Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўводзяць пэрсанальныя санкцыі супраць Пуціна за ўварваньне ва Ўкраіну


Сяргей Лаўроў і Ўладзімір Пуцін
Сяргей Лаўроў і Ўладзімір Пуцін

Улады ЗША ўводзяць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну, паведаміла 25 лютага прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі.

Санкцыі ў дачыненьні да кіраўнікоў дзяржаў — мера, якая ўжываецца ў выключных выпадках.

Таксама пад санкцыі трапяць члены Савета бясьпекі Расеі.

Некалькі гадзін раней Рада ЭЗ у замежных справах прыняла другі пакет санкцый, які прадугледжвае замарожваньне актываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. Пры гэтым абмежаваньні ня будуць распаўсюджвацца на паездкі, паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

Вялікая Брытанія таксама ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Пуціна і Лаўрова. «Сьвет павінен быць упэўнены, што прэзыдэнт Пуцін пацерпіць няўдачу ў гэтым акце агрэсіі», — заявіў брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан.

Эўразьвяз да гэтага прыняў пакет санкцый, які закране 70 працэнтаў банкаўскага сэктару Расеі і асноўныя дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку вайсковую прамысловасьць. ЭЗ таксама плянуе ўвесьці забарону на экспарт нафты і «зрабіць для Расеі немагчымым удасканаленьне яе нафтаперапрацоўчых заводаў».

Акрамя таго, ЭЗ забароніць продаж самалётаў і авіяцыйнага абсталяваньня расейскім авіялініям. Пакет санкцый прадугледжвае таксама абмежаваньне продажу ў Расею паўправаднікоў і праграмнага забесьпячэньня. Дыпляматы і бізнэсмэны з Расеі больш ня змогуць атрымліваць візы Эўразьвязу ў прыярытэтным парадку.

Аб сэктаральных і фінансавых санкцыях у дачыненьні да Расеі абвясьцілі Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія, а Чэхія, Латвія і Літва спынілі выдачу віз расейцам, акрамя гуманітарных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG