Пуцін абавязаў экспартэраў прадаваць 80% валютнай выручкі і забараніў расейцам залічваць валюту на замежныя рахункі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у адказ на ўведзеныя супраць Расеі санкцыі падпісаў указ «Аб ужываньні спэцыяльных эканамічных мераў у сувязі зь недружалюбнымі дзеяньнямі ЗША і замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, якія далучыліся да іх».

Тэкст дакумэнту апублікаваны на расейскім партале праўнай інфармацыі.

Згодна з указам, экспартэры павінны прадаваць 80 працэнтаў замежнай валюты, залічанай з 1 студзеня 2022 году з кантрактаў зь нерэзыдэнтамі. Гэта неабходна зрабіць не пазьней за тры дні пасьля ўступленьня ўказу ў сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць Банку Расеі і Фонду нацыянальнага дабрабыту

З 1 сакавіка 2022 году рэзыдэнтам Расеі забараняецца:

  • пералічваць замежную валюту нерэзыдэнтам паводле дамоваў пазыкі;
  • залічваць замежную валюту на рахункі ў банках за межамі Расеі;
  • пераводзіць грошы без адкрыцьця банкаўскага рахунку замежным пастаўнікам платных паслуг з выкарыстаньнем электронных платных сродкаў, якія належаць замежным пастаўнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад замарожвае рэзэрвы Банку Расеі і ФНБ. Расказваем, да чаго гэта прывядзе

Санкцыі за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну раней увялі краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Японія і іншыя. Сярод іншага санкцыі закранулі некалькі расейскіх банкаў.

28 лютага ЗША ўвялі санкцыі супраць Цэнтральнага банку Расеі, Фонду нацыянальнага дабрабыту Расеі і міністэрства фінансаў Расеі — грамадзянам ЗША забараняецца ўдзельнічаць у апэрацыях зь імі. Таксама пад санкцыі падпаў Расейскі фонд прамых інвэстыцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўводзяць пэрсанальныя санкцыі супраць Пуціна за ўварваньне ва Ўкраіну