Пасьля гэтага тэлеканал паказаў падпісаньне ўказаў аб прызнаньні незалежнасьці і дагавораў аб дружбе і супрацоўніцтве з так званымі «Данецкай народнай рэспублікай» і «Луганскай народнай рэспублікай».
Заява аб прызнаньні прагучала пасьля працяглага выступу Пуціна, у якім ён выкладаў сваё бачаньне сучаснай расейскай і ўкраінскай гісторыі.
Як стала вядома празь некаторы час, расейскія вайсковыя падразьдзяленьні будуць накіраваныя ў сэпаратысцкія «ЛНР» і «ДНР». Гэта вынікае з указаў аб прызнаньні дзьвюх «рэспублік» Данбасу з подпісам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: у ім сказана, што ён даручыў расейскім вайскоўцам «забясьпечыць падтрыманьне міру» ў «ДНР» і «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея накіруе сваіх вайскоўцаў у «ЛНР» і «ДНР»: указ ПуцінаЗгодна з указамі, расейскія вайскоўцы будуць ажыцьцяўляць гэтыя функцыі «да моманту заключэньня дагавораў аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе».
Колькі менавіта вайскоўцаў будзе уведзена ў «ЛНР» і «ДНР», невядома. Расея засяродзіла на межах Украіны войска прыкладна ў 150 тысяч вайскоўцаў, уключаючы цяжкую тэхніку, ЗРК і баявую авіяцыю. Пры гэтым яна абвінавачвае Ўкраіну ў абстрэлах тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а таксама Расеі, што Ўкраіна катэгарычна адмаўляе.
Экспрэс-камэнтар аналітыкаў Свабоды
Ці азначае прызнаньне Расеяй самаабвешчаных рэспублік ва Ўкраіне вайну? Якой будзе рэакцыя Захаду на гэтае рашэньне Пуціна? Ці прызнае Беларусь незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР»? Калі зь Беларусі выйдуць расейскія войскі, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях?
Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
Чытайце тэзісы дыскусіі Пуцінскі сцэнар для Лукашэнкі. Камэнтар аналітыкаў
Лідэры ЗША, ЭЗ і NATO рашуча асудзілі крок Расеі і заявілі пра санкцыі
- Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль і кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен у заяве для прэсы «рашуча асудзілі рашэньне прэзыдэнта Расеі аб прызнаньні непадкантрольных ураду тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны ў якасьці самастойных суб’ектаў». Паводле эўрапейскіх лідэраў, гэты крок зьяўляецца абуральным парушэньнем міжнароднага права, а таксама менскіх пагадненьняў, і ЭЗ адрэагуе санкцыямі супраць тых, хто «мае дачыненьне да гэтага супрацьпраўнага дзеяньня».
- Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг заявіў, што «асуджае рашэньне Расеі прызнаць самаабвешчаныя «Данецкую народную рэспубліку» і «Луганскую народную рэспубліку»». Паводле яго, гэта яшчэ больш падрывае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, падрывае намаганьні па ўрэгуляваньні канфлікту і парушае Менскія пагадненьні, удзельніцай якіх зьяўляецца Расея.
- Белы дом пасьля заканчэньня выступу Пуціна выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што ЗША чакалі падобных дзеяньняў з боку Расеі. Сам гэты крок названы грубым парушэньнем Масквой яе міжнародных абавязаньняў. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн неўзабаве павінен падпісаць указ аб забароне любым амэрыканскім кампаніям і арганізацыям мець справу з так званымі «ДНР» і «ЛНР», а таксама аб магчымасьці ўводзіць санкцыі супраць любых асобаў, якія вядуць там бізнэс. У заяве сказана, што размова не ідзе аб тым санкцыйным пакеце, які павінен уступіць у дзеяньне ў выпадку расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
- Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон асудзіў рашэньне Пуціна прызнаць так званыя «ДНР» і «ЛНР», выступіў за ўвядзеньне санкцый ЭЗ і прапанаваў склікаць экстранае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў да «адназначнага адказу і неадкладных санкцый» супраць Крамля. Найбліжэйшым часам чакаецца рэакцыя іншых сусьветных лідараў.
- Хаўрусьнік Крамля прэзыдэнт Сырыі Башар Асад гатовы прызнаць незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР» — аб гэтым заявілі ва яго ўрадзе.
Рэакцыя Ўкраіны
Генэральная пракурора Ўкраіны распачала крымінальную справу пасьля заявы прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб прызнаньні незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне завялі крымінальную справу ў сувязі з прызнаньнем так званых «ЛНР» і «ДНР»Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў апошнія падзеі з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Пра гэта ён паведаміў 21 лютага ў сваім акаўнце ў Twitter.
«Я абмеркаваў падзеі апошніх гадзін з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Мы пачынаем пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што таксама мае перамовы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам.
- Узятыя пад кантроль сэпаратыстамі рэспублікі былі абвешчаны вясной 2014 году. Расея да гэтага часу лічыла так званыя «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыяй Украіны, аднак, па шматлікіх сьведчаньнях, аказвала ім разнастайную дапамогу, у тым ліку наўпрост ваенную.
- Статус «ДНР» і «ЛНР» быў зафіксаваны Менскімі пагадненьнямі, выпрацаванымі Ўкраінай, Расеяй, Францыяй і Германіяй. Расея адмаўлялася лічыць сябе бокам канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Масква і Кіеў шматкроць абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэньні ці невыкананьні палажэньняў Мінскіх пагадненьняў.
Што папярэднічала
У панядзелак прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў нечарговае пасяджэньне Савету бясьпекі РФ, дзе абмяркоўваў пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР». Усе удзельнікі пасяджэньня выказаліся за прызнаньне.
Выслухаўшы іх выступы. Пуцін заявіў, што прыме рашэньне сёньня ж.
Раней з просьбай прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных «рэспублік» да Пуціна зьвярнулася Дзяржаўная дума Расеі і кіраўнікі так званых «ДНР» Дзяніс Пушылін і «ЛНР» Леанід Пасечнік.
Перад гэтым Уладзімір Пуцін пацьвердзіў пляны Расеі прызнаць незалежнасьць так званых «ЛНР» і «ДНР» падчас тэлефонных перамоваў з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Як паведамляе прэс-служба Крамля, Пуцін паінфармаваў іх аб выніках пасяджэньня Савету бясьпекі Расеі.
«З улікам усяго гэтага прэзыдэнт Расеі паведаміў, што бліжэйшым часам мае падпісаць адпаведны ўказ», — гаворыцца ў паведамленьні Крамля.
Шольц і Макрон выказалі расчараваньне і падкрэсьлілі, што гэта супярэчыць Менскім пагадненьням аб урэгуляваньні канфлікту і ёсьць аднабаковым парушэньнем дамоўленасьцяў Расеяй.
Канцлер Оляф Шольц таксама стэлефанаваўся з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Дэталяў перамоваў пакуль не паведамляюць.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што склікаў тэрміновае паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.