Пра гэта паведамляе сайт «Вясны».
Запыт ураду быў дасланы яшчэ 7 верасьня адмысловымі дакладчыкамі па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — Анаіс Марэн, па становішчы праваабаронцаў — Мэры Лолар, па заахвочваньні і абароне права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне — Ірэн Хан, і па праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый — Клеман Вуль.
У запыце шэраг пытаньняў тычыўся затрыманых праваабаронцаў і чальцоў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча, Андрэя Палуды, Сяргея Сыса, Алены Лапцёнак, Віктара Сазонава, Алега Мацкевіча, Алеся Капцкага, Андрэя Мядзьведзкага, затрыманых 14 ліпеня 2021 году, а таксама каардынатаркі валянтэрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай, затрыманай 17 верасьня 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца году — Марфа Рабкова, журналіст году — Дзяніс Івашын. Назвалі ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавекаУ афіцыйным адказе з боку ўладаў Беларусі адзначаецца, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы і абвінавачаныя па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу, у дачыненьні да іх была абраная мера стрыманьня — заключэньне пад варту, а ўтрымліваюцца яны ў СІЗА ў адпаведных з устаноўленымі патрабаваньнямі ўмовах, іх правы, у тым ліку на камунікацыю з адвакатамі, выконваюцца.
«Улады забясьпечылі ўдзел абаронцаў у правядзеньні працэсуальных дзеяньняў, якія, згодна зь беларускім заканадаўствам, павінны праводзіцца зь іх удзелам... У орган крымінальнага перасьледу не паступала скаргаў аб тым, што абаронцы не дапускаліся да ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях... Расьсьледаваньне праводзіцца ў адпаведнасьці з законам. Крымінальны перасьлед вышэйзгаданых асобаў заснаваны выключна на ўчыненых імі супрацьпраўных дзеяньнях і не зьвязаны зь іх грамадзка-палітычнымі поглядамі або працай па прасоўваньні правоў чалавека», — гаворыцца ў адказе беларускіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч 200 дзён у турме, Рабкова — 500. Як маюцца «вясноўцы» за кратамі?«Спадарыня Рабкова падазраецца ва ўчыненьні на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаваў крымінальных злачынстваў, якія караюцца паводле заканадаўства Беларусі, незалежна ад прафэсійнай або грамадзкай дзейнасьці дадзенай асобы. Канчатковая прававая ацэнка дзеяньняў спадарыні Рабковай будзе дадзеная па выніках расьсьледаваньня» — адзначаецца ў адказе беларускага ўраду на запыт адмысловых дакладчыкаў ААН.