Паплечнікі Ўладзімера Мацкевіч атрымалі інфармацыю ад ягонага адваката. Мацкевіч расказаў адвакату:
«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасьля працэдуры была сустрэча са сьледчым, зь якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».
Галадоўка Ўладзіміра Мацкевіча і вялікая хваля грамадзкай салідарнасьці дазволіла дабіцца таго, што былі прыняты рашэньні і ягонай справе быў дадзены ход, заявілі ягоныя паплечнікі.
«Нягледзячы на пазытыўны зрух у справе, якой дабіўся Ўладзімер Мацкевіч, ня ўсе патрабаваньні на гэты момант выкананыя. Гэта патрабуе ад нас працягу дзеяньняў накіраваных на завяршэньне сьледзтва і перадачы справы ў суд».
З заявы, якую распаўсюдзілі праўладныя тэлеграм-каналы, вынікае, што акрамя артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Мацкевічу інкрымінуюць таксама частку 1 артыкула 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»). Раней пра гэта вядома не было, піша «Вясна».
16 лютага быў трынаццаты дзень з пачатку галадаваньня Ўладзімера Мацкевіча за кратамі, і другі дзень, калі ён адмовіўся ад вады.
Філёзаф і палітвязень Уладзімер Мацкевіч пачаў галадоўку ўвечары 4 лютага. Ён патрабаваў вызваліць яго з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе; растлумачыць, у чым яго вінавацяць, і прызначыць дату суду над ім.
З 15 лютага ён перайшоў на «сухое галадаваньне», перастаўшы і піць.
16 лютага ягоны стан моцна пагоршыўся, сталі нямець рукі і ногі, упаў ціск. Вязьні паведамілі пра гэта супрацоўнікам СІЗА, тыя выклікалі турэмных мэдыкаў. Мацкевічу паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны. Філёзаф ачуўся.
У сьвеце і ў Беларусі нарастала хваля салідарнасьці з Мацкевічам: з прычыны ягонай галадоўкі выказваліся вядомыя людзі, у беларускіх гарадах зьяўляліся надпісы і графіці ў падтрымку Мацкевіча. Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі заклікала неадкладна вызваліць вязьня з турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвеце нарастае хваля салідарнасьці з Уладзімерам Мацкевічам. Выказваюцца палітыкі, праваабаронцы, журналісты, навукоўцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч — 74 дні, Казулін — 53, Лосік — 42. Найгучнейшыя і пасьпяховыя галадоўкі ў гісторыі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаўка большая за жыцьцё». Што пісаў з турмы філёзаф Уладзімер Мацкевіч, які пачаў «сухую» галадоўкуХто такі Ўладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.
Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.
Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.
Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.
У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.
Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.
Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.
Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.
Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.