Летась улады і апазыцыя пачалі і неўзабаве спынілі дыялёг наконт выхаду з эканамічна-палітычнага крызісу. Расказваем, што з таго часу адбылося.
Але спачатку трохі гісторыі. Чаму там увогуле крызіс
Гісторыя Вэнэсуэлы ў XX стагодзьдзі — гэта вялікая колькасьць пераваротаў, дыктатарскіх рэжымаў і сацыяльна-эканамічных узрушэньняў. У такіх умовах краіна ня здолела стварыць трывалую дэмакратыю і пабудаваць пасьпяховую эканамічную мадэль.
Не выключэньне і апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў, калі ў краіне пачалі будаваць сацыялізм. Пачатак такога будаўніцтва абвясьціў папярэдні прэзыдэнт Уга Чавэс у 2002 годзе. Эксцэнтрычны дыктатар зьбіраўся кіраваць да 2030 году, але памёр у 2013-м. Працягнуў ягоную справу наступнік — Нікаляс Мадура. Ад Чавэса ён атрымаў ня толькі заданьне будаваць сацыялізм, але і вялізны дзяржаўны доўг — 70% ад ВУП, бюджэтны дэфіцыт — 13%, інфляцыю — больш за 50%.
Маштабныя сацыяльныя праграмы, якія распачаў Чавэс і якія сапраўды трошкі палегчылі жыцьцё людзей, былі згорнутыя, а краіну ўсё больш ахопліваў эканамічны крызіс. Каб супакоіць незадаволеных вэнэсуэльцаў, Мадура пайшоў на нетыповы крок — яго вайскоўцы захапілі супэрмаркеты і раздавалі тавары ўсім ахвотным. Пазьней ён нацыяналізаваў некаторыя гандлёвыя сеткі. Але людзі ўсё роўна не былі задаволеныя ягонай палітыкай і пачалі выходзіць на дэманстрацыі. Тады ён забараніў мітынгі, пачаў выдаваць дэкрэты, якія мелі моц закону, і запатрабаваў сабе больш паўнамоцтваў, каб вывесьці краіну з крызісу.
За 2018 год, на які прыпалі нечарговыя прэзыдэнцкія выбары і пачатак другога тэрміну Мадуры, інфляцыя, паводле Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы, склала 1 700 000%, валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравалі мільёны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозныя Беларусь і Вэнэсуэла?Як пачаўся палітычны крызіс
У 2015 годзе на парлямэнцкіх выбарах перамагла апазыцыя. Парлямэнт ператварыўся ў месца барацьбы з Мадурам. Але зрабіць апазыцыя змагла няшмат. Ідэя імпічмэнту правалілася, бо Вярхоўны суд пазбавіў некалькіх дэпутатаў мандату, і апазыцыя страціла неабходную большасьць.
Праз 3 гады Мадура абвясьціў сябе пераможцам на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах. Апазыцыя, якая байкатавала выбары, вынікаў не прызнала і абвясьціла сваю «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі. Прызналі Расея, Кітай і дробныя аўтарытарныя краіны.
На фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле 23 студзеня 2019 году старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль, агулам паўсотні краін.
Нікаляса Мадуру лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба, Мэксыка, Беларусь і некаторыя іншыя краіны. Мадура працягвае фактычна кіраваць краінай, яго падтрымліваюць сілавікі.
У 2020 годзе ў краіне адбыліся чарговыя парлямэнцкія выбары, але апазыцыя іх байкатавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захоўвайце адзінства». 10 урокаў Вэнэсуэлы для беларускай апазыцыіШто прымусіла ўладу пачаць дыялёг
Каб узмацніць ціск на ўрад Мадуры, ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі. Але летась кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў ЗША, Эўразьвязу і Канады заявілі пра гатоўнасьць перагледзець санкцыі, калі дыялёг з апазыцыяй прывядзе да значнага прагрэсу ў пытаньні аб правядзеньні свабодных і сумленных выбараў.
Ужо празь месяц Мадура заявіў пра намер пачаць дыялёг з апазыцыяй у жніўні ў Мэксыцы пры спрыяньні Нарвэгіі і выказаў надзею, што ЗША прымуць гэты працэс. Мадура заявіў, што хацеў, каб удзельнікі перамоваў сфакусаваліся на скасаваньні амэрыканскіх санкцыяў, накіраваных супраць фінансавага і нафтавага сэктараў. Апазыцыя прыняла гэтае запрашэньне і заявіла, што гатовая весьці перамовы з урадам Мадуры аб умовах прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў узамен на скасаваньне санкцыяў.
Першы раўнд перамоваў адбыўся ў жніўні. У іх браў удзел і Гуайдо. Пра вынікі афіцыйна не паведамлялася. Зь дзьвюх крыніц стала вядома, што галоўнымі вынікамі стала вызваленьне аднаго зь лідэраў апазыцыі Фрэдзі Гевары і абвешчаны ўдзел апазыцыі ў заплянаваных рэгіянальных выбарах у лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран і Вэнэсуэла дамовіліся аб абмене нафтапрадуктамі. Тлумачым, навоштаЧаму перамовы сарваліся
Але ўжо ў кастрычніку дэпутат ад Сацыялістычнай партыі Хорхэ Радрыгес, які ўзначальвае ўрадавую перамоўную групу, заявіў, што перамовы прыпыняюцца. Гэта адбылося пасьля таго, як Каба-Вэрдэ экстрадавала ў Злучаныя Штаты па абвінавачваньні ў адмываньні грошай калюмбійскага бізнэсоўца Алекса Сааба, якога вэнэсуэльскі ўрад называе цяпер сваім агентам.
Урад Вэнэсуэлы называў Сааба і чальцом сваёй перамоўнай групы на перамовах з апазыцыяй у Мэксыцы, хоць ён ня мог браць у іх удзел. Нюанс у тым, што пра гэта было заяўлена ажно ў верасьні 2021 году, калі ён ужо больш за год быў у турме. То бок улады Вэнэсуэлы прызначылі на перамовы чалавека, які на той час быў у турме па абвінавачаньні ў адмываньні грошай, напярэдадні яго экстрадыцыі.
Як у выніку прайшлі выбары
Напрыканцы лістапада мінулага году ў Вэнэсуэле адбыліся рэгіянальныя выбары. На іх выбіралі губэрнатараў 23 штатаў. У выбарах упершыню за 3 гады байкоту ўсіх электаральных кампаній удзельнічала апазыцыя. Паводле афіцыйных дадзеных, 19 з 23 штатаў дасталіся кандыдатам ад кіроўнай сацыялістычнай партыі, людзі Мадуры атрымалі большасьць месцаў і ў муніцыпалітэтах. Апазыцыя здабыла 4 мандаты.
Захад не прызнаў галасаваньне празрыстым. Мадура ў адказ абвінаваціў заходніх назіральнікаў у шпіянажы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хуан Гуайдо: «Сёньня мы з нашымі беларускімі братамі змагаемся за свабоду»Што з перамовамі цяпер і што з Гуайдо
Месяц таму Мадура заявіў, што спадзяецца на аднаўленьне перамоваў з апазыцыяй, якія сам і прыпыніў.
Тым часам апазыцыя паспрабавала зноў адхіліць яго ад улады, ініцыяваўшы рэфэрэндум аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў. Згодна з вэнэсуэльскай Канстытуцыяй такі плебісцыт можа быць праведзены пасьля заканчэньня паловы тэрміну. Але мясцовы ЦВК заявіў, што апазыцыя не сабрала патрэбнай колькасьці подпісаў, а апазыцыя, у сваю чаргу, абвінаваціла ЦВК у тым, што ёй далі на гэта мала часу. Прашэньне аб правядзеньні плебісцыту можа быць пададзена толькі адзін раз за тэрмін.
На наступны дзень пасьля гэтага Хуан Гуайдо заявіў аб зацікаўленасьці ў аднаўленьні перамоваў з уладамі рэспублікі, якія праходзілі раней у Мэксыцы і былі перапыненыя.
«Адмова ад аднаўленьня працэсу выкліча ўзмацненьне міжнароднага ціску на дыктатуру», — напісаў ён у Твітэры.
Палітык застаецца ў краіне. Яму забаронена выяжджаць за мяжу, праўда, часам яму ўдаецца выехаць ненадоўга. Паводле сацыялягічнага апытаньня цэнтру Datanálisis, падтрымка Гуайдо складае каля 15%, столькі ж вэнэсуэльцаў падтрымлівае Мадуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падзел апазыцыі аказаўся яе сілай». Што рабіла «Салідарнасьць», калі яе «закачалі ў асфальт», і як яна перамагла камунізмШто ўвогуле з Вэнэсуэлай
- Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў краіне маюць адбыцца ў 2025 годзе.
- У сувязі з унутранай сытуацыяй павялічылася міграцыя з Вэнэсуэлы ў іншыя краіны Лацінскай Амэрыкі. Агулам праз эканамічна-палітычны крызіс краіну пакінулі 6 мільёнаў чалавек. Летась колькасьць ахвотных пакінуць Вэнэсуэлу пачала расьці. З гэтай нагоды ўлады Чылі абвясьцілі надзвычайнае становішча і накіравалі на гэтым тыдні на паўночныя межы сотні вайскоўцаў, каб стрымліваць міграцыю з Вэнэсуэлы.
- Вэнэсуэла страціла права голасу ў ААН, бо не змагла выканаць абавязаньні па ўзносах у бюджэт арганізацыі.
- Вэнэсуэла мае найбуйнейшыя ў сьвеце разьведаныя запасы нафты — 17% сусьветных запасаў. Але ў сувязі з санкцыямі ЗША краіна страціла ня толькі доступ да многіх замежных рынкаў, але і магчымасьць разбаўляць сваю цяжкую нафту. Таму краіна вымушаная прадаваць яе па цэнах, значна ніжэйшых за рынкавыя. У выніку эканамічнага крызісу і санкцый нафтаздабыча Вэнэсуэлы ўпала да самага нізкага ўзроўню з 1944 г.
- Краіна адчувае востры дэфіцыт прадуктаў першай неабходнасьці, харчаваньня, лекаў, бэнзіну. Мінімальны заробак — 2,5 даляра ў месяц. Траціна насельніцтва — беспрацоўныя. Гуманітарную дапамогу ў Вэнэсуэлу пастаўляе нават Беларусь.
- Тым часам Нікаляс Мадура стварыў камісію для падліку шкоды ад «злачынстваў каляніялізму» з мэтай запатрабаваць ад шэрагу эўрапейскіх краін кампэнсацыі. Мадура раней неаднаразова крытыкаваў Гішпанію і патрабаваў ад яе ўладаў «выправіць гістарычную памылку і папрасіць прабачэньня ў мужчын і жанчын карэнных народаў, якія нішчыліся Гішпанскай імпэрыяй». Мадура абвясьціў пра намер перайменаваць усе вуліцы і іншыя грамадзкія прасторы, названыя ў гонар калянізатараў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі.