Жонка палітзьняволенага актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля паведаміла праваабаронцам, што яго зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА. Агулам палітвязень правёў у штрафным ізалятары 30 дзён, а сёньня стала вядома, што яму дадалі яшчэ сем — ён прабудзе там як мінімум да 1 сакавіка.
Таксама вядома, што дадому да жонкі палітвязьня прыходзіла міліцыя — яны шукалі яе, прасілі ў бацькі ключы ад дому. Прычына такой цікавасьці сілавікоў невядомая — жанчына за мяжой.
Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» 25 траўня асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты парлямэнтаў 16 эўрапейскіх краін падпісалі супольны ліст з заклікам спыніць катаваньні ў беларускіх турмахЖурналіста Дзяніса Івашына зьмясьцілі ў карцар
Дзяніс Івашын у карцары з 23 лютага. Ён правядзе там 10 дзён.
«Пакуль мы ўсе сочым за ваеннымі падзеямі, высьветлілася, што Дзяніса Івашына чарговы раз (у другой палове серады 23 лютага) зьмясьцілі ў карцар на 10 содняў. Ніякіх перадачаў, пасылак ды інш., зразумела, але ўсё падобнае дробнае паскудзтва ня мае таго эфэкту, які б хацелі дасягнуць здраднікі й калябаранты», — напісала ягоная жонка Вольга.
Дзяніс Івашын — палітвязень і журналіст, яго падазраюць па арт. 365 КК «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных справаў» і арт. 356 КК «Здрада дзяржаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Важна верыць у дабро». Гісторыя актывіста, які адседзеў 15 гадоў, дапамагаў былым вязьням і сам трапіў пад рэпрэсііДа жонкі палітвязьня Віталя Жука прыйшлі зь ператрусам
23 лютага прайшоў чарговы ператрус у сям’і Маргарыты Касабуцкай, піша «Вясна». Яе мужа, палітвязьня Віталя Жука, раней асудзілі за абразу Лукашэнкі да 1,5 гадоў калёніі. На розных падставах сілавікі прыходзілі да Маргарыты ўжо некалькі разоў.
Падчас ператрусу стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі фразаю «Лукашэнка — нелегітымны прэзыдэнт». Гэтым разам на ператрус сілавікі прыйшлі разам з прадстаўнікамі органаў апекі. Але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля. Саму Маргарыту не затрымалі.
Утрыманьне Анджэя Пачобута пад вартай працягнулі на 3 месяцы
Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка Пачобута Аксана. Анджэй Пачобут ужо амаль год знаходзіцца за кратамі праз палітычна матываваныя абвінавачаньні. Сёлета калегі прызналі яго журналістам году ў Польшчы, гэта ўжо другая такая ўзнагарода для журналіста зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што Борыс і Пачобута хацелі вызваліць. І патлумачыў, чаму гэтага не адбылося