Прэзыдэнт ЗША адказаў на пытаньні журналістаў пасьля выступу. Паводле Байдэна, зьвесткі амэрыканскай выведкі паказваюць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне аб нападзе на Ўкраіну.
Пры гэтым Байдэн сказаў, што магчымасьці для дыпляматыі застаюцца, пакуль такога нападу не адбылося. На наступны тыдзень заплянаваная сустрэча міністра дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.
У прамове прэзыдэнт ЗША адзначыў, што за апошнія дні вырасла колькасьць нападаў на Ўкраіну з боку прарасейскіх сэпаратыстаў. Ён згадаў абстрэл сэпаратыстамі дзіцячага садка ва Ўкраіне.
Паводле Байдэна, Расея робіць фальшывыя заявы пра тое, што на Данбасе нібыта адбываецца генацыд з боку Ўкраіны і што Ўкраіна рыхтуе наступ. Ён лічыць, што Расея хоча скарыстаць правакацыі і рыхтуе фальшывае абгрунтаваньне для нападу на Ўкраіну. Пры гэтым, паводле яго, Украіна захоўвае стрыманасьць і не дазваляе Расеі ўцягнуць сябе ў вайну.
Расейскія войскі атачылі Ўкраіну — ад Беларусі да Чорнага мора, сказаў Байдэн, і ёсьць падставы лічыць, што Расея можа пачаць ваенныя дзеяньні ў найбліжэйшы тыдзень і нават найбліжэйшыя дні. Пры гэтым сцэнар нападу, паводле Байдэна, прадугледжвае атаку на Кіеў.
«Калі Расея ажыцьцявіць свае пляны, яна будзе адказная за катастрафічную і непатрэбную вайну з уласнага выбару», — сказаў прэзыдэнт ЗША
«Злучаныя Штаты разам з саюзьнікамі будуць падтрымліваць украінскі народ. Мы прыцягнем да адказнасьці Расею за яе дзеяньні. Захад аб’яднаны і рашучы. Мы гатовыя накласьці жорсткія санкцыі на Расею, калі яна ўварвецца далей ва Ўкраіну».
Адзін з журналістаў спытаўся пра ядзерныя вучэньні Расеі, якія маюць пачацца 19 лютага. Байдэн адказаў, што ён ня лічыць, што Пуцін разважае пра выкарыстаньне ядзернай зброі. Аднак, паводле прэзыдэнта ЗША, Пуцін хоча такім чынам паказаць сьвету, што ён здольны памяняць дынаміку бясьпекі ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскія баевікі другі дзень запар працягваюць абстрэлы на Данбасе. МАПАРаней Байдэн заяўляў, што ЗША гатовыя да любых сцэнараў — вядуць дыпляматычную працу і гатовыя, разам з саюзьнікамі, рашуча рэагаваць на магчымае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Ён казаў, што ў выпадку расейскай агрэсіі ЗША гатовыя адразу ж ужыць тыя санкцыі, ад якіх устрымаліся падчас анэксіі Крыму ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Foreign Policy: Расея падрыхтавала сьпісы для арыштаў і забойстваў ва Ўкраіне. Там ёсьць і беларусы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данбаскія сэпаратысты запісалі звароты аб эвакуацыі насельніцтва ў Расею за два дні да яе пачатку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны: Мы не плянуем наступальнай апэрацыі на Данбасе