«Гэта пачатак вайны супраць Эўропы, супраць адзінства Эўропы. Супраць элемэнтарных правоў чалавека ў Эўропе, супраць усіх правілаў суіснаваньня на кантынэнце», — заявіў Зяленскі ў звароце да ўкраінскага народу.
Паводле яго, уся Эўропа бачыць, як ужо другі дзень запар Расея наносіць па Ўкраіне ракетныя і артылерыйскія ўдары. «Але мы ня бачым, што вы з гэтым зьбіраецеся рабіць і як зьбіраецеся абараняць сябе, калі так павольна дапамагаеце нам ва Ўкраіне».
Разам з тым ён падзякаваў сьвету за ўвядзеньне сэктаральных санкцыяў супраць Расеі.
«Але расейскія танкі ўсё яшчэ страляюць па жылых дамах у нашых гарадах. Бронетэхніка ўсё яшчэ атакуе цывільных людзей, звычайных грамадзян Украіны. Эўропа мае дастатковую моц, каб спыніць гэтую агрэсію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Харкавам украінская армія зьнішчыла расейскія «Грады». Расейцы абстрэльваюць цэнтар і жылыя масівы горадуПрэзыдэнт Украіны заклікаў Расею да перамоваў. «Хачу яшчэ раз зьвярнуцца да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны ідуць баі, давайце сядаць за стол перамоваў, каб спыніць гібель людзей».
Адначасова Зяленскі зьвярнуўся і да ўкраінскай арміі. «Стойце моцна! Вы — усё, што мы маем і што абараняе нашу дзяржаву. Слава Ўкраіне!».