Спачатку «адмарозкамі», «дэгенэратамі», «тупіцамі», «пацукамі» і «палахлівымі шакаламі» прынята было называць толькі сваіх, мясцовых апазыцыянэраў, іншадумцаў — «унутраных ворагаў», так бы мовіць.
Але вельмі хутка падобная лексыка ўсё часьцей пачала гучаць у адрас увогуле ўсіх, хто наважваецца пярэчыць палітыцы Лукашэнкі, незалежна ад нацыянальнай і дзяржаўнай прыналежнасьці, дыпляматычных стандартаў і маральных нормаў. І асабліва дастаецца суседнім краінам.
Што могуць прачытаць ці паслухаць пра сябе суседзі Беларусі, уключыўшы дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне ці зайшоўшы на сайты дзяржаўных газэт? (Тут і далей — цытаты, узятыя зь нядаўніх перадач дзяржаўнага тэлеканала СТВ і публікацый прэзыдэнцкай газэты «СБ. Беларусь сегодня»):
Пра Ўкраіну
«Пиратский Бандеростан». «Страна нищего, вымирающего народа и гордонов у власти».
«Вам назначили нового гауляйтера. Комика и шута, кривляющегося клоуна, который не выполнил ни одного своего обещания. Который дальше ведет Украину в пропасть. Который готов продать ее кому угодно, уже и Турции, и Британии».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стаў «гаварушчым тварам» расейскай прапаганды, — украінская экспэрткаПра Польшчу
«Мерзопакостная, подлейшая, гниющая сущность польских подсвинков».
«Хамский бесстыдный смех пшеков в лицо детям, умоляющим о глотке воды. Ляхи, с огнем играете. Или вы думаете, что никто не знает, что именно вы и организовали кризис, эту гуманитарную катастрофу? Пшеки, уймитесь».
«Ну натуральные же дебилы! В прямом смысле этого слова».
Пра Літву
«Возьмите Гитанаса Науседу. Или Габриелюса Ландсбергиса. Или Линаса Линкявичюса. Они тупые, к прискорбию всех „лесных братьев“... Вторые в гонке за чемпионством по тупости».
«30 лет после распада Советского Союза там по улицам ходили нацисты, СС, все остальные эти недобитки. Мы получили то, что получили — новое поколение выросло. Эсэсовцев. Это с гитлерюгенда латвийского и эстонского, и литовского мы все это получили».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш прэзыдэнт — Плятон, Арыстотэль і Гегель сучаснасьці». Калі ў Менску зьявіцца бронзавая статуя Лукашэнкі?Карт-блянш на хамства
І вось суседзі ўсё гэта выслухалі, прачыталі, паглядзелі (вышэйпрыведзеныя цытаты, я спраўджваў, шырока разышліся па нацыянальных мэдыя Літвы, Польшчы і Ўкраіны). І як можна пасьля ўсяго гэтага разьлічваюць на нейкае больш-менш спакойнае суіснаваньне з суседзямі (а тым больш на сяброўства)? Так сябе паводзяць хіба тады, калі разьлічваюць, што гэтых суседзяў вось-вось ня стане. Ну ці калі сам аўтар абразаў і зьняваг ня сёньня-заўтра памяняе месца жыхарства.
Пры гэтым сьпісаць усё на самадзейнасьць прэсы ці на некантраляванасьць журналістаў не атрымаецца: усе суседзі выдатна ведаюць, якая ў Беларусі сытуацыя са свабодай друку. Дзяржаўная прапаганда — пад жорсткім кантролем рэжыму. І ўсё, што прамаўляецца прапагандыстамі з гэтых трыбунаў, зусім слушна ўспрымаецца за мяжой як афіцыйная пазыцыя ўладаў.
Уявіце, што нешта падобнае адбываецца дзе-небудзь у вашай вёсцы ці ў дачным каапэратыве. Якое можа быць стаўленьне да гаспадара, які дазваляе сабе такое ў адносінах да суседзяў па сядзібах? У лепшым выпадку зь ім перастануць размаўляць і вітацца, ня кажучы ўжо пра запрашэньне ў госьці. У горшым — адгародзяцца высокім глухім плотам. І тое, і другое, і трэцяе ў дачыненьні Беларусі ўжо адбываецца. Калі Лукашэнка апошні раз быў зь візытамі ў сталіцах суседніх дзяржаў (апроч Масквы)? Ягоны шыкоўны прэзыдэнцкі «Боінг» пераважна прастойвае ў менскім аэрапорце. Мала таго, што Беларусь цяпер аблятаюць. Дык і самому лятаць няма куды... І ці толькі блізкіх суседзяў гэта датычыць? Вось нядаўна паспрабаваў Лукашэнка ў такой жа звыклай для сябе паблажліва-грэблівай манеры павыхоўваць ды павучыць розуму яшчэ і Армэнію, і Ўзбэкістан — нібыта найбліжэйшых саюзьнікаў па АДКБ ды СНД... Дык цяпер невядома, калі і ў Ерэван ды Ташкент запросяць.
Адкуль усё гэта зьявілася? Хто даў дзяржаўным прапагандыстам карт-блянш на хамства, лаянку, зьнявагі?
Зазначу, што нават у таталітарным СССР такое немагчыма было ўявіць. Так, у тыя часы прынята было ганьбіць амэрыканскі імпэрыялізм і агрэсіўную сутнасьць NATO, асуджаць хцівага «дзядзьку Сэма» і кпіць з амаральнасьці «дзялкоў з Уол-стрыт». Але паспрабаваў бы хто дапусьціць зьнявагі і прыніжэньні ў дачыненьні да асобы канкрэтнага палітыка, ня кажучы ўжо пра хамскія выказваньні пра цэлы народ, краіну, дзяржаву. Любы рэдактар у любым дзяржаўным савецкім выданьні і блізка не дапусьціў бы падобнага. Зьнявагі ці кпіны з чалавека на нацыянальнай глебе — гэта ня толькі парушэньне маральных нормаў, гэта яшчэ і рызыка трапіць пад крымінальны перасьлед.
Падобныя ж прынцыпы дзейнічалі і ў савецкай дыпляматыі. Так, стылістыка МЗС СССР, якое ўзначальваў беларус Андрэй Грамыка, вызначалася казённасьцю, закрытасьцю, упартасьцю, незгаворлівасьцю. Але ня хамствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А што, калі і праўда заўтра вайна?Не выбіраючы слоў і выразаў
Відавочна, прапаганда пры дыктатуры найперш арыентуецца на густы і ўзровень палітычнай культуры першай асобы. Калі Лукашэнка называе сваіх палітычных апанэнтаў адмарозкамі, то чаму прапагандыстам не назваць іх дэгенэратамі? Калі Лукашэнка дазваляе сабе ахарактарызаваць прэзыдэнта суседняй краіны безгаловым, то чаго зьдзіўляцца, што ўсьлед за ім таго называюць у беларускай дзяржаўнай прэсе блазнам? Прапагандысты чуйна рэагуюць на тую моду, якая пануе «пры двары», на стыль і пажаданьні «самога», на ягоную лексыку і рыторыку. Тое, што менавіта такая мадэль яму блізкая, прызнаў сам Лукашэнка, назваўшы зорку дзяржаўнай прапаганды Азаронка «нашим глашатаем», узнагародзіўшы яго мэдалём і прызначыўшы разам з пракурорам Швэдам у камісію, якая павінна будзе караць апазыцыянэраў, якія «прыпаўзуць на каленях прасіць прабачэньня».
З другога боку, новую стылістыку задае Масква — расейская прапаганда, якая таксама паступова страчвае берагі і маральныя абмежаваньні. Цяжка нават сказаць, хто каго пераймае і хто ў каго вучыцца. І лексыка, і стылістыка, і танальнасьць вельмі падобныя — што ў расейскай прапагандысткі Скабеевай, што ў беларускага Азаронка. Як і агульны стан нораваў, маральнасьці ўлады.
І ўжо ня надта зьдзіўляесься, калі расейскі пасол у Швэцыі Віктар Татарынцаў публічна, у інтэрвію газэце, рэзюмуе, што ў Расеі «ср*лі на санкцыі Захаду». Аляксандра Калантай, першая савецкая амбасадарка ў Стакгольме, якая калісьці скарыла скандынаваў сваім арыстакратызмам, тонкім веданьнем дыпляматычнага этыкету і валоданьнем паўтузінам эўрапейскіх моў, напэўна, перавярнулася ў труне. Ну але што гаварыць: новая генэрацыя расейскіх дыпляматаў імпэратарскіх гімназіяў не канчала і ў Цюрыхскім унівэрсытэце не вучылася.
Мне цяжка ўявіць, што гэтыя самыя людзі пасьля ўсяго, што яны нарабілі і нагаварылі, змогуць наладжваць з суседзямі дружалюбны і паважлівы дыялёг, аднаўляць сяброўства, езьдзіць адзін да аднаго ў госьці. Хто ж іх запросіць? Хто пагодзіцца сесьці за адзін стол?
Зрэшты, як сьведчыць гісторыя, радыкалізацыя прапаганды адбываецца звычайна тады, калі дыктатарскі рэжым, які яна абслугоўвае, знаходзіцца на заключным этапе свайго існаваньня. Так было, напрыклад, з дыктатарскім рэжымам Чаўшэску ў канцы 80-х. Ці з гітлераўскім рэжымам у 1944-1945. Ідучы на дно гісторыі, гэтыя пэрсанажы звычайна не абцяжараныя маральнымі нормамі і абавязкамі і не выбіраюць слоў і выразаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.