У пераліку тавараў, якія кантралюе дзяржава, 29 прадуктаў, названых «сацыяльна значнымі таварамі». Цэны на гэтыя прадукты мусяць зьмяняцца мінімальна, а з сакавіка 2021 году — ня больш як на 0,2% за месяц. Параўноўваем цэны на гэтыя тавары на пачатку году і ў канцы, паводле Белстату.
Садавіна і гародніна
Найбольш за мінулы год падаражэла гародніна. Напрыклад, капуста ў студзені 2021 году каштавала 0,65 рубля за кіляграм, а ў сьнежні гэтага ж году — ужо 1,82 рубля, рост амаль утрая.
Буракі падаражэлі на 60%, бульба — на 35%, морква — на 29%. А вось яблыкі за гэты час патаньнелі на 7,5%.
Мяса
Сьвініна (апроч мяса бяз косткі) са студзеня па сьнежань падаражэла на 20%, у студзені кіляграм каштаваў 7,34 рубля, а ў сьнежні 9,21 рубля. Кураціна падаражэла за гэты час на 16,2%.
Ялавічына (апроч мяса бяз косткі) у студзені мінулага году каштавала 9,17 рублёў, а ў сьнежні — 9,07 рубля. Патаньнела на 1,1%.
Малочныя прадукты
Малако са студзеня па сьнежань мінулага году падаражэла на 11,4%: у студзені літар каштаваў 1,55 рубля, а ў сьнежні — 1,75 рубля.
Кефір за гэты час падаражэў на 6,9%, сьмятана — на 4,2%, тлусты тварог — на 6,1%, цьвёрды сыр патаньнеў на 0,3%.
Хлеб
Чорны хлеб са студзеня па сьнежань падаражэў на 11,6%, у студзені бохан каштаваў 1,89 рубля, а ў сьнежні — 2,14 рубля.
Батон за гэты час прыбавіў у цане 8,44%.
Крупы, макарона
Мука пшанічная са студзеня па сьнежань мінулага году стала даражэйшаю на 1,5%, ячныя крупы падаражэлі на 3%, аўсяныя шматкі — на 4,4%. Вэрмішэль за гэты час вырасла ў цане на 7%.
Дзіцячае харчаваньне, яйкі, цукар
Кашы для дзіцячага і дыетычнага харчаваньня са студзеня па сьнежань патаньнелі на 3,6%, цукар патаньнеў на 1%. Курыныя яйкі за гэты час падаражэлі на 3%.