«У сувязі з вайсковымі вучэньнямі». Беларусы расказваюць, як іх не пусьцілі ва Ўкраіну

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У кіеўскім аэрапорце

11 лютага беларусы, якія ехалі ці ляцелі ва Ўкраіну, сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі на мяжы. Іх ці не пусьцілі ва Ўкраіну, ці пільна надглядалі і задавалі шмат пытаньняў.

Беларуску Ўльляну, якая жыве ў Вільні, сёньня ўкраінскія памежнікі не пусьцілі ў Кіеў. Яна прыляцела рэйсам Ryanair зь Вільні ў Кіеў, каб забраць там свае рэчы. Дзяўчына да лета 2021 году жыла ў Кіеве, мела часовы від на жыхарства.

«У кіеўскім аэрапорце паўзь мяне прайшоў памежнік са стосам беларускіх сініх пашпартоў. Неўзабаве і мой пашпарт апынуўся ў гэтым стосе. Нас, беларусаў, адвялі ўбок, памежнікі нас „ахоўвалі“, іх было шмат, недзе каля сарака. Сказалі чакаць. У кабінэт выклікалі па адным. Задавалі шмат пытаньняў, часта абсурдных.

Малады беларус сказаў, што прыляцеў да дзяўчыны. Яны патрабавалі сумеснае фота зь ёй, яе дадзеныя. Усё гэта фатаграфавалі і здымалі на відэа. У людзей пыталіся: на чым вы паедзеце з аэрапорту ў Кіеў? Чаму на аўтобусе, а не на электрычцы? Чаму вы ня ведаеце, на чым адсюль можна ехаць? У мяне начальніца тая пыталася, чаму я сама прыехала па рэчы, чаму мае сябры мне іх не паслалі», — расказала Ульляна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся спадарожнікавыя здымкі дыслякацыі расейскіх войскаў каля Гомля. ФОТА

Яна кажа, што стаўленьне было «непрыемнае» — беларусаў не выпускалі нікуды, не давалі вады, сказаўшы: «Гэта вам ня крама». Урэшце начальніца зь ліку памежнікаў паведаміла Ўльляне, што яна прыняла рашэньне не пускаць яе ва Ўкраіну.

«Бо нібыта я недастаткова даказала свой матыў прыезду. Я прасіла, што магу даказаць дастаткова. Але яна сказала, што ня будзе са мной абмяркоўваць гэта. Прапанова такая: або я лячу сёньня назад у Вільню за свой кошт, ці праз два дні — за кошт авіякампаніі. Мяне правялі ў зону транзыту. Там такая своеасаблівая атмасфэра, папраўдзе. Ні вады, ні ежы; спаць, відаць, трэба на падлозе, гучыць усходняя музыка... Можа, я палячу сёньня за свой кошт», — дадала Ўльляна.

У тэматычных групах Telegram пра паездкі ці пераезд ва Ўкраіну зь Беларусі пішуць, што пільны надгляд беларусаў зьвязаны з вайсковымі вучэньнямі.

«Адмаўляюць тым, хто выклікаў падазрэньні. Хутчэй за ўсё, у іх ёсьць нейкі плян. Вучэньні да 20 лютага. Бяз панікі», — напісала ўкраінская кампанія, якая дапамагае беларусам з выездам на аздараўленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя зь Беларусьсю зьмянілася радыкальна». Шрайбман і Марозаў пра вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»

Чытач Свабоды сёньня сутыкнуўся зь пільнай увагай да беларусаў з боку ўкраінскіх памежнікаў, калі ехаў аўтобусам у Львоўскую вобласьць на аздараўленьне.

«Агулам праходзілі ўкраінскую мяжу шэсьць гадзін. Часткова прычына была ў тым, што перад намі былі яшчэ іншыя аўтобусы, доўга іх правяралі. Але таксама, пачынаючы з 22 гадзіны 10 лютага, ва ўкраінскіх памежнікаў зьявіліся інструкцыі больш пільна размаўляць з турыстамі зь Беларусі. У нашым выпадку ўсе мужчыны маладога і сярэдняга ўзросту па адным заходзілі ў кабінэт на мяжы, дзе памежнікі задавалі пытаньні: зь якой мэтай едзеце ва Ўкраіну, ці маеце нейкае дачыненьне да вайскоўцаў, кім працуеце, калі апошні раз былі ва Ўкраіне, ці прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці», — паведаміў беларус.

Ён кажа, што ў ягоным выпадку гутарка адбывалася ў даволі нэўтральным тоне, «нейкай агрэсіі я не адчуваў з боку памежнікаў».

«Падлеткі-мужчыны, а таксама мужчыны сталага веку іх не цікавілі зусім, жанчыны таксама, зь імі яны не размаўлялі ўвогуле. Пасьля была стандартная працэдура пашпартнага кантролю, з сэртыфікатамі аб вакцынацыі і ПЦР-тэстамі, і ў выніку нас упусьцілі ва Ўкраіну», — кажа суразмоўца.

Пазыцыя памежнай службы Ўкраіны

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне Свабодзе патлумачылі, што памежнікі дзейнічаюць на падставе ўкраінскага заканадаўства.

«Памежнікі кіруюцца выключна нормамі заканадаўства, якое вызначае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, у тым ліку і для замежнікаў», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

На пытаньне, чаму некаторых грамадзян Беларусі запісвалі на відэа і фатаграфавалі або капіявалі дакумэнты, Андрэй Дземчанка дадаў:

«Гэта адбываецца, калі ёсьць неабходнасьць правесьці дадатковыя захады кантролю. Гэтая норма таксама выконвалася і раней. Гэта таксама прапісана ў заканадаўстве».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не ўдакладнілі, ці зьвязаныя больш пільныя захады кантролю грамадзян Беларусі з правядзеньнем супольных расейска-беларускіх вучэньняў на тэрыторыі Беларусі.

«Мне невядомыя абставіны кожнага замежніка, які перасякае дзяржаўную мяжу, у тым ліку і ўсіх грамадзян Беларусі. Але ў заканадаўстве адзначаецца, што замежнікі маюць пацьвердзіць мэту свайго падарожжа, мець наяўную неабходную суму грошай, што таксама прапісана заканадаўствам. І калі памежнікам неабходна, яны могуць праводзіць дадатковыя захады для ўдакладненьня дэталяў мэты паездкі замежнікаў ва Ўкраіну. І гэта датычыць ня толькі беларусаў, а ўсіх замежнікаў».

У час эпідэміі, паводле пастановы ўкраінскага ўраду, замежнікі, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, для ўезду ва Ўкраіну павінны мець поліс абавязковага страхаваньня, а таксама адмоўны вынік ПЛР-тэсту на COVID-19 або сэртыфікат аб вакцынацыі.

Апроч таго, замежныя грамадзяне павінны пацьвердзіць дастатковае фінансавае забесьпячэньне свайго знаходжаньня ва Ўкраіне з разьліку 43 780 грыўняў на месяц (1 даляр = 28,02 грыўні). Пры гэтым у пастанове ўкраінскага ўраду адзначаецца, што памежнікі могуць правяраць фінансавае забесьпячэньне выбарачна.

Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браняваньне гатэлю ці жыльля, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне.

Офіс Ціханоўскай: «Празь дзеяньні рэжыму да беларусаў пачынаюць ставіцца як да магчымых акупантаў і ворагаў»

У Офісе Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтавалі сёньняшнюю ўзмоцненую праверку беларусаў пры перасячэньні мяжы з Украінай.

«Нам пацьвердзілі, што зараз узмоцненыя меры кантролю на ўезд ва Ўкраіну з прычыны вайсковых вучэньняў, якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі з удзелам войскаў РФ.

Офіс падкрэсьлівае, што празь дзеяньні рэжыму да беларусаў пачынаюць ставіцца як да магчымых акупантаў і ворагаў. Усё гэта адбываецца празь Аляксандра Лукашэнку, які на сёньняшні дзень сам ня можа гарантаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны, прэзыдэнтам якой ён быў», — гаворыцца ў заяве.

У Офісе паведамілі, што знаходзяцца на сувязі з МЗС Украіны па гэтым пытаньні і «робяць усё магчымае, каб разьвязаць гэтую сытуацыю».

Калі яшчэ былі абмежаваньні

Украіна толькі аднойчы ўводзіла абмежаваньні на ўезд на сваю тэрыторыю замежнікам-мужчынам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, і тады яно тычылася выключна грамадзян Расеі. Гэта адбылося ў 2018 годзе ў час ваеннага становішча, абвешчанага пасьля канфлікту ў Керчанскай пратоцы.

За час ваеннага становішча ў 2018 годзе Ўкраіна адмовіла ва ўезьдзе 12 мужчынам-беларусам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, але афіцыйнай прычынай такога рашэньня тады таксама называлі тое, што яны не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі.

Украінскія памежнікі больш пільна правяралі замежнікаў, у тым ліку і грамадзян Беларусі, летась у час правядзеньня супольных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021».