Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі выказаў пазыцыю беларускага боку, чаму пагоршыліся ўзаемаадносіны з Захадам.
Журналіст эстонскага радыё задаў пытаньне пра шматвэктарную палітыку Беларусі і адзначыў, што ад былой палітыкі застаўся толькі ўсходні кірунак.
— Ці вам не здаецца, што глябальная праблема ў адносінах Беларусі і Захаду — гэта спадар Лукашэнка, і ў вас ня будзе шанцу як у міністра замежных справаў выправіць сытуацыю з калектыўным Захадам, пакуль ва ўладзе ў Беларусі застаецца Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка?
Макей сказаў, што Беларусь заўжды праводзіла шматвэктарную палітыку і працягвае яе праводзіць. Ён падкрэсьліў, што «стратэгічным суседам, партнэрам, саюзьнікам, брацкай дзяржавай» застаецца Расея.
Міністар адзначыў, што ўзровень узаемадзеяньня з Эўразьвязам і калектыўным Захадам агулам зьнізіўся.
«Але гэта не па нашай віне», — дадаў ён.
Прычынай ён назваў пяць пакетаў заходніх санкцый супраць Беларусі.
Тое, што ў сытуацыі вінаваты Лукашэнка, Макей аспрэчыў. Ён лічыць, што праблема ўзаемаадносін — у неадэкватнай ацэнцы заходнімі партнэрамі таго, што адбываецца ўнутры і навокал Беларусі.
«Калі я чытаю інфармацыю пра брыфінг нейкага ананімнага прадстаўніка Дзярждэпу ЗША, я чытаю заявы кіраўніцтва суседніх краінаў Літвы, Латвіі, Польшчы, у мяне гэтыя заявы выклікаюць зьдзіўленьне. Я думаю, што адбылася нейкая... разгермэтызацыя мазгавой абалонкі ў заходніх палітыкаў, у выніку чаго яны абсалютна неадэкватна ацэньваюць сытуацыю», — выказаўся Макей.
Ён дадаў, што Беларусь гатовая да дыялёгу зь «цяжкімі партнэрамі» — краінамі Эўразьвязу, «але не з усімі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў. Лукашэнка казаў іначай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей адказаў, чаму на рэфэрэндум не запрасілі місіі АБСЭ