Згодна з указамі, расейскія вайскоўцы будуць ажыцьцяўляць гэтыя функцыі «да моманту заключэньня дагавораў аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе».
Колькі менавіта вайскоўцаў будзе ўведзена ў «ЛНР» і «ДНР», невядома. Расея засяродзіла на межах Украіны войска прыкладна ў 150 тысяч вайскоўцаў, уключаючы цяжкую тэхніку, ЗРК і баявую авіяцыю. Пры гэтым яна абвінавачвае Ўкраіну ў абстрэлах тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а таксама Расеі, што Ўкраіна катэгарычна адмаўляе.
Увечары 21 лютага Пуцін зьвярнуўся да расейцаў у сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне, а затым падпісаў указ аб прызнаньні незалежнасьці «ЛНР» і «ДНР». Гэта адбылося пасьля таго, як да яго зьвярнуліся з гэтай просьбай лідэры данбаскіх сэпаратыстаў.
Генэральная пракурора Ўкраіны распачала крымінальную справу пасьля заявы прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб прызнаньні незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР»
Перад гэтым Пуцін правёў пасяджэньні Савета бясьпекі РФ, дзе па пытаньні аб прызнаньні «ДНР» і «ЛНР» выказаліся яго найбліжэйшыя саветнікі і вышэйшыя чыноўнікі.
Аб тым, што ў Данбасе прысутнічаюць расейскія войскі, расьсьледавальнікі паведамлялі з 2014 года, калі пачаўся канфлікт ва Ўсходняй Украіне. Крэмль гэта адмаўляў. У 2015 годзе Пуцін заявіў: «Мы ніколі не казалі, што там няма нашых людзей, якія займаюцца вырашэньнем пэўных ваенных пытаньняў. Але гэта ня значыць, што там прысутнічаюць расейскія войскі. Адчуйце розьніцу».
Пасьля гэтага яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін нібыта казаў пра добраахвотнікаў, а не пра расейскіх вайсковых спэцыялістаў: «Там вайна ішла. Людзі ехалі туды ваяваць. Стралялі, удзельнічалі ў баявых дзеяньнях. Гэта і ёсьць ваенная сфэра», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта.