Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook рэжысэр Барыс Гуц, заўважыў Reform. by.
«Акадэмікаў, якія галасуюць, я нахабна прашу зьвярнуць увагу на фільм і хаця б паглядзець — не на мяне, а, у першую чаргу, на працу актораў/акторак і апэратара (зьнята адным кадрам). Дзякуй!», — напісаў ён.
Сам Барыс Гуц як аўтар сцэнарыя і рэжысэр карціны заяўлены ў намінацыях «Найлепшая сцэнарная работа» і «Найлепшая рэжысэрская работа».
Выканаўцу галоўнай ролі Анастасію Шамякіну вылучылі ў катэгорыях «Найлепшая жаночая роля» і «Адкрыцьцё году». На ўзнагароду «Найлепшая мужчынская роля» намінавалі актора Аляксея Масладудава.
У намінацыі «Найлепшая мужчынская роля другога пляну» ад фільма заявілі Данііла Шклова. Юлія Аўг пазмагаецца ў катэгорыі «Найлепшая жаночая роля другога пляну». Юлію вылучылі на ўзнагароду ў гэтай намінацыі стваральнікі яшчэ дзьвюх карцін — «Купэ нумар шэсьць» і «Агутанга».
Апэратарку карціны Дар’ю Ліхачову заявілі ў адпаведнай намінацыі «Найлепшая апэратарская работа».
Ёханэс Вальдма (Johannes Valdma) і Дарʼя Літвінава прэтэндуюць на перамогу ў катэгорыі «Найлепшая праца мастака». Паліна Грэчка і Кятлін Хаак (Kätlin Haak) — у намінацыі «Найлепшы мастак па касьцюмах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азьвярэлая жорсткасьць людзей у форме не магла пакінуць мяне абыякавым». Рэжысэр Барыс Гуц расказвае пра фільм «MINSK»У намінацыі «Найлепшы мастацкі фільм» стужка «Minsk» будзе змагацца за перамогу з 46 прэтэндэнтамі. Сярод іх ёсьць яшчэ адзін фільм, які мае дачыненьне да Беларусі, — «Урокі фарсі» Вадзіма Перэльмана, які здымалі ў Беларусі.
Стужка Барыса Гуца расказвае пра першыя жнівеньскія пратэсты, якія адбыліся ў 2020 годзе ў Менску. Зьнятая адным кадрам, без мантажных склейваньняў, карціна імкнецца ўзнавіць адну ноч пратэставага горада.
«Паша і Юля, маладая сужэнская пара, выходзяць уначы з дому і апынаюцца ў гушчы пратэстаў мірнага насельніцтва. Будзённая прагулка абарочваецца сапраўдным пеклам, у якім нявінныя людзі становяцца ахвярамі паліцэйскага самавольства», — так гучыць анатацыя да фільма.
«Minsk» здымалі ў Эстоніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільёны праглядаў, прызы на фэстывалях, дакумэнтальныя і мастацкі. Чатырнаццаць фільмаў пра беларускія пратэсты