Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», апошнія затрыманьні «палітвязьняў-хімікаў» зьвязаныя з чатам «Волейбол по выходным», які днямі быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Яшчэ ў студзені беларускія праваабаронцы паведамлялі, што супрацоўнікі КДБ наведалі «хіміі» — папраўчыя ўстановы № 17 у Гомлі, № 45 у Сушках, № 10 у Віцебску і іншыя. Палітвязьняў-«хімікаў» дапытвалі, забіралі ў іх для экспэртызы мабільныя тэлефоны.
14 лютага «экстрэмісцкім фармаваньнем» паводле рашэньня КДБ прызналі чат «Волейбол по выходным».
15 лютага беларускія праваабаронцы паведамілі, што:
- затрымалі былога палітвязьня Юрыя Касьцюка, які вызваліўся 6 студзеня,
- супрацоўнікі КДБ правялі вобшук і адвезьлі ў невядомым кірунку палітвязьня Станіслава Паўлінковіча, які знаходзіўся ў ПУАТ-39 у Крупках,
- у ПУАТ-49 у Шклове затрымалі Георгія Васіленку,
- у ПУАТ-45 сілавікі наведалі і дапыталі як сьведку па крымінальнай справе палітвязьня Левона Халатр'яна,
- перастаў выходзіць на сувязь палітвязень Віктар Пархімчык з ПУАТ-45, забралі тэлефоны ў вязьняў ПУАТ-49,
- а 16 лютага на «хіміі» ў Камянецкім раёне затрымалі палітвязьня Дзяніса Граханава, якога раней асудзілі за надпіс «Не забудзем» каля месца гібелі Тарайкоўскага.
Як адзначае «Наша Ніва», магчыма, з той жа справай зьвязаныя вобшукі па месцах прапіскі Аляксея Ліпеня і Марыны Касінеравай, якія супрацоўнікі КДБ правялі ў рамках справы па арт. 361-1 КК РБ «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім». Выданьне адзначае, што пакуль не валодае інфармацыяй, што было ў чаце «Волейбол по выходным», чаму ён стаў аб’ектам увагі сілавікоў.
«Экстрэмісцкімі фармаваньнямі» ў Беларусі ўжо прызнаныя шматлікія апазыцыйныя структуры, тэлеграм-каналы, чаты мікрараёнаў і паселішчаў і нават раней легальныя СМІ. Адпаведнае рашэньне прымае нават ня суд, а самі сілавыя структуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лютага: 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў, ператрус у маці Касінеравай за заклікі да санкцыяў