Гамбурскі музэй культуры і мастацтва сьвету ў Ротэнбаўме адкрыў выставу твораў былога каралеўства Бэнін, каб разьвітацца зь імі перад вяртаньнем экспанатаў у Афрыку. Першыя артэфакты вернуць у Нігерыю ўжо сёлета, піша сайт Development and cooperation.
На выставе дэманструюцца 179 гістарычных твораў мастацтва з бронзы, слановай косьці і дрэва, якія паходзяць з былога каралеўства Бэнін і належалі каралеўскай сям’і. Пасьля выставы іх вернуць разам з амаль 1000 дадатковых прадметаў з іншых нямецкіх музэяў.
Нігерыя ўжо шмат гадоў спрабавала вярнуць артэфакты на сваю зямлю. Дырэктар Нігерыйскай нацыянальнай камісіі па музэях і помніках Аба Іса Тыджані на адкрыцьці выставы спытаў: «Чаму мы павінны цярпець гэтую сур’ёзную памылку каляніяльнай эпохі?» Ён парадаваўся, што нарэшце творы мастацтва прыедуць на сваю радзіму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына патрабуе ад Расеі вярнуць культурныя каштоўнасьці. А Беларусь?Менавіта музэй у Гамбургу стаў першым, які пагадзіўся вярнуць творы, затым, як адзначыў нігерыйскі прадстаўнік, стала лягчэй весьці перамовы з іншымі музэямі.
Каралеўства Бэнін — дзяржава, якая існавала на тэрыторыі цяперашняй паўднёва-заходняй Нігерыі да 1897 году, пакуль не была заваяваная Брытанская імпэрыяй. Яна ня мае дачыненьня да сучаснай дзяржавы Бэнін, якую да 1975 году называлі Дагамеяй.
Артэфакты ствараліся ў розныя стагодзьдзі пры каралеўскім двары ў Эдо, сталіцы дзяржавы. Шляхта плаціла майстрам за адлюстраваньне важных падзей у гісторыі каралеўства. У складаных бронзавых скульптурах і разьбе са слановай косьці і дрэва яны фіксавалі пераемнасьць улады або ілюстравалі гандаль з партугальскімі маракамі. Большасьць экспанатаў паходзіць з 16-га і 17-га стагодзьдзяў. Дырэктарка музэю ў Ротэнбаўме Барбара Планкенштайнэр лічыць аб’екты «выбітнымі творамі мастацтва сусьветнага гістарычнага значэньня».
На выставе ў Гамбургу дэманструюцца таксама фатаграфіі, якія паказваюць працэс разрабаваньня твораў мастацтва з каралеўства Бэнін у канцы 19 стагодзьдзя. У 1897 годзе атрад брытанскіх салдат атакаваў горад з кулямётаў. Брытанская імпэрыя доўгі час імкнулася атрымаць свабодны доступ да гораду і яго гандлю — і зрынуць караля. Вайскоўцы ведалі аб існаваньні скарбаў і плянавалі іх разрабаваць, каб фінансаваць уварваньне. Ім гэта ўдалося. Неўзабаве пасьля гэтага творы зьявіліся ў Лёндане і Гамбургу. Усяго акупанты выкралі ад 3000 да 5000 аб’ектаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карціну Шагала «Партрэт бацькі» вернуць сваякам апошняга пакупніка