Падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расеі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дысьлякацыі толькі тады, калі ў гэтым зьявіцца аб’ектыўная неабходнасьць, так выказаўся начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь генэрал-маёр Віктар Гулевіч на сустрэчы з вайсковымі аташэ.
«І калі мы гэта самі вызначым. Гэта выключна наша ўнутраная справа», — дадаў Гулевіч.
Ён сказаў, што ў немалой ступені гэта будзе залежаць ад заходніх краін.
«Сілы і сродкі, якія былі разьмешчаны ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, у тым ліку паблізу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, зьяўляюцца адным з фактараў, якія ўплываюць на далейшае разьвіцьцё сытуацыі. Таму Рэспубліка Беларусь мае права патрабаваць адводу створаных груповак войскаў ЗША і асобных краін – чальцоў NATO ад межаў Рэспублікі Беларусь і саюзнай дзяржавы і забясьпечыць кантроль вываду войскаў мерапрыемствамі вэрыфікацыі».
20 лютага пра тое, што Пуцін і Лукашэнка вырашылі працягваць вучэньні на беларускай тэрыторыі, заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю, у прыватнасьці, з боку Літвы. Міністар замежных спраў гэтай краіны назваў знаходжаньне расейскіх войскаў «паўзучай акупацыяй Беларусі».