Як вынікае з апэратыўных зьвестак трансмежных ператокаў электраэнэргіі, апублікаваных на сайце Нацыянальнай кампаніі «Укренерго», 23 лютага пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі не ажыцьцяўляюцца.
Раней Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны і дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне «Белэнэрга» паведамлялі, што адключэньне трансмежных ператокаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай узгоднена і заплянавана на 24-26 лютага. Гэта адбываецца ў межах падрыхтоўкі Аб’яданай энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны да адключэньня ад энэргетычных сыстэм Беларусі і Расеі і далучэньня да эўрапейскай сеткі ENTSO-E.
У верасьні 2021 году прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заяўляў, што ўжо ў зімовы пэрыяд 2021/2022 году ўкраінская энэргасыстэма будзе працаваць асобна ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорд: ва Ўкраіне расказалі, колькі купілі ў Беларусі электраэнэргіі і колькі за яе заплаціліЗ пачатку лютага прыватныя ўкраінскія кампаніі набылі ў Беларусі 302,6 мільёна кіляват-гадзін.
У 2021 годзе Беларусь прадала Ўкраіне рэкордны за апошнія сем гадоў аб’ём электраэнэргіі — 1,176 мільярда кВт-гадзін.
Паводле Нацыянальнай энэргетычнай кампаніі Ўкраіны «Укренерго», у 2020 годзе пастаўкі беларускай электраэнэргіі склалі 152,3 мільёна кВт-гадзін, у 2019 — 851,3 мільёна кВт-гадзін.
У 2016–2018 гадах паcтаўкі беларускай электраэнэргіі ажыцьцяўляліся толькі для энэргазабесьпячэньня так званых тупіковых раёнаў памежных населеных пунктаў Беларусі і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зрабіла ўсе тэхнічныя крокі для адключэньня ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі