«Чэргі, гукі стрэлаў, усё як у фільмах пра Другую сусьветную». Беларускі фатограф спрабуе выехаць з Кіева цягніком

Цэнтральны вакзал Кіева 24 лютага. Многія кіяўляне спрабуюць пакінуць сталіцу

Былы фотарэдактар Tut.by Сяргей Балай выехаў зь Беларусі пасьля разгрому рэдакцыі ў траўні 2021-га, 9 апошніх месяцаў ён пражыў у Кіеве. Цяпер ён спрабуе выехаць з Украіны, якая адбівае расейскую вайсковую агрэсію.
ОНЛАЙН-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ: Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

Свабода датэлефанавалася да Сяргея неўзабаве пасьля таго, як ён змог трапіць у вагон электрычкі Кіеў — Роўна. Ён расказаў пра тое, што цяпер адбываецца на цэнтральным чыгуначным вакзале Кіева і ці проста выехаць з гораду чыгункай.

Сяргей Балай. Архіўнае фота

«Вось літаральна хвіліну таму я сеў у электрычку да Роўна і далей адтуль буду выбірацца ў Польшчу, — расказаў Сяргей. — Гэта звычайная электрычка. Прычым літаральна ў апошні момант я даведаўся пра гэта: думаў, будзе цягнік з вагонамі. Нам паказалі ў апошні момант, зь якой каляіны яна адпраўляецца. Пачалася страляніна недзе за кілямэтар ад вакзала, усе пабеглі».

Па словах Сяргея, найбольшай папулярнасьцю ў ахвочых выехаць з Кіева карыстаюцца цягнікі на Львоў. Яны цяпер выяжджаюць з Кіева раз на дзьве гадзіны.

«Паніка дурная абсалютна, — гаворыць Сяргей. — Цягнікі падаюць пэрыядычна. Я вось спрабаваў убіцца ў адзін. Мая знаёмая журналістка змагла, а я не. Гэта ўсё як у фільмах пра Другую сусьветную. Усе ломяцца ў цягнік, іх адганяюць. Квіткоў ніхто не купляе, усе сядаюць бясплатна, пры гэтым людзі стаяць у касы чамусьці, там чэргі. А 20-й будзе цягнік на Варшаву, я ня ведаю, што там будзе адбывацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я застаюся ў Кіеве, бо веру ў перамогу». Эканаміст Яраслаў Раманчук расказвае пра пачатак вайны

Сяргей Балай расказвае, што на вакзал прыехаў у 8:30 ранку, каб крыху зарыентавацца, што адбываецца. Выехаць у яго атрымалася толькі ў 12:20. Дарога да Роўна ў яго зойме каля 7 гадзінаў. Сяргей спадзяецца трапіць з Роўна ў Польшчу. Ён ня мае польскай візы, але разьлічвае скарыстацца гуманітарным калідорам.

«У Кіеве, безумоўна, адчуваецца, што вайна, — гаворыць Сяргей. — Але яно так — пачынаюць страляць, людзі бягуць. Калі спакойна, то і людзі спакойныя. Кураць цыгарэты на вуліцы, размаўляюць. Уначы быў абстрэл ракетамі, але я яго праспаў. Суткі ня спаў да гэтага і пасьля вырубіўся і ўсе правароніў».

Па словах Сяргея, беларускія журналісты зараз пакідаюць Кіеў масава. Частка выехала у першы дзень вайны, рэшта стараецца выехаць сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я асабіста да беларусаў прэтэнзіяў ня маю, толькі да таракана». Тысячы ўкраінцаў ужо выехалі ў Польшчу

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.