На чужой вайне

Аляксандар Лукашэнка

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, заявіў, што хоць вучэньні закончыліся, тым ня менш расейкія войскі застануцца ў Беларусі. На няпэўны тэрмін.

Сьцісла:

  • Лёгіка «братэрскай інтэграцыі» натуральным чынам прывяла да таго, што Беларусь стала закладніцай расейскіх вялікадзяржаўных авантур.
  • На вачах расьсейваецца міт пра Лукашэнку як абаронцу і гаранта сувэрэнітэту дзяржавы.
  • Беларусь страчвае вайсковы сувэрэнітэт у абмен на падтрымку Расеяй таго варыянту ўтрыманьня ўлады, які Лукашэнка спрабуе рэалізаваць падчас канстытуцыйнай рэформы.
  • Выглядае, што «свабоднае волевыяўленьне народу» будзе праходзіць у прысутнасьці на тэрыторыі краіны замежных войскаў.

У беларускіх афіцыйных дакумэнтах, якія тычацца бясьпекі, зафіксавана, што ў «пагражальны пэрыяд» войскі Беларусі аб’ядноўваюцца з расейскімі і пачынаюць дзейнічаць пад адзіным камандаваньнем. Здаецца, цяпер такая сытуацыя настала. І гэтае камандаваньне знаходзіцца відавочна не ў Менску.

Мусіць, будзе лішнім задаваць пытаньне, як гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі? Бо адказ відавочны. Ня упэўнены нават, што гэта адпавядае асабістым інтарэсам самога Лукашэнкі. Лёгіка «братэрскай інтэграцыі» натуральным чынам прывяла да таго, што Беларусь стала закладніцай расейскіх вялікадзяржаўных авантур. І цяпер можа быць уцягнутая ў чужую вайну. Дарэчы, ніхто зь іншых краін-чальцоў АДКБ не падтрымлівае дзеяньні Расеі.

Здаецца, пытаньне вываду расейскіх войскаў зь Беларусі ўжо не залежыць ад афіцыйнага Менску. Таму патрапіў ў няёмкае становішча міністар замежных спраў Уладзімер Макей, які 16 лютага ўпэўнена казаў, што ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля вучэньняў. Але Пуцін вырашыў інакш. Так на вачах расьсейваецца міт пра Лукашэнку як абаронцу і гаранта сувэрэнітэту дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ў Беларусі — назаўжды? Аналіз экспэртаў

У былыя часы, пасьля чарговых перамоваў Лукашэнкі з Пуціным, якія, часьцей за ўсё заканчваліся чарговай порцыяй расейскіх субсыдыў, эспэрты задавалі пытаньне: а чым расплаціцца Менск? І рабілі прагноз, што за танны газ і новы крэдыт давядзецца плаціць саступкамі ў пытаньнях інтэграцыі. Аднак праходзіў час, і высьвятлялася, што Расея гатовая субсыдзіраваць Беларусь за сам факт геапалітычнай ляяльнасьці саюзьніцы. То бок працавала мадэль «газ у абмен на пацалункі».

І вось цяпер усё радыкальна памянялася. Беларусь на вачах страчвае вайсковы сувэрэнітэт. У абмен на што? Нейкіх асаблівых даброт з боку Расеі Лукашэнка падчас цяперашняга візыту ў Маскву не атрымаў. Пуцін прапанаваў Беларусі будаваць свой порт у Ленінградзкай вобласьці. Як можна зразумець, за беларускі кошт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. «У сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы»

Мяркую, галоўнае, што атрымаў Лукашэнку — гэта падтрымку таго варыянту ўтрыманьня ўлады, які ён спрабуе рэалізаваць падчас канстытуцыйнай рэформы. Думаю, невыпадкова Лукашэнка, адказваючы на пытаньне карэспандэнту «Коммерсанта» Андрэя Калесьнікава, прагаварыўся: «Што тычыцца, прабачце, майго прэзыдэнцтва, то вось мы цяпер са старэйшым братам параімся і вырашым!». Такім чынам вайсковы сувэрэнітэт краіны ў абмен на прэзыдэнцтва. Такі своеасаблівы палітычны бартэр.

Раней сытуацыя выглядала так: чым большая ступень сувэрэнітэту Беларусі, тым большая ўлада ў яе лідэра. Цяпер аб’ём ягонай улады залежыць ад маштабу расейскай падтрымкі, гэта значыць ад ступені залежнасьці ад РФ.

І апошняе. 27 лютага адбудзецца рэфэрэндум па Канстытуцыі. Выглядае, што «свабоднае волевыяўленьне народу» будзе праходзіць у прысутнасьці на тэрыторыі краіны замежных войскаў. Гэта нагадвае Крым 2014 году. Рэфэрэндум «под сенью дружеских штыков». Можа якраз гэтага і не хапала, каб канчаткова ператварыць яго у карыкатуру.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.