Навіны палітвязьняў: ад Юрыя Кавалёва два месяцы не прыходзяць лісты; Паўла Вінаградава паставілі на ўлік

Юры Кавалёў з унучкай

Родныя палітвязьня Юрыя Кавалёва з Чачэрску два месяцы не атрымліваюць ад яго лістоў.

Ад Юрыя Кавалёва два месяцы не прыходзяць лісты

Як паведамляе сайт «Гомельская вясна» са спасылкай на сваякоў Юрыя Кавалёва, да яго ў калёніі ў Ваўкавыску прымяняюцца «ўзмоцненыя меры пакараньня». Палітвязень быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар (ШЫЗА), а затым на месяц — у памяшканьне камэрнага тыпу.

«Апошні ліст ад яго быў у 20-х днях сьнежня. Тэлефанаваць туды няма сэнсу. Начальніку ліст напісалі. Адказу пакуль няма», — паведамілі сваякі.

Кавалёў у пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ўдзельнічаў у агітацыі за кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую. За некалькі дзён да выбараў, 3 жніўня 2020 году, яго затрымала міліцыя і асудзіла на 15 сутак арышту, якія ён адбываў у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Міліцыя праводзіла ператрусы ў ягоных сваякоў. У пасьлявыбарны пэрыяд — са жніўня 2020-га па сакавік 2021 году — Кавалёў адбыў каля 100 сутак у ІЧУ за «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы», адзначаюць праваабаронцы. Правапарушэньні праяўляліся ў тым, што ён вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг ці насіў адзеньне з сымболікай.

Вясной 2021 году пры праходжаньні мэдыцынскай камісіі для атрыманьня пасьведчаньня кіроўцы Кавалёў на прыёме ў псыхіятра нэгатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Псыхіятар паінфармавала міліцыю. На Кавалёва завялі крымінальную справу паводле арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта).

22 ліпеня 2021 году суд Буда-Кашалёўскага раёну ў закрытым рэжыме прысудзіў мужчыну год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Кавалёў знаходзіўся ў СІЗА № 3 у Гомлі, затым яго этапавалі ў папраўчую калёнію № 11 у Ваўкавыску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст выказаўся пра Лукашэнку на прыёме ў псыхіятра, скончылася крымінальнай справай

Паўла Вінаградава паставілі на яшчэ адзін улік

Палітвязень Павал Вінаградаў цяпер пастаўлены на ўлік як «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». Такое рашэньне прыняла адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе сядзіць грамадзкі актывіст. Палітвязень у канцы студзеня правёў 7 дзён у ШЫЗА.

Раней Вінаградава ўжо ставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці».

Паўла затрымалі 22 сьнежня 2021 году. Яго абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулащ: 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 387 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Паўла Вінаградава прызналі «схільным да экстрэмізму», музыкантак з Irdorath перавялі ў гомельскую турму

Палітвязьня Рамана Смолькіна пераводзяць з «хіміі» ў калёнію

47-гадоваму палітзьняволенаму Раману Смолькіну, якога асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за абразу экс-намесьніка начальніка салігорскай міліцыі, зьмянілі пакараньне на больш жорсткае. Адміністрацыя ПУАТ запісала ў парушэньні рэжыму «хіміі» спазьненьне Рамана на лекцыю, сон пад нарай, адмову ад прыборкі. 14 лютага па рапартах адбыўся суд, які пастанавіў накіраваць палітвязьня ў калёнію за парушэньне рэжыму папраўчай установы. За гэта Смолькіна асудзілі да 9 месяцаў калёніі.

«Прыцемкі згушчаюцца на досьвітку. Калі ласка, паглядзіце стары савецкі мультфільм пра доктара Айбаліта, там дзе кракадзіл Наша Сонца праглынуў. Запэўніваю Вас, усё так і будзе, як Карней Чукоўскі прадказаў», — напісаў Раман у адным зь нядаўніх лістоў на волю.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах