбасаду ў Менску з прычыны варожых і абмежавальных дзеяньняў беларускіх уладаў. Магу вас запэўніць, што амбасада Беларусі ў Вашынгтоне не зазнае такіх учынкаў або ціску з боку ўраду Злучаных Штатаў.
— Што будзе зь беларусамі, якія працуюць у амбасадзе?
— На жаль, беларускіх супрацоўнікаў засталося вельмі мала. Двойчы за апошнія месяцы рэжым Лукашэнкі прымушаў нашу амбасаду значна скараціць колькасьць беларускіх супрацоўнікаў, якую амбасада магла працаўладкаваць, і мы вымушаныя былі звольніць большасьць нашых супрацоўнікаў.
Паколькі гэтае рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці было прынятае хутка, застаецца шэраг нявырашаных пытаньняў.
Мы заўсёды цанілі нашых мясцовых калег, якія выконвалі выдатную працу часта пры вельмі складаных абставінах, дапамагаючы ўмацаваць і падтрымаць адносіны паміж Злучанымі Штатамі і народам Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі абавязалі закрыць у Менску Амэрыканскі цэнтар і офіс USAID. Што гэтыя ўстановы рабілі для беларусаў?— Ці будзе над будынкам усё яшчэ лунаць сьцяг ЗША?
— Нашы дыпляматы ў Менску сёньня раніцай спусьцілі амэрыканскі сьцяг і забралі яго з сабой, калі пакінулі Беларусь. Сьцяг лунаў там больш за 30 гадоў, што было бачным знакам амэрыканскай прысутнасьці, рукі сяброўства і дапамогі, якую ЗША працягвалі народу Беларусі. Мы зь нецярпеньнем чакаем дня, калі сьцяг ЗША зноў залунае над амбасадай Злучаных Штатаў у Менску.
— Чаму ЗША вырашылі закрыць амбасаду і чаму менавіта цяпер?
— Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ўлады ў Мінску ўсё больш абмяжоўвалі дзейнасьць нашай амбасады, а таксама іншых заходніх амбасадаў. Незалежныя СМІ, асобныя журналісты і карыстальнікі сацыяльных сетак, а таксама няўрадавыя арганізацыі таксама былі аб’ектам нападак, каб яны не маглі распаўсюджваць праўду або быць пачутымі, дамагаючыся больш дэмакратычнай і квітнеючай будучыні дья Беларусі.
Рэжым Лукашэнкі неаднаразова прымушаў амбасаду ЗША ў Менску скараціць штат як амэрыканскіх дыпляматаў, так і беларускіх супрацоўнікаў. Улады абмежавалі ўзаемадзеяньне нашых дыпляматаў зь беларускімі чыноўнікамі на ўсіх узроўнях, прымусілі закрыць нашы аб’екты, дзе мы кантактавалі з грамадзкасьцю, і выкарыстоўвалі дзяржаўныя СМІ і іншыя дзяржаўныя ўстановы для перасьледу дыпляматаў, якія выконвалі звычайныя дыпляматычныя абавязкі.
Гэтыя абмежаваньні, варожасьць беларускіх уладаў і ўсё большае ўсьведамленьне таго, што мы ня можам разьлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеяньне з уладамі, ускладнялі працу амэрыканскіх дыпляматаў у Беларусі.
У сувязі з саўдзелам Беларусі ў апошнім расейскім уварваньні ва Ўкраіну і нядаўнімі варожымі дзеяньнямі супраць дыпляматаў у Менску, мы таксама маем сур’ёзныя сумневы ў гатовасьці ўладаў выконваць свае абавязаньні ў рамках міжнародных канвэнцыяў па абароне і дазволе свабоднага перамяшчэньня дыпляматаў.
— Ці азначае закрыцьцё амбасады, што ЗША больш ня будуць займацца беларускімі пытаньнямі, або ня будуць мець магчымасьці размаўляць зь беларускімі чыноўнікамі?
— Злучаныя Штаты будуць працягваць займацца праблемамі, важнымі для народу Беларусі. Зь Беларусьсю працуюць дыпляматы ў Вільні, а таксама ў Варшаве, Вашынгтоне, Вене і іншых бліжэйшых амбасадах. ЗША па-ранейшаму адданыя людзям Беларусі і іх памкненьням да больш дэмакратычнай і квітнеючай будучыні, у якой яны могуць свабодна выбіраць сваіх лідэраў. Гэтая адданасьць будзе захоўвацца, і мы будзем надалей працягваць нашу працу, каб дапамагчы народу Беларусі дасягнуць гэтай будучыні.