Анархіст Мікіта Емяльянаў трэці тыдзень галадае за кратамі, ён адбыў 4,5 месяца ў карцары і ШЫЗА

Архіўнае фота. Мікіта Емяльянаў падчас суду. 12 лютага 2020 году

17 лютага стала вядома, што 3 лютага анархіст Мікіта Емяльянаў пачаў «сухую галадоўку». Празь дзесяць дзён ён пачаў піць ваду, бо ягоны стан моцна пагоршыўся. Аднак Емяльянаў адмаўляецца прымаць ежу дагэтуль.

Так палітвязень пратэстуе супраць кепскага стаўленьня да яго. З 18 студзеня ён у штрафным ізалятары, у яго знаходзяць усё новыя парушэньні рэжыму. Прыкладам, ён адмаўляецца прыбіраць дворык для прагулак за іншымі зьняволенымі, якія плююць, пакідаюць у ім недакуркі, бо пасьля сябе Мікіта пакідае двор чыстым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, што палітвязень Мікіта Емяльянаў галадае ўжо 14-ы дзень. 10 дзён ён ня піў ваду

Сёньня старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская падлічыла, колькі разоў Мікіту за час ягонага зьняволеньня каралі карцарам і ШЫЗА. Высьветлілася, што агулам у камэры для парушальнікаў рэжыму палітзьняволены правёў 4,5 месяца (больш за 130 сутак):

  • Верасень-кастрычнік 2021 — 42 сутак у ШЫЗА.
  • З 11 кастрычніка па 10 лістапада 2021 году — карцар за парушэньні правілаў унутранага распарадку (там ён трымаў 20-дзённую галадоўку).
  • 17 лістапада 2021 — 10 сутак ШЫЗА (прычына — нібыта адмовіўся выканаць патрабаваньне адміністрацыі прыбраць дворык для прагулкі).
  • Пасьля гэтага яшчэ 10 сутак ШЫЗА (прычына — нібыта ляжаў на падлозе ў камэры ізалятара) 7 сьнежня — яшчэ 10 сутак утрыманьня ў ШЫЗА (за нібыта міжкамэрную сувязь).
  • 17 сьнежня яго ня выпусьцілі з ШЫЗА, выйшаў толькі 25 сьнежня (усяго ў карцары ён правёў 38 дзён).
  • З 25 сьнежня — адзіночная камэра.
  • 17 студзеня 2022 году — 7 сутак ШЫЗА, адразу пасьля — яшчэ сем сутак, а затым 10 сутак.
  • 13 лютага — спагнаньне ў выглядзе 10 сутак ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень-анархіст Мікіта Емяльянаў зноў у ШЫЗА

Хто такі Мікіта Емяльянаў

Мікіта Емяльянаў вучыўся на 3 курсе БНТУ. Яго затрымалі ў кастрычніку 2019 году праз падазрэньне ў нападах на будынак Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў пратэстам супраць перасьледу палітвязьняў.

У сакавіку 2020 году Емяльянава асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня, у выніку апэляцыі пакараньне зьменшылі да 4 гадоў. Спачатку вязень адбываў тэрмін у Бабруйскай калёніі, дзе яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, потым як парушальніка рэжыму перавялі ў Магілёўскую крытую турму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над анархістам Емяльянавым за парушэньне рэжыму; яго выдалілі з залі