Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце нарастае хваля салідарнасьці з Уладзімерам Мацкевічам. Выказваюцца палітыкі, праваабаронцы, журналісты, навукоўцы


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Сытуацыя вакол сухой галадоўкі беларускага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, які сёмы месяц знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску, выклікае ўсё большую занепакоенасьць сусьветнай грамадзкасьці.

Уладзімер Мацкевіч галадае з 3 лютага. 15 лютага ён пачаў сухую галадоўку, бо ўлады ня выканалі ягоных патрабаваньняў. 16 лютага стан філёзафа рэзка пагоршыўся.

Спэцыяльны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў галіне правоў чалавека Эйман Гілмар напісаў:

«Уладзімір Мацкевіч трымае 13-ы дзень галадоўкі. Учора адмовіўся ад вады. Я заклікаю да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і вызваленьня ўсіх палітвязьняў, якіх цяпер 1061».

Крыс Аляксандар, канадзкі дыплямат і кансэрватыўны палітык, чалец Палаты грамадаў Канады з 2011 году і былы міністар грамадзянства і іміграцыі, таксама ў сваім твітэры выказаўся ў падтрымку Ўладзіміра Мацкевіча.

Да заклікаў вызваліць Уладзімера Мацкевіча і іншых палітвязьняў у Беларусі далучыўся і амэрыканскі палітоляг, дыплямат, былы амбасадар ЗША ў Расейскай Фэдэрацыі, прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Майкл Макфол.

Сусьветна вядомы філёзаф Фрэнсіс Фукуяма, які мае ў Twitter мільёны падпісчыкаў, зрабіў рэпост твіта Сьвятланы Ціханоўскай пра Ўладзімера Мацкевіча:

«Сытуацыя зь беларускім філёзафам Уладзімірам Мацкевічам (65) пагаршаецца. Сёньня, на 10-ы дзень галадоўкі супраць ягонага незаконнага арышту, ён пачаў сухую галадоўку. Для многіх галадоўка/пераразаньне венаў — гэта апошні сродак, каб прыцягнуць увагу да жорсткага абыходжаньня, беззаконьня ў турмах».

Аўстралійскі філёзаф, прафэсар біяэтыкі Прынстанскага ўнівэрсытэту Пітэр Сінгер заклікаў падтрымаць патрабаваньні Ўладзіміра Мацкевіча і падпісаць пэтыцыю ў яго абарону.

Грузінскі філёзаф і палітоляг Гія Нодыя таксама далучыўся да закліку падпісаць пэтыцыю ў абарону Ўладзімера Мацкевіча і напісаў :

«Учора вядомы беларускі філёзаф і грамадзкі дзеяч Уладзімер Мацкевіч, які знаходзіцца ў зьняволенні рэжыму Лукашэнкі, абвясьціў сухую галадоўку пасьля галадоўкі з 4 лютага.

Мацкевіч — вязень сумленьня. Ён вельмі сьмелы і мэтанакіраваны чалавек, ён заслугоўвае падтрымкі з боку ўсіх, хто дбае аб свабодзе і чалавечай годнасьці дзе б там ні было. Яго жыцьцё ў небясьпецы і яго трэба ратаваць.

Падпісаньне пэтыцыі з патрабаваньнем яго вызваленьня — гэта найменшае, што мы можам зрабіць. Калі ласка, далучайцеся да мяне ў гэтым».

Галоўны рэдактар Gazety Wyborczej Адам Міхнік пра Уладзіміра Мацкевіча заявіў наступнае:

«Я магу сказаць толькі так. Па-першае, выказваю вялікую павагу да сп. Мацкевіча за ягоную адвагу, яснасьць мысьленьня на тэму ўсяго таго, што адбываецца ў краіне дыктатуры, я захапляюся — мы ўсе сьведкі гэтага — беларускім рыўком да свабоды, гэта зьдзівіла многіх, і мяне ў тым ліку.

Я б яму параіў: Уладзімер, паспрабуй выкарыстоўваць турму, гэты страшны досьвед, для сябе. Яны жадаюць забраць у цябе кавалак жыцьця. Не дазволь ім. Выкарыстоўвай гэты час, каб пісаць, думаць, выдаваць новыя кнігі.

Я думаю, яны хочуць цябе зьнішчыць. Не дазволь сябе зьнішчыць».

Польская журналістка Агнешка Каміньска напісла ў сваім Фэсбуку:

«Гэта вельмі сымбалічная сытуацыя — беларускі філёзаф, мэтай якога было шукаць і фармаваць мысьленьне пра Беларусь і для Беларусі ў дзяржаве, саветызаванай Лукашэнкам і Пуціным, памірае ад голаду ў турэмнай камэры... Інтэлектуал выступаў супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй, шмат каго падштурхнуў да мысьленьня аб Беларусі і незалежнасьці краіны. Ён выступаў за фармаваньне незалежнай беларускай думкі. Ён знаходзіцца пад вартай са жніўня, арыштаваны неабгрунтавана, як і тысячы беларусаў».

Міжнародны ПЭН-клюб (PEN International) у спэцыяльнай заяве сьцьвярджае, Уладзімер Мацкевіч перасьледуецца за свае погляды і публікацыі, якія крытыкуюць беларускія ўлады. Арганізацыя пісьменьнікаў і журналістаў заклікала да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць яго.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG