У неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіКу зьявілася відэа з 59-гадовай выхавальніцай дзіцячага садка, якая, як сьцьвярджаецца ў нарэзцы, «распаўсюджвала ўлёткі з заклікам да байкатаваньня рэфэрэндуму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу.
Ці сапраўды крымінальную справу могуць завесьці толькі за ўлёткі з заклікам байкатаваць рэфэрэндум ці рабіць бюлетэні несапраўднымі? Свабода спытала пра гэта ў юрыста. Папраўдзе, простага адказу на гэтае пытаньне не існуе.
Артыкул не абстрактны, а рэальны
«Цяпер у органаў унутраных спраў такі вялікі арсэнал артыкулаў, што могуць прымяняць супраць людзей, якія вызнаюць іншадумства, у тым ліку ідуць супраць рэфэрэндуму, што можна творча падыходзіць да гэтага пытаньня», — сказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці вядомы юрыст, спэцыяліст у выбарчым праве.
Ён нагадвае, што артыкул 191 «Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме... або працы ЦВК...» існуе ў Крымінальным кодэксе даўно. Тым ня менш экспэрт называе яго даволі «экзатычным».
«На маёй памяці да практычнага прымяненьня гэты артыкул прыйшоў толькі ў 2020 годзе, калі справу завялі на Сяргея Ціханоўскага. Ініцыявала гэта асабіста тагачасная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая на адным з паседжаньняў дала юрыдычную ацэнку, што ёй пагражаюць фізычным гвалтам», — расказвае юрыст.
Суразмоўца кажа, што менавіта з гэтага моманту артыкул 191 КК стаў не абстрактным, а абсалютна рэальным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За агітацыю супраць рэфэрэндуму СК завёў крымінальныя справы. Адзін зь фігурантаў — брат Паўла ЛатушкіЦі законна ставіць два крыжыкі?
У канцы студзеня Сьвятлана Ціханоўская і іншыя лідэры апазыцыі прэзэнтавалі ў Вільні сваю стратэгію ўдзелу ў рэфэрэндуме. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў ісьці на ўчасткі і ставіць у бюлетэні адразу два крыжыкі — пад варыянтамі аб старой і новай вэрсіі Канстытуцыі. Ці законныя такія дзеяньні?
Артыкул 47 Выбарчага кодэксу забараняе ў перадвыбарчай агітацыі прапаганду вайны, заклікі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, абразы і паклёп у адрас службовых асобаў, кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама заклікі з падахвочваньнем да зрыву, ці адмены, ці пераносу выбараў і рэфэрэндумаў.
«Што тут важна? Чалавек мае права не паставіць у бюлетэні ніводнага знаку ў ніводным квадраціку ці паставіць два знакі ў двух, і такі бюлетэнь будзе несапраўдны. Калі чалавек такое зрабіў, то ніякай адказнасьці ён несьці ня будзе.
Але вось арганізатары палітычнай кампаніі за зрыў, адмену ці перанос рэфэрэндуму могуць падпасьці пад гэты артыкул Выбарчага кодэксу. Калі казаць проста, то ставіць два крыжыкі — гэта не парушэньне заканадаўства, але заклікаць ставіць два крыжыкі — парушэньне. Толькі сам Выбарчы кодэкс не зьмяшчае адказнасьці для асобаў, якія яго парушаюць. Гэтая адказнасьць ёсьць у Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах», — кажа юрыст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыйныя сілы заклікалі беларусаў рабіць несапраўднымі бюлетэні на рэфэрэндуме. ВІДЭАЗа заклікі да байкоту — адміністрацыйнае пакараньне
На думку экспэрта, артыкул 191 КК сфармуляваны досыць падрабязна, але пры гэтым дазваляе творчыя інтэрпрэтацыі.
«Там гаворыцца пра перашкоду ажыцьцяўленьню грамадзянінам права вольна выбіраць і быць выбраным, удзельнічаць у рэфэрэндуме, весьці агітацыю, перашкоду працы ЦВК „шляхам гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам“.
І вось гэтыя „іншыя спосабы“ нясуць самыя розныя варыяцыі. Пры наяўнасьці творчага падыходу скляпаць крымінальную справу нават зь дзеяньняў, якія нібыта не падпадаюць пад гэты артыкул, дастаткова проста. Крымінальную справу могуць таксама завесьці не на канкрэтнага чалавека, а па факце парушэньня, і ў другім выпадку ў ёй можа праходзіць у якасьці абвінавачаных і падазраваных вялікая колькасьць людзей, калі нават яны лічылі, што іхная дзейнасьць не падпадае пад дадзены артыкул Крымінальнага кодэксу», — кажа адмысловец.
Апроч Крымінальнага кодэксу, ёсьць і адміністрацыйны артыкул, датычны выбарчых правоў.
«Туды трапляюць парушэньні, якія не перашкаджаюць правядзеньню выбараў і рэфэрэндумаў, а хутчэй зьяўляюцца тэхнічнымі. Напрыклад, газэта не надрукавала сьпісы сяброў выбарчых камісій, як робіцца цяпер, — гэта адміністрацыйнае парушэньне. Пад гэты артыкул падпадае і агітацыя за няўдзел у выбарах, то бок за байкот. Адказнасьць паводле артыкулу — штраф да 15 базавых велічыняў. Гэты артыкул не зусім мёртвы, ён некалькі разоў прымяняўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску сябры выбарчай камісіі агітавалі за рэфэрэндум. Гэта забаронена законамРаспаўсюд улётак аб рэфэрэндуме — крымінальнае злачынства?
Калі гаварыць пра ўлёткі, дзе апісваецца канкрэтны мэханізм дзеяньняў на рэфэрэндуме, дык тут усё вельмі няпроста і адназначнага адказу няма, кажа адмысловец.
«Калі гаварыць у юрыдычным рэчышчы і абстрагавацца ад палітычнай сытуацыі, то дзейнасьць кампаніі з „двума крыжыкамі“ для шараговых удзельнікаў азначала б адміністрацыйны перасьлед. Але гэта мая вэрсія, а ня вэрсія ГУБАЗіКу. Калі за ўлёткі сапраўды будуць крыміналкі, то гэта будзе азначаць працяг лініі на абмежаваньне выказваньняў, абцінаньне свабоды слова», — кажа юрыст.
На яго думку, адвакаты затрыманых, магчыма, будуць інтэрпрэтаваць дзеяньні сваіх падабаронных як адміністрацыйнае парушэньне, але і тут ёсьць нюансы.
«Калі чалавек проста напіша ў інтэрнэце: „Давайце рабіць бюлетэні несапраўднымі“, то яго будзе вельмі цяжка прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Калі ж гэта будуць цэнтралізаваныя ўлёткі ў рамках нейкай палітычнай кампаніі, то адкруціцца ад крымінальнага перасьледу будзе няпроста», — падсумоўвае экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК і МЗС адказалі праваабаронцу Левінаву, чаму беларусам за мяжой нельга ўдзельнічаць у рэфэрэндумеКанстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».