Украіна, Літва і Латвія адрэагавалі на працяг расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў

На думку ўкраінскага боку, прагназавалася, што расейскія войскі застануцца ў Беларусі. У Літве заклікаюць узмацніць бясьпеку Эўропы.

Працяг расейска-беларускіх вучэньняў у Беларусі быў прадказальным, таму загадзя былі зробленыя неабходныя захады, заявіў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

«З кожным днём усё больш людзей будуць усьведамляць, што мы насамрэч абараняем Эўропу. Гэта адкрые магчымасьці для новых хаўрусаў і павелічэньня падтрымкі на розных узроўнях», — цытуе Рэзьнікава прэс-служба яго ведамства.

Заявы аб працягу расейска-беларускіх вайсковых манэўраў на тэрыторыі Беларусі ствараюць напружанасьць і пагрозу бясьпецы ня толькі суседнім краінам, але і ўсёй Эўропе, лічыць прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Невыкананьне публічна абвешчаных тэрмінаў правядзеньня вайсковых вучэньняў зьяўляецца яшчэ адным сур’ёзным парушэньнем абавязаньняў у рамках Венскай дамовы», — напісаў Наўседа ў Фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На чужой вайне

Паводле літоўскага прэзыдэнта, незвычайнае па маштабах і тэрмінах перамяшчэньне расейскіх і беларускіх войскаў патрабуе дадатковых захадаў стрымліваньня і бясьпекі ў Літве і на ўсім усходнім флянгу NATO.

«Разам з саюзьнікамі мы зробім усё магчымае, каб ні ў кога не зьявілася ніякага жаданьня праверыць нашу прыхільнасьць бясьпецы і абароне адзін аднаго», — дадаў Наўседа.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс напісаў у твітэры, што працяг знаходжаньня расейскіх войскаў у Беларусі парушае ўсе гарантыі іх вываду.

«Гэта яўная падрыхтоўка да нападу на Ўкраіну ў бок Кіева і паўзучая анэксія Беларусі», — лічыць Ландсбэргіс.

На яго думку, гэта пераломны момант для бясьпекі краін NATO, што мяжуюць зь Беларусьсю. Цяпер неабходна ўмацоўваць альянс і санкцыі Эўразьвязу.

Літва плянуе павялічыць кантынгент сіл NATO ў сувязі з заявай Хрэніна аб працягу «праверкі сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы». Таксама ўрад Літвы мае намер выдзеліць дадатковыя сродкі на закупку ўзбраеньняў. Пра гэта заявіў міністар абароны краіны Арвідас Анушаўскас пасьля таго, як стала вядома, што расейскія войскі застаюцца ў Беларусі.

Паводле Анушаўскаса, на гэты момант неабходны сродкі, каб хутчэй завяршыць угоды па набыцьці баявых бесьпілотнікаў і рэактыўных сыстэм залпавага агню.

«Відавочна, што бягучых рэсурсаў для завяршэньня працэсу куплі будзе бракаваць, таму ў бягучай сытуацыі я б прапанаваў выдзеліць неабходныя рэсурсы для гэтых паскораных пакупак», — цытуе міністра BNS.

Міністар адзначыў, што прэзыдэнт краіны і ўрад ужо праінфармаваны аб гэтай ініцыятыве Мінабароны. Цяпер у бюджэце выдаткі на абарону складаюць 1,2 млрд эўра.

Анушаўскас таксама плянуе папрасіць хаўрусьнікаў па NATO пакінуць нядаўна перакінутыя ў Літву сілы і сродкі на больш працяглы пэрыяд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік беларускага генштабу: «Расейскія войскі вернуцца дадому тады, калі ў гэтым зьявіцца аб’ектыўная неабходнасьць»

«Беларусь дэ-факта стала часткай Расеі»

Таксама Анушаўскас заявіў, што лічыць знаходжаньне расейскіх войскаў у Беларусі акупацыяй. На яго думку, у выпадку посьпеху меркаванага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну гэтыя сілы могуць быць накіраваны супраць Літвы і Польшчы.

«Мы з самага пачатку лічылі гэта акупацыяй Беларусі, і гэтыя сілы, якія ўвайшлі ў Беларусь, сыходзіць не зьбіраюцца. Беларусь дэ-факта стала часткай Расеі, засталося яе аформіць. Прысутнасьць сілаў — адна частка гэтага», — сказаў ён.

Аб тым, каб NATO разьмясьціла дадатковыя сілы ва Ўсходняй Эўропе з-за расейскіх войскаў у Беларусі заявіў таксама кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Ён адзначыў, што «Расея працягвае сваю агрэсію супраць Украіны». Акрамя таго, «расейскія войскі не сыходзяць зь Беларусі», канстатаваў кіраўнік латвійскага зьнешнепалітычнага ведамства.

У сувязі з гэтым, лічыць Рынкевічс, «трансатлянтычная супольнасьць павінна пачаць прымяняць санкцыі супраць Расеі, а NATO трэба разьмясьціць больш сіл у рэгіёне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнт ЗША: NATO ўмацуе саюзьнікаў «на ўсходнім флянгу» ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Аб працягу «праверкі сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы» заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін 20 лютага, у апошні дзень манэўраў «Саюзная рашучасьць – 2022». Паводле яго, такое рашэньне прынялі Пуцін і Лукашэнка ў сувязі з «нарастаньнем вайсковай актыўнасьці ля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ў Беларусі — назаўжды? Аналіз экспэртаў