Урад Беларусі абмежаваў вываз некаторай гародніны і садавіны. Разьбіраемся, навошта

З 7 лютага ўрад Беларусі абмежаваў вываз яблыкаў, белакачаннай капусты і цыбулі.

Раней улады ўвялі ручное рэгуляваньне цэнаў на гэтыя прадукты. А яшчэ раней яны значна падаражэлі.

З студзеня па сьнежань мінулага году капуста падаражэла ўтрая, цыбуля — у 1,3 раза, яблыкі — на 7,5%.

Ці шмат гэтых прадуктаў экспартавалі раней?

Летась капусты зь Беларусі экспартавалі на 23,6 мільёна даляраў, асноўны пакупнік — Расея. Цыбулі за год экспартавалі толькі на 4 тысячы даляраў, яблыкаў — на 14,1 мільёна даляраў, асноўны і адзіны пакупнік — Расея.

«Забарона на вываз — бо ў іншых краінах не абмяжоўваюць цэны»

Паводле старшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, вываз прадуктаў абмежавалі, бо ў іншых краінах на іх не абмяжоўваюць цэны, то бок яны могуць там быць даражэйшыя.

«Сэнс у тым, што ў Беларусі цэны на гэтыя тавары абмежаваныя, а ў іншых краінах — не. Напрыклад, у нас капусту можна прадаць за 2 даляры, а ў Расеі, напрыклад, за тры. Пры такой сытуацыі ў вытворцаў лягічна ўзьнікае жаданьне прадаць тавар даражэй. Гэта адна зь мераў, якія могуць уводзіцца разам з абмежаваньнем цэнаў», — тлумачыць Леў Львоўскі.

Пры гэтым такая мера працуе толькі ў кароткай пэрспэктыве, а ў доўгай пэрспэктыве — шкодзіць.

«Калі зараз забароняць вывозіць, то ў вытворцаў няма іншага выйсьця, як прадаваць па ніжэйшых цэнах. Аднак для пэрспэктывы — гэта дрэнна. Вытворцы на наступны год могуць зрабіць меншымі пасадкі капусты, бо прадаваць яе нявыгадна», — кажа Леў Львоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буракі — плюс 60%, бульба — плюс 35%. Як даражэюць прадукты, цэны на якія кантралюе дзяржава

«Гэта ўдарыць па фэрмэрах»

Такая абмежавальная мера найперш закране фэрмэраў, якія страцяць прыбытак празь нізкія цэны, кажа Леў Львоўскі.

«Фэрмэры панясуць страты і на наступны год зробяць высновы, будуць саджаць тое, што не падпадае пад кантроль. Летась цэны і так пачалі расьці — гэта адно з наступстваў каранавірусу. У Беларусі і ня толькі мінулы год быў ня вельмі ўраджайны, гэтыя праблемы абмяркоўваліся і ў Расеі», — кажа Леў Львоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год — мінус 57 кіляграмаў сьвініны, плюс пяць квіткоў у кіно. Як бяднеюць беларусы, мераем у прадуктах

Што да практыкі абмяжоўваць рост цэнаў і вываз, то яе трэба прымяняць вельмі кропкава, на нейкі адзін прадукт.

«Гэта здараецца ў экстраных выпадках. Цэны ж растуць таму, што менавіта ў гэтым годзе не ўрадзіла канкрэтная культура. Часьцей у сучасным сьвеце ў такой сытуацыі праводзяць палітыку субсыдыяваньня, каб ня крыўдзіць, напрыклад, фэрмэраў, якім трэба закупляць насеньне на наступны год. А ў Беларусі цэны стрымліваюцца яшчэ і з прычыны спробаў змагацца з інфляцыяй старажытнымі мэтадамі», — кажа Леў Львоўскі.