Пажылы імпэратар схіліўся з алоўкам і нажніцамі над геаграфічнай мапай, і ўсе раптам убачылі, што гэта мапа таго даўно зьніклага сьвету, які быў больш як стагодзьдзе таму. У тым сьвеце памежныя слупы Расейскай імпэрыі на захадзе былі ўкапаныя пад Познанем і Кракавам, а на поўначы пазначалі палярную мяжу са Швэцыяй недзе ў фінскай тундры. Адна рэч, калі б той сьвет існаваў толькі ў хваравітых уяўленьнях і трызьненьнях аматара імпэрскай гісторыі. Зусім іншая — калі ён рэальна мае магчымасьць паспрабаваць перакроіць сваімі нажніцамі гэты сьвет і калі пад гэтыя нажніцы могуць трапіць лёсы тысяч і мільёнаў людзей. Дзеля прыхамаці аднаго славалюбнага палітыка. Дзеля хімэраў мінулага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з аргумэнтамі Пуціна і іншых на паседжаньні Савету бясьпекі РФ наконт «ЛНР» і «ДНР»? Праверым фактыПушылін і Пасечнік чакаюць віншаваньняў зь Менску
У Крамлі, выглядае, трохі ачмурэлі, калі 22 лютага не дачакаліся ад Лукашэнкі ня тое што ўказу аб прызнаньні дзьвюх марыянэткавых дзяржаваў і ўстанаўленьня зь імі дыпляматычных адносінаў, але нават віншавальнай тэлеграмы на адрас Пуціна, Пушыліна і Пасечніка.
Лукашэнка нібы забыў, што на двары не 2014 год, што час геапалітычнага гандлю для яго даўно мінуў і што расейскія арміі стаяць ня толькі пад Марыюпалем і Данецкам, але і пад Асіповічамі і Жыткавічамі. Не апошні чалавек у Крамлі — сьпікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін — на ўсялякі выпадак прыгразіў: «Мы спадзяемся, што рашэньне падтрымаюць і іншыя краіны. І ня будуць імкнуцца для ўсіх быць добрымі Такая пазыцыя скончыцца дрэнна. У першую чаргу для тых, хто вось так вось спрабуе падладзіцца пад гэты зьменлівы сьвет».Адрасатаў у гэтай непрыхаванай пагрозы — столькі ж, колькі саюзьнікаў у пуцінскай Расеі: фактычна — адзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская пагроза Ўкраіне і рэакцыя сьвету. Што адбывалася 23 лютагаШкада, што Лукашэнку ня выклікалі на тое лёсавызначальнае крамлёўскае паседжаньне Савету бясьпекі Расеі, дзе высокапастаўленыя чыноўнікі адзін за другім перад тэлекамэрай вымушаныя былі дэманстраваць сваю ляяльнасьць і поўную падтрымку пуцінскага рашэньня аб агрэсіі супраць суседняй краіны. Вось паставілі б яго перад яснымі вачыма Пуціна і прымусілі б, як кіраўніка вонкавай выведкі Нарышкіна, проста і зразумела адказаць на пытаньне: падтрымлівае ён прызнаньне ДНР-ЛНР ці не. Калі б заблытаўся — падказалі б правільны адказ.
Мы моўчкі — хто з жахам, хто з надзеяй, а хто раўнадушна — назіраем, як лёс нашай краіны вырашаюць іншыя людзі ў іншых месцах. Ці застанецца Беларусь незалежнай — вызначаецца зараз у акопах пад Данецкам і Луганскам. І ў крамлёўскіх кабінэтах. І яшчэ недзе ў эўрапейскіх і амэрыканскіх сталіцах. Дзе заўгодна — толькі не ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай будзе пракляты гэты Пуцін». Выбухі і абстрэлы на Данбасе. ВідэаНе захаваецца незалежная Ўкраіна — пра дзяржаўнасьць Беларусі можна будзе забыць. Хто там яшчэ ў імпэрскім сьпісе Пуціна — няцяжка здагадацца. Але першая ў гэтым пераліку пасьля Ўкраіны — Беларусь. Тут сумневаў мала.
Ёсьць нешта прыніжальнае і крыўднае ў тым, што беларусы вымушаны маўчаць і сядзець склаўшы рукі ў той час, як іншыя вырашаюць іхны лёс. Калі б абаранялі ўласную незалежнасьць і думалі пра ўласную будучыню як сувэрэннай дзяржавы — усімі спосабамі дапамагалі б выстаяць Украіне. Літоўцы, палякі, латышы, эстонцы — не маўчаць. Іхныя заходнія партнэры нават крыху зьдзіўленыя настойлівасьцю і жорсткасьцю пазыцыі гэтай «чацьвёркі». Але насамрэч тут усё празрыста і зразумела. Калі расейскія танкі ўвойдуць у Кіеў, наступнымі кірункамі танкавых удараў Масквы будуць і Вільня, і Варшава, і Рыга, і Талін. Проста разгарніце мапу Расейскай імпэрыі 1914 году — і ўсё ўбачыце. А для тых, хто сумняецца — паглядзіце, як аднаўляў імпэрыю ў 1939–40 гадах папярэдні «зьбіральнік» «исконно русских земель» Ёсіф Сталін. У таго таксама ўсё ішло строга ў адпаведнасьці з мапай імпэрыі Раманавых: Хэльсынкі, Талін, Рыга, Вільня, Варшава, Кішынёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшоў час дзейнічаць». Прэзыдэнты Літвы і Польшчы прыбылі зь місіяй салідарнасьці ў КіеўЯк маленькі дыктатар спрабаваў перахітрыць вялікага
Нам толькі здаецца, што сьвет упершыню перажывае нешта падобнае. У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя іншы аматар гісторыі таксама спрабаваў аднаўляць гістарычную справядлівасьць і перакройваць мапу кантынэнту паводле ўласных «хацелак». Маленькія краіны, сувымерныя зь сёньняшняй Беларусьсю, паводзіліся ў той сытуацыі па-рознаму. Адны (як, напрыклад, Данія, Грэцыя, Нарвэгія) спрабавалі супрацьстаяць агрэсіі. І, хоць былі асуджаныя на акупацыю, урэшце разам з усёй антыгітлераўскай кааліцыяй сьвяткавалі перамогу. Іншыя (іх няшмат, але яны былі: Вугоршчына, Славаччына, Баўгарыя) сталі на бок агрэсара.
Асабліва адметныя, на маю думку, гістарычныя паралелі з Баўгарыяй. На пачатак Другой сусьветнай вайны гэта была маленькая дыктатарская краіна на чале з царом Барысам. Ён спрабаваў лявіраваць паміж рознымі полюсамі сілы, але ўрэшце стаў на бок Гітлера, які выглядаў наймацнейшым. На пачатку 1941-га са згоды баўгарскага дыктатара тут зьявіліся першыя падразьдзяленьні вэрмахту. Баўгарыя далучылася да Бэрлінскага пакту. 6 красавіка 1941 году ў тым ліку з баўгарскай зямлі пачалося нямецкае ўварваньне ў Югаславію і Грэцыю. Адметна, што Баўгарыя прадаставіла немцам сваю тэрыторыю, у тым ліку аэрадромы, аднак выкрутлівы цар Барыс дамогся таго, каб самі баўгарскія арміі непасрэдна ва ўварваньні ня ўдзельнічалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнатар ЗША: «Лукашэнка адчайна спрабуе выжыць»Баўгарыя спаўна скарысталася з гітлераўскіх захопаў, значна пашырыла свае межы коштам суседзяў. Але як толькі Гітлер стаў прайграваць, пасьля Эль-Аламэйну і Сталінграду, пранырлівы баўгарскі дыктатар стаў шукаць кантакту з англа-амэрыканскімі коламі, каб пераскочыць на бок пераможцаў. Абвэр і СД гэта тут жа выкрылі, зьявіліся вялікія падозраньні ў Гітлера. Цар Барыс быў тут жа выкліканы ў стаўку фюрэра для тлумачэньняў. 28 жніўня 1943 году, падчас вяртаньня пасьля рандэву з Гітлерам у Сафію, цар Барыс раптоўна памёр. Ва ўзросьце 49 гадоў. Афіцыйна паведамілі: ад інфаркту. З кожным можа здарыцца.
Перажыць двух дыктатараў
Зьмены ў Расеі адбудуцца тады, калі ня стане Пуціна. У Беларусі — калі ня стане ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Выглядае, нам няма на што спадзявацца, як толькі на час. І Пуцін, і Лукашэнка — ужо ня ў тым узросьце, калі закамплексаваныя фэльдфэбэлі вядуць вялікія шматгадовыя заваёўніцкія паходы дзеля пераўладкаваньня сьвету. Адольфу Гітлеру, калі ў яго канчаткова высьпелі пляны вялікай агрэсіі, а дзеля рэалізацыі тых плянаў зьявіліся танкавыя дывізіі і Люфтаффэ, было 49 гадоў. Пуціну сёлета 70 (Лукашэнку трохі меней — 68).
У Пуціна яўна няма наперадзе тых двух дзесяцігоддзяў фізычнай і інтэлектуальнай моцы і актыўнасьці, безь якіх наўрад ці магчыма кіраваць усёй гэтай вялізнай апэрацыяй пераўладкаваньня сьвету. Ягоныя неўтаймоўныя геапалітычныя апэтыты абмежаваныя найперш ягоным уласным жыцьцёвым рэсурсам. (Хоць, вядома, ня толькі гэтым — але і адзінствам заходняга сьвету.) І ёсьць надзея, што яму проста ня хопіць часу, каб на працягу многіх гадоў краіну за краінай вяртаць колішнія імпэрскія ўскраіны «ва ўлоньне нашага славянства».
Ён яўна заклапочаны ўласным месцам у сусьветнай гісторыі. Але пакуль што за 22 гады яму ўдалося адваяваць толькі нейкія ашмёткі былой вялікай імпэрыі. Чачня, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, Крым, Данбас — гэта толькі дробныя фрагмэнты, кавалачкі, якіх яўна недастаткова, каб застацца ў гісторыі вялікім зьбіральнікам, заваёўнікам. Пуцін — майстар малых войнаў, але гэтага яму яўна мала. Вяртаньне Ўкраіны — вось што магло б зрабіць яго вялікім для нашчадкаў. І рэалізацыю гэтай ягонай мары мы, хутчэй за ўсё, зараз і назіраем. З жахам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.