Чаму заходнія краіны эвакуююць супрацоўнікаў сваіх амбасадаў з Кіева? Чаму амэрыканскія вайскоўцы кажуць, што Расея выйграе вайну ва Ўкраіне за 72 гадзіны? Якімі могуць быць палітычныя наступствы гіпатэтычнай вайны, калі яна адбудзецца?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі эканаміст, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постындустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў.
- Я думаю, што вайны ня будзе, я гэта гавару даўно. Яе проста ня можа быць, таму што для Пуціна рызыкі вайны занадта вялікія.
- Што тычыцца Захаду, то мне здаецца, што падзеі апошніх тыдняў выглядаюць як улагоджваньне Масквы.
- Заявы пра вайну, якая мае пачацца неўзабаве, паходзяць выключна з ЗША. Эўрапейскія палітыкі шматкроць казалі, што яны невысока ацэньваюць імавернасьць вайны. У той жа час амэрыканскі друк, блізкі да Дэмакратычнай партыі, увесь час піша пра тое, што Расея можа ўварвацца ва Ўкраіну кожны дзень.
- Захад, і найперш ЗША, ціснуць зараз ня столькі на Маскву, колькі на Кіеў, каб ён рэалізаваў Менскія пагадненьні ці адмовіўся ад уступленьня ў NATO. Захаду гэты канфлікт непатрэбны, ён сябе адчувае ў ім няўтульна.
- Эўрапейскія палітыкі і вайскоўцы ня кажуць, што Ўкраіна будзе разгромленая за два ці тры дні. Але пра гэта гавораць амэрыканскія вайскоўцы. Амэрыканцы гуляюць з Пуціным у адну гульню, каб зьняць яго заклапочанасьці і ў пэўнай ступені Ўкраіну здаць.
- Мне падаецца, што палітыка Байдэна палягае ў гэтым. Яму патрэбны вынік, нейкае палагоджаньне сытуацыі, зь якім ён выйдзе да выбарнікаў у лістападзе. Папулярнасьць дэмакратаў падае імкліва, і Байдэну патрэбны нейкі посьпех.
- Вайна посьпехам ня можа быць. Яна выкліча вялікія праблемы і спародзіць шмат праблемаў з саюзьнікамі ў Эўропе. І ён хоча пераканаць украінцаў, што саступкі зь іх боку непазьбежныя.
- Я мяркую, што ўкраінская армія стала за апошнія гады значна мацнейшай. Пастаўкі ўзбраеньняў Украіне — сродак захаваньня твару. Калі вы кажаце, што Ўкраіна ня сябра NATO, амэрыканскія войскі ва Ўкраіне ня зьявяцца (а гэта гаварылася шмат разоў), то што вы можаце зрабіць для краіны, якая кажа, што яна прыхільная заходнім каштоўнасьцям і стрымлівае расейскую агрэсію?
- Сказаць, што хай украінцы вырашаюць свае праблемы самі? Гэта пазыцыя Fox News і ўсіх трампісцкіх СМІ. Яны кажуць — нам напляваць, як расейцы разьбіраюцца з украінцамі. Падыход дэмакратаў іншы — яны кажуць, што могуць дапамагчы Ўкраіне вырашаць яе праблемы. І пастаўкі ўзбраеньняў — гэта мінімальнае, што яны могуць зрабіць. Але і больш яны рабіць ня будуць.
- Зяленскі не вырашае ўсе пытаньні ва Ўкраіне. У Пуціна няма ўяўленьня пра тое, што кіраўнік дзяржавы можа быць абмежаваны ў нейкіх сваіх рашэньнях. Ён лічыць, што кожны лідэр можа прымаць якія заўгодна рашэньні за сваю краіну. І амэрыканцы яму падыгрываюць.
- Магчыма, калі Зяленскі паддасца ціску, ва Ўкраіне будуць народныя хваляваньні. Але ў Маскве лічаць, што калі Зяленскага скінуць, то горш ня будзе. А Вашынгтону абыякава.
- Павелічэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі цалкам імавернае. З улікам палітычнага становішча Лукашэнкі і з улікам пагаршэньня эканамічнага становішча ў Беларусі яму ўвесь час будуць указваць яго месца. Пасьля 2020 году Лукашэнка робіцца расейскай марыянэткай з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць.
- Павелічэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі ня вельмі будзе турбаваць амэрыканцаў. Яны больш заклапочаныя кібэрзлачыннасьцю і кібэршпіянажам. Там больш відавочна, што сёньня Расея на краіны NATO нападаць ня будзе.
- У амэрыканскім друку сур’ёзныя аналітыкі пішуць, што варта было б мець добрыя адносіны з Расеяй. Бо нішто іншае так не пагражае бясьпецы ЗША, як збліжэньне Расеі з Кітаем.
- Калі вайна будзе, то яна не абмяжуецца зьнішчэньнем сыстэмы СПА. Захоп любога буйнога ўкраінскага гораду будзе суправаджацца велізарнай колькасьцю ахвяраў. Мы памятаем, які быў рэзананс вайны на Бальканах. А гэтая вайна будзе значна больш маштабная. Санкцыі будуць у любым выпадку, і вельмі сурʼёзныя. І яны ўдараць па Пуціну наўпрост.
- Гэтая вайна будзе доўгая, ні пра якую перамогу за тры дні гаворкі ня будзе. Калі вайна будзе доўгая, гэта паставіць пад сумнеў усю сыстэму Пуціна. Вайна ва Ўкраіне ў Расеі непапулярная. Вайна можа прывесьці да краху ўлады Пуціна.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.