Як стала вядома Свабодзе, на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 ужо некалькі тыдняў трывае хваля захворваньняў на каранавірус. Вязьні хварэюць цэлымі камэрамі, хвароба не абмінае нават тых арыштантаў, якія чакаюць суду альбо пераводу ў калёнію ў адзіночных камэрах.
«Ігар напісаў мне, што захварэў неўзабаве пасьля нашага спатканьня ў сераду (2 лютага. — РС), — расказала жонка палітзьняволенага Ігара Лосіка Дар’я. — У іх хварэе ўся камэра. Я турбавалася, як ён там будзе гэта пераносіць. Праблем зь перадачай у СІЗА лекаў няма, але трэба рабіць гэта загадзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць». Мікола Статкевіч захварэў у СІЗА на каранавірусІнфармацыю пра тое, што ў СІЗА-3 Гомля ўспышка каранавірусу, Свабодзе пацьвердзілі родныя яшчэ некалькіх арыштантаў. У тым ліку жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. Па яе словах, Мікола захварэў, хоць чакае пераводу ў калёнію ў адзіночнай камэры. Як гэта магло адбыцца, ён ня ведае. Адміністрацыя СІЗА максымальна абмяжоўвае кантакты Статкевіча зь іншымі вязьнямі і аховай. На спатканьні і прагулкі яго выводзяць асобна, у калідорах складана сустрэцца нават з так званымі «баландзёрамі» — арыштантамі, якія разносяць іншым зьняволеным ежу.
Захварэў Статкевіч на пачатку лютага. Праз тыдзень хваробы яго стан пагоршыўся, і адміністрацыя СІЗА дазволіла вязьню ляжаць на нарах «адзіночкі» ўдзень, хоць паводле інструкцый у звычайных умовах гэта забаронена — арыштанты могуць альбо сядзець, альбо стаяць. Ляжаць можна толькі ад адбою да пад’ёму.
«Мікола таксама захварэў. Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць, — расказала Марына Адамовіч, якая была на спатканьні з мужам 11 лютага. — Але гэты пасьцельны рэжым у іх нейкі дзіўны. Ляжаць дазваляюць да восьмай гадзіны вечара, пасьля чаго ён павінен устаць, і да адбою класьціся нельга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмахТолькі паводле афіцыйнай статыстыкі, за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі было зафіксавана амаль 850 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам. Больш за 6 тысяч чалавек памерлі ад самой хваробы альбо ад яе наступстваў. Па стане на 16 лютага на каранавірус у Беларусі хварэлі больш за 8800 чалавек.
Пры гэтым былыя супрацоўнікі мэдустановаў Беларусі, у тым ліку тыя, што працавалі з каранавіруснымі хворымі, ня раз крытыкавалі афіцыйныя лічбы і сьцьвярджалі, што яны могуць быць моцна заніжаныя. Асобнай статыстыкі ні пра колькасьць хворых у месцах зьняволеньня, ні пра колькасьць вязьняў беларускіх турмаў і СІЗА, якія памерлі ад каранавірусу, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС не публікуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»Як расказалі Свабодзе родныя зьняволеных, у большасьці выпадкаў вязьні вымушаныя лячыцца самастойна лекамі, якія ім перадалі блізкія з волі. Хворых могуць адправіць на агляд да турэмнага лекара, аднак ён амаль заўсёды абмяжоўваецца самымі простымі працэдурамі — апытвае хворага, мерае яму тэмпэратуру, можа выдаць жарапаніжальныя.
Лекі для вязьняў, як і іншыя рэчы і прадукты, прымаюць у перадачах у вызначаныя дні, таму зьняволеныя загадзя клапоцяцца, каб мець іх запас. Нават тыя, хто на волі ніколі не хварэў.
16 лютага Ігар Лосік меў чарговае спатканьне з жонкай Дар’яй. Яна расказала, што муж пачуваецца ўжо больш-менш добра, аднак аднаўленьне пасьля хваробы яшчэ зойме час.
«Ігар расказаў, што быў час, калі вельмі дрэнна хадзілі лісты, не прыносілі кнігі і газэты, — расказала Дар’я Лосік. — Відаць, нехта з супрацоўнікаў СІЗА, зь бібліятэкі таксама хварэў. Ня толькі вязьні там пахварэлі. Там усе хварэюць. Сёньня Ігар сказаў, што ўжо больш-менш паправіўся. Але раней была высокая тэмпэратура, балела горла, слабасьць адчувалася. Слабасьць вельмі моцная. Ігар расказаў, што сіл не было нават на тое, каб адказаць людзям на лісты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я напісала першай». Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і ЛосікаўПа словах Дар’і Лосік, пасьцельнага рэжыму мужу так і не дазволілі. Ён жыў па звычайным рэжыме СІЗА. Лекаваўся мэдыкамэнтамі, якія меў раней у камэры. У асноўным парацэтамолам, лекамі ад горла. Аднаўляецца Ігар з дапамогай вітамінаў, якія таксама перадала жонка.
Што рабіць, каб дапамагчы сваім родным перанесьці каранавірус у зьняволеньні
1. Дапамагчы стварыць запас лекаў. Правілы перадачы мэдыкамэнтаў за краты адрозьніваюцца, у кожнай установе яны свае. Родныя зьняволеных СІЗА-3 Гомля расказваюць, што там працэдура выглядае найбольш складана. Арыштант спачатку павінен сам скласьці сьпіс неабходных яму лекаў, затым гэты сьпіс зацьвярджае турэмны лекар — кіраўнік мэдсанчасткі.
«Падпісаны сьпіс Ігар высылаў мне лістом, — расказала Дар’я Лосік. — А я ўжо ішла набываць усё гэта і перадавала яму пасьля ў СІЗА. Лекі толькі прымаюць у пэўныя дні. Але ў Жодзіне ўсё было іначай. Там ня трэба было зацьвярджаць сьпіс, лекі прымалі ў адзін вызначаны дзень».
2. Якія лекі лепш перадаваць? Па словах Дар’і Лосік, у першую чаргу трэба мець запас жарапаніжальных, лекаў ад галаўнога болю і болю ў горле. «Я мужа папрасіла напісаць дазвол на мэдыкамэнты яшчэ летам, таму нейкі запас у яго быў, — кажа Дар’я. — Я б параіла мець нешта жарапаніжальнае, прэпарат ад болю, асобна ад болю ў горле. Сродак, які дапамагае адхаркваць макроту. Простыя мэдыкамэнты хаця б, каб можна было неяк палепшыць свой стан падчас хваробы».
3. Сродкі для аднаўленьня. «Можна перадаваць вітаміны, — раіць Дар’я Лосік. — У СІЗА-3 Гомля раз на месяц прымаюць полівітаміны без папярэдняга ўзгадненьня. Я таксама перадавала асобна вітамін D, вітаміны групы В, асобна кальцый, асобна цынк. На ўсё гэта ўжо трэба быў дазвол турэмнага лекара».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаўка большая за жыцьцё». Што пісаў з турмы філёзаф Уладзімер Мацкевіч, які пачаў «сухую» галадоўку